Часта мы шукаем герояў у чужых гісторыях, не знаходзячы іх у тых, якія адбываюцца ў нас перад вачыма. А дарма, бо і беларуская зямля шчодрая на выдатных вучоных, палітыкаў, дзеячаў культуры, якія вядомыя далёка за межамі нашай краіны. Пра цэлы мікрарэгіён Беларусі, які ўжо не першае стагоддзе «пастаўляе» сваіх прадстаўнікоў на арэну вялікай палітыкі, піша «Новы Час».
Тры прылеглыя вёскі Беларускага Палесся — Моталь, Моладава і Парэчча — сталі радзімай адразу некалькіх палітычных гульцоў розных краін.
Яшчэ ў пазамінулым стагоддзі значную частку насельніцтва вёскі Моталь складалі яўрэі. У яўрэйскай частцы Моталя нарадзіўся і першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман. Яго бацькі — Эзер Вейцман і Рахіль з Чамерынскіх — пазнаёміліся ў Моталі, дзе ў 1866 годзе ўзялі шлюб. У адрозненне ад роду Вейцманаў Чамярынскія мелі ў Моталі даўнія карані — пражывалі яны тут як мінімум з другой паловы XVIII стагоддзя. А прозвішча сям’і сведчыць аб верагодным паходжанні іх роду з вёсачкі Чамярын, якая таксама знаходзіцца непадалёк ад Моталя.
Хаім Вейцман у 1936 годзе. Library of Congres, commons. wikimedia.org
Гэта сёння імем знакамітага маталяніна называюць вуліцы ў многіх ізраільскіх гарадах, а ў пачатку мінулага стагоддзя малады Хаім Вейцман толькі пачынаў сваю палітычную кар’еру. Упершыню тэрыторыю будучага незалежнага Ізраіля ўраджэнец Моталя наведаў у 1907 годзе. З таго часу яго памкненні па стварэнні яўрэйскай дзяржавы ўзмацніліся. Праз 40 гадоў, у канцы лістапада 1947 года, Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, якая прадугледжвала падзел Палесціны на дзве дзяржавы — яўрэйскую і арабскую. У адпаведнасці з гэтым рашэннем у 1948 годзе была абвешчана незалежнасць Дзяржавы Ізраіль. Ужо ў сярэдзіне лютага наступнага года Хаім Вейцман стаў першым прэзідэнтам маладой дзяржавы. На той момант маталяніну было 74 гады.
1921 год. Маталянін Хаім Вейцман і Нобелеўскі лаўрэат Альберт Эйнштэйн. Library of Congress, commons. wikimedia.org
Палітычны і дзяржаўны дзеяч Ізраіля, першы прэзідэнт краіны, вучоны-хімік, прафесар біялогіі Хаім Вейцман быў у добрых адносінах з Альбертам Эйнштэйнам. Аб сяброўстве з Нобелеўскім лаўрэатам Вейцман жартаваў: «Эйнштэйн тлумачыў мне сваю тэорыю кожны дзень, і неўзабаве я ўжо быў цалкам упэўнены, што ён яе нарэшце зразумеў».
1951 год. Прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман вітае ваеннага аташэ ЗША падчас прыёму. National Photo Collection of Israel, commons.wikimedia.org
Сям’я, у якой нарадзіўся першы прэзідэнт Ізраіля, жыла ў Моталі да 1894 года. Дом Вейцманаў пасля неаднаразова мяняў уладальнікаў, а ў канцы 1970-х стары дом перанеслі з цэнтральнай вуліцы ўглыб вёскі. Сёння ў доме, дзе нарадзіўся Хаім Вейцман, знаходзіцца музей.
Цікава, што Хаім — не адзіны кіраўнік Ізраіля з каранямі з Беларускага Палесся. Перабраўшыся ў Тэль-Авіў, малодшы брат Хаіма Вейцмана абзавёўся сям’ёй, у якой у 1924 годзе нарадзіўся Эзер Вейцман — будучы 7-ы прэзідэнт Ізраіля. І хоць па месцы нараджэння палітык ужо не меў дачынення да Моталя, але тым не менш карані ў яго таксама беларускія, мотальскія.
У 4-х кіламетрах на ўсход ад Моталя размясцілася вёска Моладава. Праз некалькі месяцаў пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы, якая прадугледжвала далучэнне Заходняй Беларусі да Польшчы, міністрам замежных спраў Польшчы стаў ураджэнец далучаных тэрыторый — Канстанцін Скірмунт з Моладава.
28 сакавіка 1922. Прыбыццё міністра замежных спраў Польшчы Канстанціна Скірмунта на Паўночны вакзал у Парыжы. Канстанцін Скірмунт — у цэнтры. gallica.bnf.fr
Польскі міністр быў прадстаўніком палескага шляхецкага роду Скірмунтаў. У 1792 годзе прадзед Канстанціна Сымон Скірмунт выкупіў у вядомага дзяржаўнага дзеяча, аўтара знакамітага паланэза «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага Моладава з суседнім Парэччам. З прыходам Скірмунтаў пачынаецца росквіт патэнцыялу палескіх земляў. З часам Моладава становіцца культурнай рэзідэнцыяй Скірмунтаў, а Парэчча — прадпрымальніцкай. Дзед міністра, Аляксандр Скірмунт, становіцца аўтарам першага беларускага патэнта, пры Скірмунтах у Моладаве і Парэччы адкрываюцца цукровыя заводы, бровары, а Парэцкая суконная фабрыка — найбуйнейшая ў Мінскай губерні — наладжвае пастаўкі сукна ў Мінск, Вільнюс, Кіеў, Варшаву, Маскву і іншыя гарады. Эксперты па заслугах ацэньваюць яе прадукцыю, фабрыка ўдастойваецца мноства ўзнагарод на міжнародных конкурсах. У той жа час Моладава наведваюць пісьменнікі і паэты. Ужо ў 2013 годзе міністр інфармацыі Беларусі (2017-2020) Аляксандр Карлюкевіч у сваёй кнізе «Старонкі радзімазнаўства» згадваў пра «немалую бібліятэку» маладоўскіх Скірмунтаў, якая, верагодна, збіралася некалькі стагоддзяў.
1922 год. Агітацыйная ўлётка: «Грамадзянін і грамадзянка! Не жадаеце новай вайны, а жадаеце згоды з суседзямі, галасуйце выбіраючы былога міністра замежных спраў Скірмунта, гэта значыць галасуйце за спіс Хрысціянскага Звяза Нацыянальнага Адзінства, спіс № 8». polona.pl
Канстанцін Скірмунт быў адным з арганізатараў у 1898 годзе Гродзенскага таварыства сельскай гаспадаркі, на пасяджэннях якога выступаў за ўсеагульную пачатковую адукацыю для дзяцей сялян. Ён з’яўляўся і членам Дзяржаўнай Рады Расійскай імперыі, быў адным з заснавальнікаў Польскага нацыянальнага камітэта. Стаўшы ў чэрвені 1921 года міністрам замежных спраў Польшчы, ураджэнец Моладава Канстанцін Скірмунт адыграў значную ролю ва ўзмацненні міжнародных пазіцый Польскай дзяржавы. У 1949 годзе Канстанцін Скірмунт памёр у польскім Вальжбіху, там жа і пахаваны.
Narodowe Archiwum Cyfrowe
Ад некалі велічных уладанняў Скірмунтаў у Моладаве — сядзібнага комплексу і парку, які век-два таму актыўна наведвалі дзеячы культуры і мастацтва — сёння засталася толькі капліца-ратонда, пабудаваная ў 1908 годзе. Побач з ёй — напаўразбураныя радавыя могілкі Скірмунтаў.
Краніца фота: Нацыянальная бібліятэка Польшчы, polona.pl
Палітычныя амбіцыі былі характэрны і стрыечнаму брату Канстанціна Скірмунта Раману Скірмунту. У адрозненне ад свайго сваяка, які прадстаўляў палітычныя інтарэсы Польшчы, Раман Скірмунт выступаў за аўтаномію Беларусі. Ён быў паслядоўнікам ідэалогіі «краёвасці», якая выводзіла на пярэдні план інтарэсы мясцовага насельніцтва. Менавіта яго, ураджэнца вёскі Парэчча Пінскага раёна, называюць Кіраўніком урада Беларускай Народнай Рэспублікі і яе прэм’ер-міністрам.
Раман Скірмунт нарадзіўся ў 1868 годзе. У тыя гады Моладава і Парэчча былі агульнымі ўладаннямі роду Скірмунтаў (пазней — іх падзялілі паміж сабой галінкі роду), а дабрацца з Моладава ў Парэчча можна было абмінаючы вёску Табулкі. У 1907-1917 гадах Раман Скірмунт быў намеснікам прэзідэнта Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Меў мандат дэпутата 1-й Дзяржаўнай думы Расіі, з’яўляўся членам Дзяржаўнай Рады. У 1915-1917 гадах узначальваў Беларускі народны камітэт.
Раман Скірмунт быў носьбітам беларускай самаідэнтычнасці. У 1917 годзе ён так пісаў пра свой род: «Я сам ураджэнец беларускага Палесся, нашчадак літоўскай сям’і, са старажытных часоў, спрадвеку аседлай у гэтым краі, і мае продкі да XVII ст. выкарыстоўвалі беларускую мову ў якасці хатняй». Сам палітык з жыхарамі Парэчча і наваколля размаўляў на мясцовым дыялекце беларускай мовы.
Раман Скірмунт у Італіі (фатаграфія з кнігі А. Смалянчука «Грамадзянін вольнага краю»)
Магчыма, у тым ліку праз гэта Раман Скірмунт карыстаўся аўтарытэтам сярод мясцовых жыхароў. У 2018 годзе выйшла 700-старонкавая кніга прафесара Аляксандра Смалянчука, прысвечаная асобе палітыка Рамана Скірмунта. Як сцвярджае аўтар, праца над выданнем доўжылася звыш 20 гадоў, а адна з частак прысвечана вуснай гісторыі — фактам і меркаванням, якія захаваліся ў памяці жыхароў Палесся. Вось як жыхары Парэчча адклікаліся аб Рамане Скірмунце (перададзены мясцовы дыялект):
«Очэнь-очэнь быв добры. Сочувствовал каждому бідному, помогал бідным. Як горыць хата, ці што, ці хлеў, да згарыць корова, плачуць людзі. [Прыходзіў Скірмунт:]: «Ты не бійся, это згорэла не твоя корова, а моя». Даваў [на] корову. Это я ўжо чула ад бацька. А калі землю прадаваў, хто бідны, стараўся цэну знізіці, ну, помогці людзям бідным. І он быв очэнь-очэнь хорошы» (Соф’я Хвясюк, 1933 г. н., вёс. Парэчча).
Раман Скірмунт і жыхары Парэчча, commons.wikimedia.org
Лёс палітыка склаўся трагічна. Пасля прыходу ў 1939 годзе савецкай улады Раман Скірмунт быў залічаны ў рады класава чужога элемента. Па загадзе мясцовага рэвалюцыйнага камітэта, ён быў расстраляны недалёка ад Парэчча. Падчас вайны парэшткі прэм’ер-міністра былі перапахаваныя ў парку Парэчча, які быў закладзены самім Раманам Скірмунтам за некалькі дзесяцігоддзяў да гібелі.
Ад некалі вялікай гаспадаркі ў Парэччы, апошнім уладальнікам якой быў Раман Скірмунт, захаваўся толькі будынак былога бровара. За 50 гадоў панавання савецкай улады прамысловы куток на Палессі не быў адноўлены.