На гэтым тыдні ў выдавецтве «Янушкевіч» выходзіць чатыры кнігі, а «Брацтва пярсцёнка» можна будзе сёння набыць у Варшаве, паведаміла выдавецтва ў сваіх сацсетках.
«19 снежня, запрашаем у будынак Беларускага моладзевага хаба ў Варшаве на Дажынковай, 6А на старт продажаў «Брацтва пярсцёнка» Джона Р. Р. Толкіна, першай кнігі культавай трылогіі «Валадар пярсцёнкаў», у новым перакладзе Ігара Кулікова.
Літаральна паўгадзіны назад нам паведамілі, што на наш склад прывезлі наклад шыкоўнай біяграфіі кіраўніка БССР Мікалая Слюнькова, аўтарства гісторыка і журналіста Дзяніса Марціновіча. Гэта сапраўдны ўзор біяграфічнага нон-фікшну, так трэба пісаць кнігі! Яна чытаецца за адзін прысест. Настолькі захапляе.
Для літаратурных гурманаў мы падрыхтавалі выданне славутага рамана загадкавага польскага пісьменніка Станіслава Ігнацы Віткевіча «Ненасытнасць». Гэтая кніга выклікае галавакружэнне, не меней.
А для самых маленькіх мы выпускаем новае выданне першай кнігі пра ката Шпрота, якую напісала Ганна Янкута. Не паверыце, гэта быў наш першы беларускі бестселер, і гэта адбывалася ў далёкім і спакойным 2018 годзе. І мы рыхтуем да выдання яшчэ дзве кнігі пра прыгоды легендарнага мінскага ката Шпрота і ягоных сяброў!», — напісана на старонцы выдавецтва ў Фэйсбук.