Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Мёрскім раёне. Частка другая

Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Сёння наведаем Мёрскі раён Віцебскай вобласці. Прапануем наступны маршрут: Дзісна — Дарожкавічы (гіст. Дарошкавічы) — Галомысла — Язна — Мёры — Лявонпаль — Вята — Пруднікі — Ідолта — Асада-Дзедзіна — Ніўнікі — Пераброддзе — Камянполле — Кублішчына — Новы Пагост — Стэфанова — Ельня. Тут нас чакаюць старасвецкія палацы, унікальныя прыклады сакральнай архітэктуры, прыродныя помнікі, асаблівае верхавое балота Ельня, адзіны ў Беларусі вадаспад на рацэ Вята, паромная пераправа праз Дзвіну і процьма іншых цікавостак. У сённяшняй частцы маршруту наведаем вёску Язна і колішні маёнтак Дарошкавічы.


1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Язна

Наступнай кропкай нашага маршруту па Мёрскім раёне прапануем зрабіць вёску Язна, якая ўпершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца ў 1475 годзе як уладанні славутага роду Корсакаў. Але мяркуецца, што старажытнае паселішча з’явілася тут значна раней.

2.jpg
Язна, 1918

Адным са сведчанняў гэтага з’яўляецца валун — талеркавы камень Язненскі, які ляжыць пасярод вёскі з даўнішніх часоў. Паводле легенды, ля гэтага валуна вячэраў полацкі князь Усяслаў Чарадзей і згубіў тут свой пярсцёнак.

2-1.jpg
Язэп Драздовіч. Пярсцёнак Князя Усяслава, 1940–1946

Адзін з беларускіх міфатворцаў, мастак, выбітны краязнаўца Язэп Драздовіч меркаваў, што побач з вёскай Язна зімавала войска Усяслава Чарадзея і што тут сам князь схаваў скарб. Сакральнасць гэтага валуна падкрэслівае яшчэ тое, што пасля вызвалення Полацка ад войскаў Івана Жахлівага кароль Стэфан Батура таксама наведваў мясцовую славутасць.

3.jpg
Фота: mijory.by

Навукоўцы ж мяркуюць, што валун быў прынесены ў Язна з ледавіком са Скандынавіі 20 тысячаў год таму, вага ягоная каля ста пяцідзесяці тон, даўжыня больш за шэсць метраў, у шырыню каля пяці метраў. Ёсць меркаванне, што валун быў культавым месцам для нашых продкаў язычніцкай веры.

3-1.jpg
Фота: fotobel.by

Апроч валуна ў ваколіцах вёскі Язна ёсць яшчэ адзін цікавы прыродны помнік — крыніца Святога Яна. Першапачаткова крыніца з гаючай вадой была асвечана каталікамі ў 1939 годзе і належала Чарневіцкай каталіцкай парафіі. Тут мелася капліца, якая была разабраная савецкай уладай і была адбудавана ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Знаходзіцца крыніца ў месцы, дзе сыходзяцца межы трох раёнаў: Мёрскага, Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага. Трапіць сюды можна толькі гравійкамі. Тэрыторыя, дзе месціцца крыніца, абвешчана геамарфалагічным і гідралагічным заказнікам мясцовага значэння.

4.jpg
Фота: fotobel.by

Крыніца Святога Яна — даволі вядомае месца. Да пандэміі тут можна было сустрэць вандроўнікаў і з суседніх краінаў: Літвы, Латвіі. Як месцічы, так і вандроўнікі вераць у лекавыя ўласцівасці мясцовай вады і цягнуць з сабой, хто колькі здольны ўнесці. Жыхары вёскі Язна сцвярджаюць, што ў крынічнай вадзе можна кансерваваць агуркі нават без стэрылізацыі.

4-1.jpg
Фота: fotobel.by

Вёска Язна размяшчаецца на берагох двух азёраў: азёры Малое Язна і Вялікае Язна. Звязвае гэтыя два возеры рэчка Язнянка. Месцічы распавядаюць, што калісьці гэта было адно возера, але ажно ў XV стагоддзі мясцовымі гаспадарамі, шляхецкім родам Корсакаў, а дакладней полацкім мастаўнічым Змітром Корсакам, быў пракладзены сухапутны шлях у Полацак, па возеры праклалі плаціну, зрабілі мост — так возера было падзелена.

5.jpgФота: fotobel.by

5-1.jpg
 Фота: fotobel.by

Чытаць па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Мёрскім раёне. Частка першая

Пасля ўладальнікі Язна часта змяняліся, але па выніку паселішча вярнулася да Корсакаў, якія і сталіся апошнімі гаспадарамі вёскі. На жаль, да нашых дзён іх сядзіба не захавалася. На яе месцы была збудавана мясцовая лякарня.

6.jpg
Фота: mijory.by

Вядома, што ў 1828 годзе ў Язна згарэла царква, адбудову якой фундавалі таксама Корсакі. Да нашых дзён яна, на жаль, не захавалася. Мураваная царква, якую можам пабачыць сёння ў вёсцы Язна, тыповая «мураўёўка», пабудаваная ўжо ў 1900 годзе ў рэтраспектыўна-рускім стылі ды асвечаная ў гонар Перамянення Гасподняга.

7.jpg
Царква ў вёсцы Язна, 1900

7-1.jpg
Фота: fotobel.by

Язна паводле веравызнання была пераважна праваслаўнай вёскай. Першы касцёл тут з’явіўся толькі за польскім часам ў 1926 годзе, месціўся ў будынку, які належаў апошнім гаспадарам Язна, роду Корсакаў, і асвечаны ў гонар Маці Божай Вастрабрамскай. Пабудова асобнага храма на ахвяраванні мясцовых парафіянаў пачалася ў 1939 годзе, але пасля прыйсця Саветаў будынак быў зруйнаваны не дабудаваным. Зараз на месцы касёла пастаўлены крыж, ля якога падчас значных рэлігійных святаў адбываюцца набажэнствы.

8.jpg
Касцёл у вёсцы Язна, 1938

Побач з крыжом на месцы колішняга касцёла знаходзяцца і мясцовыя каталіцкія могілкі, дзе пахаваныя і мясцовыя жаўнеры савецка-польскай вайны, і прадстаўнікі роду Корсакаў, якія так шмат зрабілі для Язна. За савецкім часам надмагіллі былі моцна пашкоджаныя, труны разрабаваныя, але рэшткі помнікаў можна пабачыць і сёння.

9.jpg
Фота: radzima.org

Дарожкавічы

Далей рушым у колішні маёнтак Дарошкавічы, ці сёння Дарожкавічы, што знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад Дзісны. Маёнтак Дарошкавічы вядомы з пачатку ХVI стагоддзя як уладанне полацкіх баяраў Сцяпана і Сафона Дарошкавічаў. Але найбольшага росквіту Дарошкавічы дасягнулі за іншымі гаспадарамі, родам Кастравіцкіх.

10.jpg Фота: @elgatomarinero7

У 1780 годзе Дарошкавічы належалі Міхалу Кастравіцкаму, які на той час служыў падваяводным полацкім, ён перадаў маёнтак у спадчыну свайму сыну, харунжаму дзісенскаму Адаму Кастравіцкаму. Менавіта тут, на Дзісеншчыне, пасля разгрому ў Вільні таварыстваў філаматаў і філарэтаў, у родавай капліцы Кастравіцкіх, якая размяшчалася ў парку, рэшткі якога ў Дарошкавічах мы можам пабачыць і сёння, пэўны час жыў і хаваўся ад пераследу царскай паліцыі Адам Міцкевіч у 1824 годзе. Гаспадыні Дарошкавічаў Людвіцы Кастравіцкай і яе маці, якія апекаваліся філарэтамі і філаматамі, што цярпелі пераслед, паэт прысвяціў верш «Матрос», у прыватнасці радкі «Загінуць не можа краіна, дзе жонкі і дзевы такія».

11.jpg
Фота: @elgatomarinero7

Кастравіцкія прымалі актыўны ўдзел у паўстанні 1831 года, Адам Кастравіцкі быў зняволены ў Мінску і Дзвінску. Удзельнікам паўстання быў таксама і брат Людвікі Кастравіцкай. Нягледзячы на пакаранне, Кастравіцкія не засталіся ў баку і ад паўстання 1863 года.

11-1.jpg
 Гіём Апалінэр

Сын Адама Кастравіцкага Міхал-Апалінар Кастравіцкі пасля Студзеньскага паўстання вымушаны быў назаўсёды эміграваць у Еўропу, дзе служыў у Рыме ў папскай гвардыі. Там жа, у Рыме, ягоная дачка Ангеліна ў 1880 годзе нарадзіла сына Гіёма-Альберта-Уладзіміра-Аляксандра-Апалінарыя Кастравіцкага, які ў будучыні стаў вядомым французскім паэтам-мадэрністам і ўзяў псеўданім Гіём Апалінэр. Вядома, што Гіём Апалінэр быў сябрам Пабла Пікаса. Захаваўся партрэт Апалінэра, які зрабіў Пікаса для франтыспіса ягонай кнігі «Алкаголі», выдадзенай у 1913 годзе.

12.jpg
Пабла Пікаса. Партрэт Гіёма Апалінэра, 1913

13.jpg

13-1.jpg
Магіла Гіёма Апалінэра на могілках Пер-Лашэз

За ўдзел у паўстанні маёнтак Дарошкавічы ў Кастравіцкіх быў сканфіскаваны і перададзены прадстаўнікам царскай адміністрацыі. Першаснай справай для новых гаспадароў стала знішчэнне ўсялякай памяці пра патрыятычнае мінулае былых уладальнікаў Дарошкавічаў. Сяргей Капылоў разбурыў родавую капліцу і зліквідаваў пахаванні Кастравіцкіх.

14.jpg
Фота: @elgatomarinero7

15.jpg
Фота: @elgatomarinero7

Сядзіба ў Дарошкавічах была пабудавана ў ХІХ стагоддзі, уяўляла з сябе двухпавярховы будынак з мансардай. Да нашага часу сядзіба не захавалася, была амаль цалкам знішчана ў апошнюю вайну. Цяпер на яе месцы мясцовым святаром быў узведзены адноўлены будынак, які пэўны час прымаў гасцей як аграсядзіба. Часткова тут захаваліся прысядзібны парк і цаглянакаменная стайня ХІХ стагоддзя.

16.jpg
Фота: @elgatomarinero7

17.jpgФота: @elgatomarinero7

Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. ПЖ