Алесь Зайка — вясковы тытан краязнаўства

Калі б у кожным раёне быў такі даследчык, якім быў Алесь Зайка ў Івацэвіцкім, можна было б не турбавацца за беларускае краязнаўства. звычайны вясковы настаўнік выконваў ролю цэлый Акадэміі навук на раённым узроўні. І гэта не перабольшванне — вы толькі паглядзіце, якую спадчыну пакінуў нам гэты сціплы, але мудры чалавек, піша 1pr.live.

Alieś Zajka

26 чэрвеня 2025 года ўжо сем гадоў, як не стала ганаровага грамадзяніна Івацэвіцкага раёна Алеся Зайкі. А здаецца, яшчэ зусім нядаўна ён калясіў на сваім матацыкле «Мінск» па Косаўшчыне, збіраючы фальклор і народную мудрасць.

Вось што гаварыў пра вясковага настаўніка Алеся Зайку Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч: «Уявім сабе на хвілінку, што ў кожным раёне нашай краіны жыве гэтакі ж даследчык. І я ўпэўнены — усім нам стане лягчэй на душы за лёс нашай роднай мовы, а значыць за лёс роднай Беларусі. Зайкам зроблены вельмі значны ўклад у айчынную дыялекталогію. Такі ўклад, які дазваляе далучыць яго да кагорты самых аўтарытэтных людзей ў гэтай галіне».

Ніл Сымонавіч Гілевіч ніколькі не перавышаў заслугі Алеся Зайкі. Бо, насамрэч, з ім раіліся навкоўцы, яго меркаванне улічвалі акадэмікі. І вучоныя ўніверсітэтаў друкаваліся з ім у адной кнізе.

Alieś Zajka
Алесь Зайка

Алесь Зайка жыў у вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёну. Тут ён працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, потым — загадчыкам школьнага музея. Але многія дзесяцігоддзі ён займаўся краязнаўствам — аб’ездзіў на матацыкле не толькі Івацэвіцкі раён, але і наваколлі. Увесь гэты час ён збіраў вусную народную творчаць, мясцовыя прыказкі, тапаніміку, запісваў гісторыі старых людзей. У выніку, ён напісаў шэраг кніг, якія зберагаюць спадчыну продкаў.

Улюблены ў Косаўшчыну

Цэнтральным рэгіёнам даследаванняў Алеся Зайкі была Косаўшчына. Нездарма выдавец Дзмітрый Сайко казаў, што «калі вам нехта скажа, што на Косаўшчыне самы вядомы чалавек — гэта Тадэвуш Касцюшка, вы пагадзіцеся, але з той папраўкай, што пасля Алеся Зайкі». Сапраўды, Алесь Зайка напісаў «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны», «Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны».

Knihi Aliesia Zajki
Кнігі Алеся Зайкі

А назва яго кнігі пра прыказкі і прымаўкі Косаўшчыны складаецца з 40 слоў — «Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклены і адкляцці, жартоўныя праклены і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны». Вы толькі ўявіце, які абсяг народнай мудрасці ў гэтай кнізе!

У Івацэвіцкім раёне адной з найбольш вядомых кніг Алеся Зайкі з’яўляецца «Населеныя пункты Івацэвіччыны». На трох сотнях старонак вы прачытаеце пра гісторыю усіх вёсак раёна. Некаторай інфармацыі няма нават у інтэрнэце, бо Алесь Зайка зрабіў шмат адкрыццяў, працуючы ў архівах.

Knihi Aliesia Zajki
Краязнавец напісаў гісторыю вёсак

Што агульнага у Косаўшчыны з маскоўскім царом і шведскім каралём?

Напрыклад, у кнізе Алесь Зайка папулярызуе гісторыю, што з цяперашняга Івацэвіцкага раёну паходзіць маці маскоўскага цара Івана Жахлівага. Двор Бялавіцкі (цяперашняя вёска Бялавічы) ў 16 стагоддзі належала роду Глінскіх. Тут у Васіля Глінскага і сербкі Ганны Яншыч нарадзілася дачка Алена, якая ў 1526 годзе абвянчалася з князем маскоўскім Васілём ІІІ Іванавічам. У іх нарадзіўся сын, які стаў потым царом Іванам Грозным.

Не многія ведаюць і пра тое, што у сённяшняй невялікай вёсачцы Альба на Косаўшчыне ў 1706 годзе спыняўся шведскі кароль Карл ХІІ. Тут была заможная сядзіба Сапегаў, саюзнікаў шведскага караля ў Паўночнай вайне. Дарэчы, пра вёску падрабязней чытайце па спасылцы.

Як правільна называць радзіму Касцюшкі?

Алесь Зайка давёў, што няправільна называць радзіму Тадэвуша Касцюшкі Мерачоўшчына. Часта падарожнічаючы па гэтых мясцінах, даследчык заўважыў, што мясцовыя людзі сталага веку называюць урочышча Марачоўшчына. У выніку Алесь Зайка знайшоў інвентар маёнтка Косава ад 1597 года, дзе напісана «фальварак Косаўскі на Марачоўшчыне». Знайшліся і інншыя сярэднявечныя крыніцы, якія выкарыстоўваюць такую назву.

Muziej Kasciuški ŭ Maračoŭščynie
Музей Касцюшкі ў Марачоўшчыне

Чаму ж у сучасныя даведнікі пішуць Мерачоўшчына? Алесь Зайка давёў, што гэта проста калька с польскай мовы. Польскія выданні 19 стагоддзя пісалі Mereczowsciznа.

«Ужо ў XVI стагоддзі ў назве фальварка праяўляецца характэрная асаблівасць сучаснай беларускай мовы — поўнае аканне, што якраз і не ўласціва польскай мове. Вось чаму яны былі вымушаны пісаць «Меречовшчызна», — пісаў Алесь Зайка.

Навакольны люд выкарыстоўвае тапонім Марачоўшчына, таму Алесь Зайка настойваў, што гэтая назва і павінна быць замацавана ў гістарычнай навуцы. Даў краязнаўца і тлумачэнне, чаму такая назва.

«У аснове яе ляжыць старабеларускі апелятыў марочна, які азначае — балота, дрыгва, балоцістая мясцовасць. Вось што піша пра гэты тэрмін у сваёй кнізе «Славянская геаграфічная тэрміналогія» Мікіта Талстой: «Тэрмін марочна прымяняецца ў адносінах да пінскіх вялікіх балот з беднай расліннасцю... на такім марочным балоце не косяць, а збіраюць журавіны. Марочнае балота павінны, відаць, этымалагізаваць як змрочнае, цёмнае балота».

І гэтыя аргументы Алеся Зайкі складана абвергнуць, таму, можна сказаць, што ён вярнуў радзіме Касцюшкі сапраўдную назву.

Валуны Зайкі

Калі вы праедзеце па Івацэвіцкім раёне, то ў кожным населеным пункце пабачыце валун з надпісам пра першае ўпамінанне гэтага паселішча. Напрыклад, «Вёска Гошчава ўпершыню ўпамінаецца ў 1485 годзе».

Такія помнікі — таксама ініцыятыва Алеся Зайкі. Ён сабраў даты першага ўпамінання кожнай вёскі і прапанаваў мясцовым уладам усталяваць такія валуны з шыльдамі. Так што ў Івацэвіцкім раёне можна сэлфіцца не каля прыдарожных знакаў, але і каля такіх гістарычных помнікаў.

Šyĺda
У Гошчаве шыльда усталявана на валуне на тэрыторыі школы

Дарэчы, мясцовыя ўлады прыслухоўваліся да парадаў мясцовага краязнаўцы. Алесь Зайка прапаноўваў назвы для новых вуліц, настойваў, каб былі ў гонар вядомых землякоў. Там тут ёсць не толькі вуліцы вядомага ўсім Касцюшкі, але і назвы, па якім можна вывучаць гісторыю краю — Іллінічаў, Агінскага, Пархуты, Саляніка, Грэцкага....

Дарэчы, пасля смерці Алеся Зайкі, у раёне з’яўляюцца назвы і ў яго гонар. Напрыклад, школа, дзе ён шмат год працаваў, цяпер носіць імя Алеся Зайкі.

«Калі б не было беларускай мовы, яе трэба было б выдумаць»

«Калі б на Беларусі не было зусім беларускай мовы, то яе трэба было б выдумаць... Бо мова — найпершы паказчык адрознасці этнасу, нацыі, па мове вызначаюць граніцы» — так казаў Алесь Зайка.

Mikola Papieka ŭručyŭ Miadovuju litaraturnuju premiju Aliesiu Zajku
Мікола Папека уручыў Мядовую літаратурную прэмію Алесю Зайку ў 2012 годзе


Краязнаўца размаўляў па-беларуску, на роднай мове пісаў свае творы, і іншых заахвочваў не цурацца беларускай мовы. Па-беларуску у Зайкі былі не толькі навуковыя творы. Друкавалася і проза Алеся Зайкі. Напрыклад, «Чысты чацвер», або «Дым з коміну», за якую ён быў уганараваны Мядовай літаратурнай прэміяй у 2011 годзе.

А яшчэ, Алесь Зайка пакінуў сакрэт свайго жыццёвага аптымізму і параду, як трэба рабіць любую справу: 

«Любоў! Без любові нічога не зробіцца. Любая работа з любоўю скранецца з месца».