На добры ўспамін пра незавершаны мінулы час

12.02.2015 Культура

Напяэдадні ўрачыстага адкрыцця Першага беларускага фестывалю аўтарскай паштоўкі “Post Scriptum”, якое адбудзецца 12 лютага ў 16.00 у Музеі гісторыі беларускага кіно, гісторык Сяргей Харэўскі распавядае пра аўтарскія беларускія паштоўкі ХХ стагоддзя.

10965297_10153057517859812_53579408_n

Першыя з першых

Паштоўкі з мастацкімі выявамі беларускіх сюжэтаў з’явіліся напрыканцы 1860-х гадоў у расійскіх выдавецтвах. Перадусім — з рэпрадукцыямі “Беларускіх малюнкаў” слыннага скульптара і ілюстратара Міхаіла Мікешына, які часта адведваў родны край, робячы тут багата натурных замалёвак. “Вастру сваю зброю — аловак — і зноў хачу славіць сваю “Эльвіру”, сваю радзіму — Беларусь”, — пісаў ён. Нізка ягоных малюнкаў, зробленых у Клімавічах ці ў іх ваколіцах: “Беларуская дзяўчына”, “Жаніх і нявеста”, “Дзед і баба”, “Банкір і шляхціч” ды багата іншых, у 1860-я гады шырока рэпрадукаваліся ў тагачасным друку, а некаторыя выходзілі прынагодна паасобнымі паштоўкамі. Вялікую вядомасць прынеслі Міхаілу Мікешыну не толькі грандыёзныя манументы ў Пецярбургу, Ноўгарадзе і Кіеве, але і ілюстрацыі, што лічыліся ўзорнымі, да твораў Пушкіна і Гогаля, паасобныя з якіх выходзілі ў розных друкарнях аўтарскімі паштоўкамі. Творы гэтага выбітнага мастака — карціны, акварэлі, малюнкі, літаграфіі рознага ўзроўню выканання і разнастайнай тэматыкі ў выглядзе паштовак — былі шырока вядомыя па ўсёй імперыі. Фактычна, Мікешын — першы мастак з Беларусі, які запачаткаваў гэты жанр, яшчэ ў ХІХ стагоддзі.

10961978_10153057518699812_1147844267_n

У 1906 пецярбургская суполка “Загляне сонца і ў наша ваконца” выдала першую, уласна беларускую, паштоўку ў гонар Янкі Лучыны, дзе побач з партрэтам паэта былі змешчаныя радкі яго твора. Ад часу заснавання суполка “Загляне сонца і ў наша ваконца” выдала агулам звыш двух дзясяткаў паштовак сярод якіх былі й маляваныя — “Вінцук Марцінкевіч”, “Двор Касцюшкі ў Мерачоўшчыне”, “Апостал Скарыны” ды інш.

“Таварыства імя Францыска Скарыны», якое каля 1915 года выдала паштоўкі і плакаты з выявай беларускага кнігадрукара. Наогул, матывы старадрукаў — “Беларуская Біблія”, “Беларускае Евангелле”, “Беларускі псалтыр” — самая значная частка беларускіх ілюстраваных паштовак пачатку ХХ стагоддзя, у аздобе якіх выкарыстоўваліся старасвецкія матывы. Унікальная паштоўка невядомага аўтара з выяваю беларускіх дзяцей ды надпісам “Белоруссы” ў пачатку ХХ ст. выйшла ў Парыжы.

Асобную групу аўтарскіх мастацкіх паштовак, на якіх, на жаль, не заўсёды пазначаныя аўтары, складаюць нямецкія паштоўкі часоў Першай сусветнай вайны, на якіх выяўленыя беларускія краявіды і жанравыя сцэнкі. Ад часу той вайны наш беларускі свет падзяліўся напалам. Па заходні бок па-ранейшаму выдаваліся паштоўкі з рэлігійнай і нацыянальна-вызваленчай тэматыкай, па ўсходні нарастала савецкая тэматыка.

Натуральна, першыя ж мастацкія паштоўкі Беларускай Народнай Рэспублікі адлюстроўвалі нацыянальную сімволіку. Варта тут згадаць славутую берлінскую паштоўку з гербамі беларускіх гарадоў і выдадзеную ў Коўне Беларускім таварыствам імя Ф. Скарыны, паштоўкі з нацыянальным беларускім штандарам. Былі паштоўкі БНР з партрэтамі беларускіх дзеячаў — Цёткі, Алеся Гаруна, Івана Луцкевіча. У 1922 годзе, пасля Рыжскага міру, у Берліне выйшла чорна-белая паштоўка на якой выяўлена жаночая постаць, што нясе крыж з надпісам “Беларусь”. Яе бізуном паганяе польскі пан, трымаючы ланцуг, да якога прывязаная жанчына. На паштоўцы — толькі манаграма мастака і дата.

З заканчэннем савецка-польскай вайны матывы і вобразы беларускіх паштовак сталі больш разнастайнымі, але па-ранейшаму ў іх прэваляваў нацыянальна-вызваленчы пафас. Цэнтральнае бюро аб’яднання беларускіх пісьменнікаў “Маладняк” выдавала ілюстраваныя паштоўкі з партрэтамі Кастуся Каліноўскага, Янкі Купалы, Скарыны ды інш. Наогул, 1920-я гады — эпоха росквіту мастацкіх паштовак у Беларусі, што выдаваліся рознымі выдавецтвамі і арганізацыямі — Беларускі Чырвоны Крыж, Беларускае кіраўніцтва сувязі, Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, краязнаўчыя таварыствы, рэдакцыі газетаў.

У Заходняй Беларусі “Беларускае выдавецкае Таварыства імя Ф. Скарыны” ды іншыя выдавецтвы нацыянальных беларускіх арганізацыяў выдавалі не толькі паштоўкі з партрэтамі класікаў беларускае культуры розных часоў, але і з аўтарскімі малюнкамі і рэпрадукцыямі твораў беларускіх мастакоў. Выдавецтва беларускага студэнцкага саюза ў Вільні выдала ў выглядзе паштовак рэпрадукцыі карцінаў Язэпа Драздовіча “Пажар гарадзішча”, Пётры Мірановіча “Зіма на Дзвіншчыне”, ” Бура” і Пётры Сергіевіча “У буру” і “Жыццё”. Багата ў міжваенны час друкавалася паштовак у прыватных выдавецтвах розных гарадоў — Горадні, Вільні, Слоніма, Наваградка. Напрыклад, у Пінску ў 1939 годзе паспелі выдаваць цэлую нізку з шасці паштовак паводле малюнкаў пінскага мастака Івана Дзіміча, на якіх былі адлюстраваныя помнікі даўніны, гарадскія краявіды, вясковая хата і палескі поплаў.

Выдавалі ў міжваенны час паштоўкі і беларусы Латвіі, кшталту выявы карты, дзе паказаны стан беларускай меншасці ў Латгаліі. Ад 1920-х гг. з’яўляліся беларускія паштоўкі і ў Чэхаславаччыне, кшталту выдадзенай у Празе — “Беларускі сакол” з надпісам “Жылі раней і будзем жыць заўсёды”. Дарэчы, падчас Другой сусветнай вайны тамсама, у Празе, Беларускі камітэт самапомачы выдаў нізку 15 паштовак “Краявіды Беларусі” з фотаздымкамі Яна Булгака.

Сярэдзіна мінулага стагоддзя

У паваенны час мастацтва паштовак перажывала супярэчлівы перыяд, дзе, з аднаго боку былі магутныя паліграфічныя магчымасці, што дазваляла выдаваць велізарныя наклады, а з іншага — адбывалася няўхільная ўніфікацыя вобразаў і тэмаў, іх несупыннае клішаванне. Да 1960-х гадоў беларускія паштоўкі з партрэтамі дзеячаў культуры, савецкай улады, герояў вайны, з выявамі помнікаў гісторыі культуры выходзілі ў друкарнях Кіева (выдавецтва “Містецтво”), Ленінграда (выдавецтва “Аврора”) і ў самых розных выдавецтвах Масквы. Часта савецкія выдавецтвы выдавалі ў выглядзе паштовак рэпрадукцыі беларускіх мастакоў, напрыклад, “Беларускі краявід” (1947) Георгія Ніскага, “Партызаны ў разведцы”(1948) Яўгена Ціхановіча, “Герой Савецкага Саюза Ф. Ф. Дуброўскі” (1948) Фёдара Мадорава ды іншыя…

З канца 1950-х у Беларусі паштоўкі, у тым ліку і аўтарскія, пачалі выдаваць у Дзяржаўным выдавецтве БССР, выдавецтвах “Звязда” і, ад 1963 года — “Беларусь”. Матывамі паштовак станавіліся й адмысловыя, “паштовачнага” кшталту творы графікі ці акварэлі. Напрыклад, акварэлі сярэдзіны 1950-х гадоў віцебскага мастака Давіда Геніна “Новы Мінск. Вуліца Горкага”, “Краявіды Беларусі”, “Чэрвень”, “На мосце” ды іншыя былі выдадзеныя асобнымі паштоўкамі Дзяржаўным выдавецтвам БССР. Асобна выдаваліся паштоўкі, з падобнымі ж сюжэтамі, Рыгора Клікушына, яшчэ аднаго мастака з Віцебска, узорамі для якіх сталіся ягоныя лінарыты. У 1960-я гады, ў Беларусі, разам з развіццём друкарскай справы і ва ўмовах адноснае лібералізацыі, відавочна вырасла паліграфічная якасць паштовак, а перадусім — іх мастацкі ўзровень.

На эміграцыі па старой традыцыі выходзіла багата аўтарскіх паштовак на рэлігійную тэматыку, да Калядаў і Вялікадня, пафасныя паштоўкі на нацыянальна-вызваленчыя матывы, з бел-чырвона-белымі сцягамі, Пагонямі і мапамі страчаных беларускіх земляў. Цікава, што і на эміграцыі вялікую ўвагу надавалі нацыянальнаму пантэону — выходзілі паштоўкі з дзеячамі культуры і гісторыі, тымі ж самымі, што выходзілі ў СССР. Большую частку аўтарскіх беларускіх паштовак на Захадзе рабілі творцы-аматары, але ў гэтым жанры працавалі і творцы, якія атрымалі на Захадзе мастацкую адукацыю — напрыклад, добра вядомыя аўтарскія паштоўкі працы Івонкі Сурвілы, якая атрымала прафесійную адукацыю ў Парыжы, Пётры Мірановіча, які адвучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Рызе, Віктара Жаўняровіча, Галіны Русак, Мікалая Пашкевіча, Дзмітрыя Чайкоўскага.

Паводле тэматыкі аўтарскія паштоўкі на эміграцыі выразна падзяляюцца на рэлігійныя й свецкія. Багата было калядных і велікодных, з выявамі святых, напрыклад, Ефрасінні Полацкай, абразоў, з выявамі храмаў. Сярод свецкіх сюжэтаў аўтарскіх паштовак на Захадзе былі выявы гарадоў, архітэктурных помнікаў, краявідаў Беларусі, з нацыянальнай сімволікай.

Ад 1960-х гадоў і ў БССР асобную тэматычную плынь аўтарскіх паштовак складала адлюстраванне нацыянальнага каларыту, але і адзінства савецкіх рэспублік-сёстраў. Адметнасць адной з 15 “сёстраў” магла выяўляцца праз сцяг рэспублікі альбо праз народны касцюм. Падобных матываў у БССР было безліч, падпісных і безыменных.

10962092_10153057517879812_1000465523_n

Узорам тагачаснай увагі да культуры, “нацыянальнай па форме”, можа быць мастацкая паштоўка “Янка Купала” створаная ў сааўтарстве Янкам Раманоўскім і Васілём Харэўскім у 1962 годзе. Тут апроч характэрнага рэалістычнага партрэта песняра, зробленага Раманоўскім з натуры, мы бачым Купалаўскі аўтограф і каліграфічныя даты жыцця, устаўленыя ў матыў арнаментальнай стужкі… У гэтым сэнсе прыкладам можа быць графічны партрэт Якуба Коласа, адмыслова створаны слынным савецкім мастаком-партрэтыстам і ілюстратарам Анатолем Яр-Краўчанкам і выдадзены асобнай аўтарскай паштоўкаю ў Маскве ў 1974 годзе.

Да 1970-х гадоў сфармаваліся каноны савецкай беларускай паштовачнай тэматыкі, што, перадусім тычыліся каляндарнага цыклу савецкіх святаў — Новы год, 23 лютага, 8 сакавіка, 9 мая, 7 лістапада… Хіба кожны мастак-графік у БССР, хоць бы раз ды звяртаўся да гэткіх святаў у жанры паштоўкі. З віншавальным поклічам 1971 “З Новым годам!”, былі паштоўкі аўтарства Ліпы Кроля, Ігара Крэйдзіка (1971), Ларысы Герлаван (1975), Наталлі Грамыка (1978) ды многіх іншых.

10979465_10153057518824812_995971313_n

Новай тэмай святочных паштовак у БССР стаў Космас. Здзяйсненні касманаўтаў, фантастычная літаратура захапілі зорнай тэматыкай і многіх беларусаў. Традыцыйна вялікі пласт займалі прынагодныя сюжэты да савецкіх святаў — “мужчынскага” 23 лютага і “жаночага” 8 сакавіка. Гэтыя святы сталі святамі, адпаведна, усіх мужчынаў і усіх жанчынаў незалежна ад узросту. Тагачасныя аўтарскія паштоўкі адлюстроўвалі не толькі віншаванні дарослым прадстаўнікам пэўнага полу, але і віншаванні дзецям, з нагоды тых афіцыёзных святаў у дзіцячым садку альбо ў школе. Пры тым, калі гэтыя “палавыя” святы пашырылі свае ўзроставыя межы, то на аўтарскіх паштоўках да 23 лютага і 8 сакавіка паўсталі новыя інфантыльныя вобразы — героі казак, цацкі, жывёлы, і персанажы мультфільмаў.

10961759_10153057518584812_649527582_n

Вельмі вялікі пласт у гісторыі беларускай аўтарскай паштоўкі займае… мядзведзь — сімвал Алімпіяды-80 у Маскве. Яго можна было выкарыстоўваць, дазіруючы досціп, з мэтаю бачнасці гуманізацыі інфантыльных цацачных вобразаў, як гэта рабілі Юры Дзееў, Мікола Гаўрыловіч, Яўген Ціхановіч, ды іншыя, чые сентыментальныя плюшавыя звяры ўпрыгожылі безліч віншавальных паштовак канца 1970-х і пачатку 1980-х гадоў.

Тым часам у алімпійскім 1980 годзе ў Мінску выйшла адна легендарная аўтарская паштоўка “1000 год Беларусі” з выяваю Пагоні. Яна была зробленая і адціснутая Яўгенам Куліком у ягонай майстэрні — слынным “На паддашку”. Гэтая аўтарская паштоўка трапіла ў вольны свет, на Захад, дзе атрымала шырокую вядомасць.

10968955_10153057517449812_347653906_o

У галіне аўтарскай паштоўкі ў другой палове ХХ стагоддзя працавалі такія розныя беларускія мастакі, як Алег Арлоў, Уладзімір Басалыга, Яўген Бусел, Мікола Гаўрыловіч, Уладзімер Пашчасцеў, Янка Раманоўскі, Канстанцін Хацяноўскі, Арнольд Хількевіч ды іншыя. У другой палове 1980-х гадоў мастацтва аўтарскай беларускай паштоўкі дасягнула свайго росквіту. Да жанру паштоўкі звяртаюцца многія славутыя творцы, гэткія, напрыклад, як Мікола Селяшчук, які ў 1989 выдаў у выдавецтве “Беларусь” распрацаваў паштовыя карткі “З Новым годам!” і “С праздником!”, што вельмі ярка прадстаўляюць і аўтарскі стыль і агульную атмасферу гуманізацыі тагачаснага грамадства.

10988682_10153057517594812_1728963433_o

Ад часу “перестройкі” тэматыка аўтарскіх паштовак невераемна пашырылася, з’явіліся першыя недзяржаўныя выдаўцы. З канцом СССР, калі над Беларуссю зноў заззяла Пагоня, гэтым разам цалкам натуральна, як дзяржаўны герб, чый эталон зрабіў той самы Яўген Кулік у сааўтарстве з Уладзімірам Крукоўскім і Львом Талбузіным, падзел на не айчынныя і эміграцыйныя тэндэнцыі, вобразы і традыцыі, знік. Але з Беларусі не знікла тая плойма савецкіх сюжэтаў, што былі запачаткаваныя яшчэ ў далёкія савецкія часы.

Сяргей Харэўскі

Усе паштоўкі, пра якія вядзецца гаворка ў артыкуле, вы зможаце пабачыць на выставе Першага беларускага фестывалю аўтарскай паштоўкі, якія пройдзе з 13 лютага да 15 сакавіка ў Музеі гісторыі беларускага кіно (вул. Свярдлова, 4). Запрашаем!