На Іўеўшчыне прайшоў шляхецкі фэст «Жамчужная зорка – палац Умястоўскіх»

Недалёка ад горада Іўе на Гродзеншчыне, на самым беразе ракі Гаўя знаходзіцца вёска, вядомая яшчэ з XVI стагоддзя. За сваю гісторыю мясцовасць змяніла не аднаго гаспадара і не адну назву, зараз — Жамыслаўль. А зараз тут прайшоў шляхецкі фэст «Жамчужная зорка — палац Умястоўскіх», піша reform.news. 


Siadziba Umiastoŭskich

На тэрыторыі палацава-паркавага комплексу роду Умястоўскіх у Жамыслаўі Іўеўскага раёна 25 траўня прайшоў шляхецкі фэст «Жамчужная зорка — палац Умястоўскіх». 

Siadziba Umiastoŭskich
Шляхецкі фэст «Жамчужная зорка — палац Умястоўскіх». Фота: ivyenews.by.

Свята адбываецца ў сёмы раз. Месца яго правядзення — Жамыслаўль — невялікая вёска на мяжы з Літвой, размешчаная ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці. У пачатку XIX стагоддзя гаспадаром Жамыслаўля стаў польскі магнат Якуб Умястоўскі. Сядзібны будынак быў завершаны яго нашчадкамі ў 1882 годзе, ён з’яўляецца паменшанай копіяй варшаўскіх Лазенак — палаца караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.


Siadziba Umiastoŭskich
Шляхецкі фэст «Жамчужная зорка — палац Умястоўскіх». Фота: ivyenews.by.

Аўтарам праекта лічаць італьянскага архітэктара Леанарда Марконі.

Дарэчы, у парку размешчаны і помнік прыроды — ясень пенсільванскі, які, магчыма, быў пасаджаны тут ў тыя часы, калі сядзіба была аддадзена Умястоўскімі пад навуковую базу Віленскаму ўніверсітэту.


Siadziba Umiastoŭskich
Шляхецкі фэст «Жамчужная зорка — палац Умястоўскіх». Фота: ivyenews.by.

Цвік праграмы фестывалю — тэатралізаванае шэсце, якое пераносіць гледача ў часы, калі Казімір і Юзафа Умястоўскія пачалі ствараць копію каралеўскай рэзідэнцыі. Сярод персанажаў тэатралізаванай дзеі можна было ўбачыць саміх гаспадароў палаца і іх гасцей — гаспадыню Іўеўскіх земляў княгіню Еву са світай, княгіню Барбару Радзівіл — жонку ваяводы Станіслава Гаштольда з мураваных Геранён, князя Трабуса — заснавальніка зямель трабскіх, Юрату — заснавальніцу пасёлка Юрацішкі, Казіміру Галынскую, удаву графа Іпаліта Оскаравіча Мілеўскага — уладальніка маёнтка Лаздуны з сёстрамі Рабэртай і Беатай.

Siadziba Umiastoŭskich
Шляхецкі фэст «Жамчужная зорка — палац Умястоўскіх». Фота: ivyenews.by.

Падчас святкаваня адбыўся канцэрт мясцовых творцаў. Завяршылася мерапрыемства святочным фаер-шоу і фейерверкам.

Свята адбывалася на фоне палаца, від якога выклікае трывогу.


Siadziba Umiastoŭskich
Будынак палаца на малюнку Напалеона Орды, XIX стагоддзе. Фота: travel.by

Падчас Першай сусветнай вайны немцы стварылі тут санаторый, палац быў разрабаваны. У міжваенны перыяд тут месцілася навуковая база Віленскага ўніверсітэта. У савецкія часы працавалі калгасная кантора, бібліятэка, клуб. У 2007-2008 гадах арганізацыі пераехалі, з тых часоў будынкі апусцелі.

У 2012 годзе ў палацы адбыўся пажар, які знішчыў частку даху. У 2015 годзе комплекс набыў бізнесовец з Іарданіі, аднак рэканструкцыя помніка архітэктуры не праводзілася і гісторыка-культурны аб’ект зной вярнулі дзяржаве.

У 2017 годзе ўладальнікам комплекса стала мінская будаўнічая кампанія. Палац у Жамыслаўлі быў прададзены пры ўмове, што там з’явіцца аб’ект турыстычнага прызначэння. Падпісаны быў ахоўны дагавор, па якому новы ўладальнік не меў права змяняць архітэктуру. У 2019 годе пачаліся аварыйна-аднаўленчыя работы, але працы часова перапыніліся. Сёння помнік архітэкутры па-ранейшаму належыць прыватнаму ўладальніку і знаходзіцца пад аховай. Робіцца праектная дакументацыя з мэтай аднаўлення.

Чытайце яшчэ:

Сядзіба Умястоўскіх — гісторыя копіі Варшаўскага палаца пад Іўем