Шматжанравы фестываль міфалогіі “У госці да Лепельскага цмока” ў гэтым годзе пашырыць фармат, а таксама прапануе гасцям асаблівы атракцыён – катанне на 30-мясцовай драўлянай ладдзі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прадстаўнік аднаго з арганізатараў – дырэктар ТАА “РайдоТур” Віялета Грудская.
Помнік цмоку ў Лепелі
Упершыню гэты незвычайны фэст адбыўся ў мінулым годзе. Тады ў ім прымалі ўдзел беларускія музычныя гурты, якія выкарыстоўваюць аўтэнтычную культуру і фальклор: “Рокаш”, “Рэха”, “Яварына”. У гэтым годзе яны зноў прыедуць на свята, якое запланаваны на 8 жніўня. Таксама запрашаюцца да ўдзелу прафесійныя і самадзейныя калектывы з розных краін, якія выступаюць на нацыянальнай мове і якія выкарыстоўваюць аўтэнтычныя міфалагічныя рэканструкцыі-стылізацыі, музыку, песні і танцы, герояў казак і паданняў. Іх выступленні, а таксама рознаўзроставыя інтэрактывы, тэматычны пленэр для юных мастакоў, творчыя майстэрні, кірмашы з беларускімі сувенірамі будуць праходзіць на адкрытых сцэнах і пляцоўках. Таксама запланаваны гісторыка-краязнаўчая гульня “У госці да цмока”, навукова-практычная канферэнцыя па пытаннях папулярызацыі міфалогіі, прэзентацыі аграэкасядзіб. Прыемным сюрпрызам для ўсіх стане магчымасць пакатацца па Лепельскім возеры на сапраўднай 30-мясцовай драўлянай ладдзі. Яе пабудаваў умелец з Паставаў.
Гасцямі фестывалю стануць турысты, адпачывальнікі на аграсядзібах, у санаторыях і пансіянатах Лепельскага раёна. Сярод замежных удзельнікаў фэсту чакаюцца, у прыватнасці, суседзі-літоўцы. 29 красавіка ў Віцебску адбылася сустрэча прадстаўнікоў туріндустрыі гэтай краіны з калегамі з Віцебскай вобласці. Пачуўшы пра фэст, яны праявілі да яго вялікую цікавасць. Шмат у чым з-за таго, што Літву і Лепель звязвае імя Льва Сапегі – вядомага палітыка, дыпламата і апекуна мастацтваў у Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай.
“Але галоўны аб’яднаўчы фактар, дакладней вобраз – гэта Цмок. Міфічная змеепадобная істота прысутнічае ва ўсіх культурах свету як адзін са знакавых сімвалаў, які ахоўвае прыродныя багацці. У залежнасці ад этнічных асаблівасцяў кожны народ надзяляў гэтую істоту ўласцівымі яму рысамі. Вобраз дракона часцей за ўсё быў агнядышных змеем і звязаны з культам вадаёмаў. Ён мог выклікаць засуху ці наадварот стаць апекуном сельскай гаспадаркі. Беднага, але шчодрага мог надарыць скарбамі, а прагнага пакінуць без граша. У беларусаў гэта Цмок, у літоўцаў гэта Айтварас, у палякаў Вавельскі Цмок, у латышоў Пукіс , у рускіх Дракон (Змей Гарыныч). Адзіная ў Беларусі скульптура цмока стаіць на беразе Лепельскага возера і з’яўляецца турыстычным брэндам фестывалю і ўсяго рэгіёну “, – адзначыла Віялета Грудская.
Арганізатарамі фестывалю выступаюць кіраванне спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама, Лепельскі райвыканкам, каардынатар зялёнага маршруту “Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў” Вольга Махоненка, тураператар ТАА “РайдоТур” г. Витебск.
Кацярына Князева, БелТА