“На шалях шчаслівых думак”

У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася незвычайна цёплая і чаканая сустрэча з паэтэсай Верай Буланда ў цэнтральнай бібліятэцы горада Жодзіна 17 лютага 2016 года.

Дзякуючы журналісту г. Жодзіна Колесавай Вікторыі і бібліятэкару-паэтцы Ірыне Хілюціч, мерапрыемства ў дні роднай мовы было арганізавана і праведзена з асаблівай адказнасцю, увагай і павагай да госці з Мінска, да яе творчасці. Спадарыня Вера была радасна ўзрушана, пабачыўшы шалі на стале і паперкі зеленаватага і ружовага колеру. “Выдумшчыца” гэтай дэкарацыі Ірына Анатольеўна Хілюціч растлумачыла, што ў адным з вершаў паэтэсы звярнула ўвагу на радок “Я на шалях шчасця…” і прапанавала выбіраць па чарзе лісточкі ружовыя, дзе ўнесены словы дабра, святла і г.д., зеленаватыя, дзе адзначаны словы болю і цьмянасці ў жыцці ці вершах аўтара. Распавесці што-небудзь, адштурхоўваючыся ад выбранага слова, або прачытаць верш, звязаны з ім.

З цікаўнасцю назіралі і слухалі прысутныя рознага ўзросту, якіх набілася поўная чытальная зала, вершы і расповеды з уласнага жыцця. Паэтэса прызналася, што не часта яна так адкрыта раскрывае некаторыя закуткі свайго лёсу. За што не стамлялася дзякаваць слухачам і чытаць, калі гэта “каханне”, то

 

Тэлефануй у час любы,

Мой любы.

І калі сорамна – нібы:

Вярнуць бы

Мае прысутнасць і давер,

Паверыць,

Што не адпраўлю і цяпер

За дзверы…

 

А калі трапілася слова “Боль” – з зеленаватай паперчыны, то прыгадаўся верш

 

Я размаўляю не з табой:

З нямымі сценамі і столлю,

З крыштальнай вазаю пустой,

Напоўненаю звонкім болем.

 

Я размаўляю не з табой,

Калі ўтрапёная, нямая,

Мне не патрэбны звонкі боль

І ваза на стале пустая.

 

Адмоўлюся ад нематы

І стану шчыраю з табою,

Як толькі вазу ўквеціш ты

І сэрца вызваліш ад болю.

Былі цёплыя ўспаміны пра радзімы куточак, тату і маму. Спадарыня Вера распавяла, як яе бацькі, нарадзіўшыся адзін у Беларусі, мама ў Расіі – на яблычнага Спаса, пазнаёміліся ў Маскве, як аднойчы тата спазніўся на спатканне, прыйшоў з кульком вішань, а дзяўчына расцёрла тыя вішні па твары. “Зразумеў той урок, і ўжо ніколі не спазняўся.., а аднойчы ў каханні прызнаўся,” – канстатуе паэтэса ў паэме “Кулёк вішань”. Перажывае па сёння, што рана сокал іх адышоў у цёмны свет, у гэтым годзе роўна 50 год.

 

Меншы брат у радні, лепшы бацька на свеце,

Гаспадарлівы муж, справядлівы з усіх,

Ты б устаў, паглядзеў, як жывуць твае дзеці,

Было б радасці больш. Калі б быў ты ў іх.

 

Было б шчасце, напэўна, і мама б так рана

Не пайшла б да цябе ў той магільны дамок,

Перад смерцю казала: “Чакае каханы

І трымае мне вішань газетны кулёк”.

 

У цэнтральнай бібліятэцы горада Жодзіна Веру Аляксандраўну чакала шмат сюрпрызаў. Адзін з іх – гэта прывітанне ад вучаніцы Антаніны Сяргееўны Бурко – выхаванкі ажно першых гадоў настаўніцтва спадарыні Буланда на Віцебшчыне. Аказваецца, Тоня пайшла па шляху педагогікі, узяўшы ў прыклад любімую настаўніцу, і зараз у СШ №8 горада Жодзіна выкладае беларускую мову і літаратуру, пра што распавялі яе вучні Ілля і Дар’я. Настаўніца сама не змагла прыйсці на сустрэчу і накіравала сваіх выхаванцаў, напісаўшы цудоўныя словы падзякі. Усім, але асабліва Веры Аляксандраўне, было прыемна чуць шчыры тэкст вітання і ўдзячнасці ад сваёй вучаніцы – з вуснаў ужо яе выхаванцаў, а ў падарунак – ружы.

Былі падарункі і ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” – усім, хто рыхтаваў паэтычнае свята, хто адказваў на пытанні, хто задаваў цікавыя пытанні, хто ўдзельнічаў у гутарцы, былі падораны паштоўкі “Не маўчым па-беларуску”, торбачкі з выявамі “Будзьма беларусамі!”, а таксама кнігі з аўтографамі аўтара.

Тэгі: