На Ашмяншчыне адновяць старадаўнія сядзібы

20.01.2015 Культура

Падчас правядзення Міжнароднага эканамічнага форуму і выставы-кірмашу “Паўночны вектар Гродзеншчыны” Ашмянскі раён прэзентаваў цікавыя інвестпраекты, звязаныя з адраджэннем да жыцця старадаўніх сядзібаў.

Сярод іх і былы маёнтак Лейбы Стругача, які месціцца ў райцэнтры.

Дражджавы завод купца Стругача – першае буйное прадпрыемства ў Ашмянах – даў першую прадукцыю ў 1881 годзе, а ўжо ў 1913 годзе “Таварыства Л.Стругач” уваходзіла у трыццатку самых багатых у Беларусі.

Для сваёй сям’і Стругач узвёў выдатную сядзібу недалёка ад вёскі Святы Дух. Дом будаваўся з размахам – у стылі мадэрн, з трыма балконамі і тэрасай. Вакол сядзібы быў разбіты парк, меліся цяпліца і аранжарэя.

Сёння сядзібны дом Лейбы Стругача – адна з нямногіх сядзіб, якія цалкам захаваліся ў Беларусі. Акрамя двухпавярховага дома, захаваліся ўнутраны двор, адкрытая веранда, чаша для басейна. Сядзібу да гэтага часу акружае каменны мур з калонамі на месцы ўязной брамы.

Фота з сайта azarkinm.livejournal.com

Цяпер гэтая сядзіба ў чаканні інвестараў. У інвестпраекце паказаны кошт яго рэалізацыі – 120 тысяч еўра.

Чакае інвестараў і яшчэ адзін старадаўні маёнтак на Ашмяншчыне, які калісьці належыў роду графа Чапскага, – у вёсцы Навасёлкі. Тут інвестарам прапануюць 4 гектара зямлі, дзе можна размясціць цэлы агратурыстычны комплекс –забаўляльны цэнтр, гасцявыя домікі, рэстаран. Кошт інвестпраекта – да 500 тысяч еўра.

Гутэн-Чапскія – старажытны нямецкі род, які атрымаў у XII стагоддзі тытул графаў Свяшчэннай Рымскай імперыі. Гутэн-Чапскія зблізіліся з польскім каралеўскім дваром, а пазней трапілі ў Беларусь. Тут яны парадніліся з Радзівіламі. Каля 1400 года Уладзіслаў Чацвёрты Ягайла за заслугі перад польскай дзяржавай дараваў роду прозвішча Чапскія, яны былі прыпісаны да герба “Ляліва” – шасціканцовай зорцы над паўмесяцам на блакітным фоне. Гербавым дэвізам сталі словы (“жыццё – Айчыне, гонар – нікому”). У XVI стагоддзі Навасёлкі належалі князям Гальшанскім. Ад іх перайшлі да Радзівілаў, а ў пачатку XIX стагоддзя Навасёлкі сталі ўладаннямі Гутэн-Чапскіх.

Як выглядаў стары дом Чапскіх у Навасёлках, ніхто не ведае. Апісанняў яго не захавалася. Адам Чапскі, разабраўшы бацькоўскі дом, пабудаваў у 1893 годзе вялікі эклектычны палац – 40 пакояў, з памяшканнем для бібліятэкі і карціннай галерэяй. Ён будаваўся як рэзідэнцыя, а не як жылы дом, большасць пакояў былі прызначаныя для прыёмаў гасцей і баляў. Гэтая рэзідэнцыя была ў той час самай вялікай у Беларусі. Пра тое, як яна выглядала, дае ўяўленне малюнак Напалеона Орды. Граф Чапскі збіраў палотны майстроў, старыя рэчы з срэбра і фарфору. Мелася ў палацы і багатая бібліятэка – сотні асобнікаў рэдкіх і каштоўных кніг. Што стала з імі, невядома, у музеі Гальшанскай гімназіі ёсць толькі каталог бібліятэкі Чапскіх.

Сёння ад некалі велічнай рэзідэнцыі засталіся толькі руіны. Зрэшты, прыцягальным для турыстаў можа стаць і нематэрыяльная спадчына – мясцовыя легенды і апавяданні, якія вяскоўцы перадаюць з вуснаў у вусны.

Вяскоўцы распавядалі, што ў пасляваенны час на месца Навасёлкаўскай рэзідэнцыі прыязджала жанчына. Зняла з руін і павезла з сабой медную таблічку – сведчанне прыналежнасці сядзібы да вялікага роду. Па некаторых звестках, сын Чапскага ўсё жыццё пражыў за мяжой і памёр у 1987 годзе ў Буэнас-Айрэсе. На радзіму продкаў ён ні разу не прыязджаў.

На думку Галіны Люткоўскай, намесніцы старшыні Ашмянскага райвыканкама, абодва аб’екта будуць запатрабаваныя як айчыннымі, так і замежнымі турыстамі, бо штогод Ашмянскі раён наведваюць каля 50 тысяч турыстаў, і сярод іх нямала сапраўдных шукальнікаў даўніны.

 

rh.by