Механічны трубач Магіслаў на магілёўскай Ратушы ў “Ноч музеяў” 15 мая загаворыць чалавечым голасам. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў яго стваральнік, наглядчык гарадскога гадзінніка-курантаў Генадзь Галоўчык.
Механічны трубач зараз не толькі будзе з’яўляцца з боем курантаў на балконе Ратушы і граць фанфары, але і зможа расказаць аб сваім стварэнні, аб гісторыі плошчы Славы, сваіх марах, а таксама сваіх ўражаннях і назіраннях – бо яму значна больш відаць з вышыні птушынага палёту. Да прыкладу, мала хто ведае, што за пяць стагоддзяў плошча некалькі разоў мяняла свае назвы: Гандлёвая (16 стагоддзе), Губернатарская (18 стагоддзе), Савецкая (20 стагоддзе). У генпланах забудовы горада 30-х гадоў мінулага стагоддзя яна значыцца як плошча Свабоды і Перамогі.
“Мы пастараліся зрабіць уражанні Магіслава жывымі і яркімі. Гэта не будзе завучаны тэкст, напоўнены мноствам дат і лічбаў. Гэта будзе гісторыя, прапушчаная праз успрыманне хлапчука-музыкі, яго погляд на свет і знакавыя для горада на Дняпры падзеі”, – сказаў Генадзь Галоўчык . Магіслаў будзе гаварыць голасам свайго стваральніка на роднай беларускай мове, праўда, запісаным у іншай танальнасці, каб адпавядаць юным гадам трубача. А прыводзіць у дзеянне акустычны механізм, размешчаны ў яго корпусе, будзе спецыяльная кнопка. У перспектыве – гэта будзе цэлая клавіятура і Магіслаў зможа гутарыць на розныя тэмы.
“У тым, што пагутарыць з музыкам захочуць турысты, няма ніякага сумневу. Экскурсія да яго за апошні час стала вельмі папулярнай сярод гараджан і гасцей. Да таго ж усім даецца магчымасць выйсці на балкон Ратушы і палюбавацца відамі старажытнага горада з дапамогай магутнага панарамнага бінокля” , – сказаў дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.
Акрамя прэзентацыі гаворачага Магіслава ў гэтую ноч у музеі запланаваны і іншыя цікавыя мерапрыемствы. Да прыкладу, прафесар Ігар Марзалюк раскажа пра гісторыю знойдзенага нядаўна пад Мсціславам унікальнага рыцарскага даспеха 15 стагоддзя, адбудзецца прэзентацыя кнігі “Дзіўныя паведамленні пра езуітаў у Беларусі” (пераклад арыгінальнага выдання 1786) з онлайн-удзелам перакладчыка Алега Лісоўскага (Аугсбург, Германія). Наведвальнікаў таксама чакае канцэрт гарадскога духавога аркестра. Характэрна, што экскурсійнае абслугоўванне будзе весціся ў касцюмах эпохі Магдэбургскага права.
Сяргей Кулягін, БелТА