15 чэрвеня Everlast упершыню завітаў у Мінск, каб прэзентаваць свой новы альбом Songs Of The Ungrateful Living. Як выявілася, знакаміты рэпер, спявак, вакаліст легендарнага гурта House Of Pain, былы ўдзельнік La Coka Nostra, уладальнік прэміі “Грэмі” — даволі нервовая асоба.
Нягледзячы на тое, што Everlast больш вядомы як рэп-выканаўца, яго сольныя працы — гэта хутчэй музыка кантры ды сумесь іншых плыняў нецяжкога року, але тым не менш, такая размытасць не шкодзіць амерыканскаму ірландцу мець свайго слухача. Хаця ў гэты вечар такіх набраўся не поўны Re:Public, можна смела казаць, што гэта самыя адданыя і правераныя фаны.
Прыхільнікі гучна ўспрынялі з’яўленне свайго куміра і падтрымалі яго, нават не зважаючы на тое, што ўжо з пачаткам выступу Everlast неаднаразова лаяўся і ў дзве рукі паказваў факі са сцэны гукарэжысёру, які, відаць, нядобрасумленна наладзіў апаратуру да выступу замежнай зоркі. А пасля, выканаўшы ўсяго тры песні, сышоў са сцэны са словамі “I’ll be back”, што выклікала сапраўдны ступар у публікі.
Сапраўды, хвілін праз 10, пасля таго як на сцэне замянілі частку гукаапаратуры, ён вярнуўся, але наперадзе было яшчэ тое.
Энергетыка ў клубе нарастала з кожнай наступнай песняй, прычым Everlast толькі новымі песнямі сябе не абмяжоўваў. Ён выканаў усе свае галоўныя хіты. Stone in My Hand увогуле быў праспяваны разам з слухачамі. А пад лірычны 65 roses клуб засвяціўся агеньчыкамі запальніц слухачоў, якія самі селі на зямлю: у гэтай сумнай салідарнасці сапраўды было штосьці шчырае і, магчыма, не кожнаму зразумелае.
І вось нарэшце пад Jump around — галоўны хіт часоў House Of Pain — пачаўся сапраўдны слэм. Хтосьці са слухачоў не стрымаўся ў эмоцыях і кінуў на сцэну кепку. Ну і што тут такога, падумаў бы хтосьці, але Everlast адказаў на гэта кінутым аб зямлю мікрафонам і развітаннем па-ангельску. Яшчэ доўгі час у зале панавала надзея, што ён вернецца, але калі пачалі прыбіраць са сцэны, стала зразумела, што выступ скончаны.
Як стала вядома пазней, паводзіны Everlast’а – гэта не проста бзік: яго маленькая дачка смяротна хворая, таму робяцца зразумелымі ўсе гэтыя нервы. Пасля канцэрту ў сваім твітары Everlast падзякаваў Мінску, папрасіў прабачэння і паабяцаў, што ён яшчэ вернецца, вельмі хутка.
Тэкст: Юрась Вялевіч, budzma.org
Фота, відэа: another.by