Паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк наведалі з творчай вандроўкай Нарачанскі край.
Сваімі ўражаннямі ад падарожжа падзяліўся Эдуард Акулін: “Сустрэча з Нараччу ў пачатку лета – сапраўдны цуд. У яе хвалях гучыць паэзія ветру. Мы ўдала спалучылі карыснае з прыемным. Творчыя сустрэчы ў школьных летніках вёсак Буйкі, Старлыгі, а таксама ў Свірскай сярэдняй школе прайшлі як ніколі весела і нязмушана. Гэтаму спрыяў цудоўны настрой школьнікаў, які прынеслі доўгачаканыя летнія вакацыі. Асабліва запамінальнай сталася сустрэча ў славутым на Мядзельшчыне мястэчку Камарова, дзе мы выступалі перад вучнямі Камароўскай школы і навучэнцамі селькагаспадарчага ліцэя. Пасля выступу для нас была наладжаная цікавая экскурсія па сядзібе-парку старажытнага мястэчка”.
Творчыя сустрэчы ў Нарачанскім краі адбыліся ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі!”