У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” пісьменнік Сяргей Чыгрын, бард Зміцер Бартосік і былы настаўнік, краязнавец Валерый Петрыкевіч прынялі ўдзел у літаратурна-музычных сустрэчах “Пачатае Скарынам”, прымеркаваных да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Найперш госці наведалі Хвінявіцкую школу. Там яны вялі гутарку пра гісторыю беларускага кнігадрукавання, правялі некалькі літаратурных конкурсаў, пераможцы якіх атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, адказалі на пытанні вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак.
Працяг сустрэч адбыўся ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
Да мерапрыемства супрацоўнікі музея падрыхтаваі міні-выстаўку «Помнікі беларускага пісьменства», на якой былі прадстаўлены творы дзятлаўчан – мастака-кераміста Мікалая Несцярэўскага, габелен мастака дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Арсенія Двараніна і яго жонкі Ірыны Данілавай. З цікавасцю прысутныя пазнаёміліся з матэрыяламі літаратуразнаўца, культуролага, даследчыка, вучонага Вячаслава Чамярыцкага, які родам з Дзятлаўшчыны.
Удзельнікі мерапрыемства паглядзелі відэаролік “500 гадоў гісторыі беларускага кнігадрукавання”. Сяргей Чыгрын распавёў пра Ігната Дварчаніна, які некалі абараніў доктарскую дысертацыю “Францыск Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве”. Пра беларускае кнігадрукаванне і адносіны да роднай мовы разважаў Валерый Петрыкевіч. А Зміцер Бартосік упрыгожыў вечарыну песнямі і жартамі.