Пісьменнік, паэт і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года адзначае юбілей, піша Народная Воля. Ды, піша ён, «святкаваць не выпадае, бо палова тых, каго хацеў бы запрасіць на свята, у турме».
Уладзімір Някляеў расказаў на Facebook, што сябры — музыкі і акторы — прапанавалі яму адзначыць юбілей пад сценамі Крэўскага замка, дзе «бегала яго дзяцінства», і сыграць там спектакль паводле ягонай драмы «Ягайла». Ды ўлады забаранілі гэта рабіць.
«Тым не менш юбілей я адзначыў, дапісаўшы пад яго раман «Гэй Бэн Гіном», — напісаў Някляеў. — Гэта мой самому сабе на 75 гадоў падарунак. Што яшчэ трэба чалавеку, сэнс жыцця якога ў словах?
Словы, мова — не пытанне лінгвістыкі. Калі б было так, слова не было б, як сказана ў Святым пісанні, напачатку ўсяго. Словы, мова — пытанне быцця. Менавіта пра гэта, як пра найважны складнік таго, з чаго пачынаецца чалавек, народ, нацыя, я казаў заўсёды — і хачу сказаць на сваё 75-годдзе.
Някляеў працытаваў героя свайго раману, кенійскага пісьменніка Нгугі Ва Тхыёнга: яго спыталі, чаму ён піша на мове, якую ніхто ў свеце не разумее, апроч ягонага племені. Той адказаў, што піша на той мове, якая змагаецца за свабоду ягонага народу:
«Мова народу — ягоная зброя. А заваёўнікі прыходзяць са сваёй. І народ, які прымае чужую мову, прымае чужое валадаранне. Куля — сродак фізічнага падпарадкавання, а мова — сродак падпарадкавання духоўнага».