1 ліпеня 2014 года ў бібліятэцы-клубе вёскі Несцяроўшчына (Докшыцкі раён, Віцебская вобласць) адбылася літаратурна-музычная імпрэза “На хвалях Медзазолу”.
Сама біблятэка-клуб нядаўна пераехала са старога будынку, які разваліўся пасля непагадзі, у суседнюю пабудову. Два невялікія пакоі з цяжкасцю ўтрымліваюць збор кніг на беларускай і рускай мовах, калекцыю лекавых траваў, самаробныя цацкі дзяцей і музейныя экспанаты, сабраныя з ваколіц. Тут і старая ікона, і ложкі, і калаўрот, і трапло, і маслёнкі: усе цікавосткі, па якіх можна аднавіць мясцовы побыт ХІХ-пачатку ХХ стст. Лёгкім кужалем застылі на драўляных сценах льняныя кашулі і міні-дываны, вышытыя з ювелірнай дакладнасцю рукамі несцяроўскіх майстрыц. Да гэтага часу няма месца для старых кроснаў, якія ляжаць разабраныя. Аднак знайшлося месца для шматлікіх наведвальнікаў усіх узростаў, якія сабраліся разам, каб добра правесці час.
Госці вечара пачулі вершы і музычныя імправізацыі беларускага фры-джазмэну Віктара Сямашкі, а таксама песні ад кампазітара Максім Іўкіна (гурт “Балцкі Субстрат”) на словы беларускіх паэтаў. Выступоўцаў падтрымаў хор навучэнцаў з Беларускай акадэміі музыкі, якія акурат у гэтыя дні збіралі фальклёр у Несцяроўшчыне і з радасцю падтрымалі ідэю вечарыны. Да хору далучыліся і ўсе прысутныя: бібліятэка-клуб напоўнілася шматгалоссем. Асабліва кранальна гучала песня “Мілавіца” на словы Уладзіміра Някляева і музыку Максіма Іўкіна.
Здзівіла публіку навучэнка Маскоўскай кансерваторыі Вольга Сычова, якая выканала шэраг складаных партый на фагоце. Струмэнт здаўна лічыцца выключна мужчынскім струмэнтам, аднак Вольга даказала, што гэта міт.
Сярод наведвальнікаў канцэрту была праведзена віктарына на веданне вядомых асобаў і буйных рэк Віцебшчыны, гісторыі возера Медзазол (аказваецца назва азначае, што на дне возера медзь як золата блішчыць), якое маляўніча раскінулася непадалёк. Найбольш кемлівыя атрымалі цудоўныя прызы ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” – паштоўкі, майку, торбы. У адказ жыхары Несцяроўшчыны падарылі выступоўцам вялізныя букеты з найпрыгажэйшых палявых кветак і прасілі прыязджаць яшчэ і яшчэ.
Тэгі: Віцебшчына