“Мела мамка тры сыночкі”: гісторыя сям’і Іваноўскіх

У Язэпа Лёсіка ёсць крытычны артыкул “Паўночныя Балканы”, у якім аўтар разважае пра лёс нацый — нашчадкаў колішняй Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. На напісанне таго артыкула яго натхніў аднайменны матэрыял французскага публіцыста Вільяма Мартэна, у якім аўтар засцерагаў вялікія дзяржавы ад стварэння дзяржаў невялікіх паміж Германіяй і Расіяй — “паўночных Балкан”. На двары стаяў пераломны 1918 год.

Асноўны аргумент Мартэна палягаў у тым, што немцам не варта паўтараць папярэдніх памылак, прызнаючы малыя народы, такія як Літва, Беларусь, Украіна, што жадаюць атрымаць незалежнасць. Маўляў, усе гэтыя народы так перамяшаныя паміж сабою, але разам з гэтым маюць такія супярэчлівыя інтарэсы, што пасля і праблем не абярэшся. Адзіная краіна, якую варта прызнаць, — Польшча. З гэтым ўсё ясна: Польшча — краіна даўняя, з вялікай гісторыяй і трывалай нацыянальнай ідэнтычнасцю.

На Балканах такая мешаніна існуе і цяпер, калі паўднёвыя славяне пасля крывавых войнаў жывуць кожны ў сваёй хаце. У мінулым годзе ў Чарнагорыі адзін мясцовы жыхар са смешным для беларускага слыху імем Боян, распавядаў мне, што ў іх у адной сям’і адзін сын можа лічыць сябе сербам, другі чарнагорцам, а бацькі, захоўваючы вернасць запаветам таварыша Ціта, — югаславамі. У Беларусі цяпер такога не сустрэнеш, але ў часы Язэпа Лёсіка і Вільяма Мартэна гэта не было экзотыкай. Яскравы прыклад — сям’я Вацлава Іваноўскага, беларускага грамадскага дзеяча, доктара тэхнічных навук, хіміка, якому сёлета споўнілася б 135 гадоў.

Справа ў тым, што ў сям’і Іваноўскіх было чатыры сыны, два з якіх мелі польскую ідэнтычнасць, а два — беларускую і літоўскую. Але ў гэтым артыкуле мы згадаем толькі трох, якія пакінулі значны адбітак у памяці трох народаў колішняй Рэчы Паспалітай.

Старэйшы сын Ежы лічыў сябе палякам, быў добра знаёмы з Юзафам Пілсудскім і неаднаразова займаў міністэрскія пасады ва ўрадзе Другой Рэчы Паспалiтай. Сярэдні Вацлаў лічыў сябе беларусам і ўсё жыццё працаваў на карысць сваёй Бацькаўшчыны. Малодшы, Тадэвуш Іваноўскі, больш вядомы, як Tadas Ivanauskas, лічыў сябе літоўцам, вучыўся ў Пецярбургу і Парыжы, а пасля зрабіў бліскучую кар’еру навукоўца-біёлага. Калі будзеце ў Коўне, абавязкова завітайце ў заалагічны музей яго імені — не пашкадуеце.

Вацлаў Іваноўскі нарадзіўся 7 чэрвеня 1880 года ў маёнтку Лябёдка, які знаходзіцца ў цяперашнім Шчучынскім раёне, а ў тыя часы гэта быў Лідскі павет Віленскай губерні. Скончыў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. З 1904 года займаўся навуковай і выкладчыцкай работай у сталіцы Расійскай імперыі.

Акрамя навукі ён актыўна цікавіўся і займаўся палітыкай, выдавецкай дзейнасцю. У пачатку 1906 года ўзначаліў створаную ім разам з аднадумцамі ў Пецярбургу культурна-асветніцкую суполку “Загляне сонца і ў наша аконца”. Асноўнай фармальнай мэтай стварэння суполкі было збліжэнне асобаў беларускага паходжання і пашырэнне сярод іх беларускай мовы. Насамрэч арганізатары мелі на мэце выданне і распаўсюд беларускай літаратуры, што ў той час было забаронена. Вацлаў Іваноўскі добра падыходзіў на ролю кіраўніка суполкі, бо ўжо меў досвед нелегальнай выдавецкай справы. Разам з гэтым Іваноўскі супрацоўнічае з газетамі “Наша доля” і “Наша ніва”.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Вацлаў Іваноўскі пачаў актыўна займацца палітыкай. Іваноўскі браў удзел у Першым Усебеларускім з’ездзе ў Мінску. На той момант, як і многія іншыя актыўныя беларусы, ён звязвае вырашэнне пытання беларускай дзяржаўнасці з нацыянальнай праграмай бальшавікоў.

Калі абвясцілі Беларускую Народную Рэспубліку, Вацлаў Іваноўскі заняў пост міністра асветы ў яе ўрадзе. У снежні 1918 года, пасля адступлення нямецкіх войск, застаўся ў Мінску разам з той часткай Рады БНР, якая спадзявалася на стварэнне кааліцыйнага ўрада БССР з удзелам камуністаў і сацыял-дэмакратаў. У траўні наступнага года яго арыштавалі савецкія ўлады. Былы міністр быў інтэрнаваны ў Смаленск. Пасля вызвалення Вацлаў Іваноўскі вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў загадчыкам літаратурна-выдавецкага аддзела Мінскага губернскага камісарыята асветы Літоўска-Беларускай ССР.

Расчараваўшыся ў 1919 годзе ў ідэі супрацоўніцтва з бальшавікамі, Іваноўскі пачынае супрацоўніцтва з палякамі. Спрабуе рэалізаваць ідэю стварэння федэрацыі Польшчы і Беларусі, якая на той час была актуальнай. Іваноўскі займае пасады пры польскай адміністрацыі і нават удзельнічае ў перамовах, асноўная мэта якіх — не дапусціць разрыву Беларусі паміж Польшчай і савецкай дзяржавай. Разам з гэтым займаецца і культурніцкай справай – выдае літаратурны штотыднёвік “Рунь”.

Пасля Рыжскага міру, які разарваў Беларусь на два кавалкі, Іваноўскі адыходзіць ад актыўнай палітыкі і вяртаецца да навуковай дзейнасці. Выкладае ў Варшаўскім політэхнічным інстытуце і Віленскім універсітэце.

З пачаткам Другой сусветнай вайны, а потым і Вялікай Айчыннай, Іваноўскі вяртаецца да актыўнага палітычнага і грамадскага жыцця. За немцамі ён узначальвае Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні. А ў 1942 годзе прызначаецца акупацыйнымі ўладамі на пасаду бургамістра Мінска. Акрамя гэтага Іваноўскі з’яўляецца старшынёй Беларускай рады даверу пры адміністрацыі Вільгельма Кубэ і Беларускай народнай самапомачы. У снежні 1943 года на Іваноўскага быў здзейснены замах, у выніку якога ён загінуў. Кадры з цырымоніі яго пахавання можна без праблемаў адшукаць у сеціве: Кальварыйскія могілкі, юнакі ў форме СБМ, бела-чырвона-белыя сцягі. Такім быў канец чалавека, які надзвычай шмат зрабіў у маладыя гады для нацыянальнага беларускага Адраджэння.

Сям’я Іваноўскіх — добры прыклад таго, як памыляліся (і памыляюцца цяпер!) людзі кшталту французскага журналіста Вільяма Мартэна, што адмаўляюць у самастойнасці цэлым дзяржавам і нацыям. Як бы ім ні хацелася, такія дзяржавы будуць з’яўляцца і паўставаць, пакуль будуць людзі, гатовыя іх ствараць і змагацца за іх волю.

Канстанцін Касяк