Спрэчкі пра нацыянальную адукацыю ўсё больш нагадваюць дыскусіі купкі падпітых сябрукоў: паўстаюць раптоўна, гучаць хаатычна, заканчваюцца нічым. Публічныя прамовы з гэтай нагоды звычайна працуюць у фармаце сацыяльнай рэкламы – як прамоцыя пэўнай ідэі (звычайна даволі няўцямнай) і асобы (звычайна даволі вядомай). І, як кожная рэклама, патрабуюць не аргументаванай згоды, а эмацыйнай салідарнасці. Акей, хай будзе свой універ, ніхто не супраць. А што далей? І – самае істотнае – хто далей? Сюжэт з нацыянальным універсітэтам, рэанімаваны пару гадоў таму, пакуль дэманструе ўсе звычайныя хібы беларускіх праектаў: татальную адсутнасць стратэгічнага бачання, ціхую барацьбу за рэсурсы і мабілізацыю хаўруснікаў паводле асабістай адданасці.
Прыгажосць сітуацыі ў тым, што яна выглядае цалкам незразумелай. Хтосьці нешта рэгіструе ў Варшаве – і што з таго? Хтосьці нешта ладзіць у Мінску – хто і навошта? Крызіс палітычных праектаў спрыяе пераразмеркаванню высілкаў і рэсурсаў. Але праблема ў тым, што новы курс вызначаюць правераныя папярэднімі паразамі кадры. Яны адтуль, з мінулага. Жывуць мінулым. І таму здольныя пабудаваць толькі мінулае.
Чаму? Можа, таму, што мінулае забяспечвала ім статус і значнасць. Дазваляла працаваць па-савецку – праз адміністратыўныя манеўры і асабістыя дамовы. І забяспечвала нязменнасць наяўнага – у тым ліку і суполкі топ-менеджараў.
Спробы стварыць нацыянальны ўнівер у нашай стагнацыйнай дзяржаве сутыкаюцца з канфліктам спарахнелых механізмаў бюракратычнага кіравання (што, натуральна, патрабуе для праекта адпаведных “олдскульных” абаронцаў і агентаў ўплыву) і актуальных адукацыйных мадэляў (збольшага гэтым агентам незразумелых). Прасцей кажучы, універсітэт не будуюць, а “прасоўваюць”. Бо пакуль мэта – легалізавацца і замацавацца ў публічнай прасторы. Сціпленька. Далікатна. Каб не напалохаць. Каб ніхто не лямантаваў пра “прарыў нацыяналістаў”.
Мы з вамі. Разам. Мы ўжо амаль вашы. А там будзе бачна.
Што заганнага ў гэтай знешне цалкам лагічнай, схеме? Яна ператварае стварэнне нацыянальнай адукацыйнай установы з агульнай грамадзянскай справы ў прыватны адміністрацыйны праект. Праект па адаптацыі рамантычна-свядомага ў сістэмна-бюракратычнае, крыху аздоблены публіцыстычнай рыторыкай наўпрост з сярэдзіны 1990-х. Якая, зрэшты, стабільна застаецца ледзь не адзінай крыніцай ведаў пра тое, што і як будуецца кіраўнікамі новага ўнівера.
Паводле найноўшых заяваў ягонага рэктара спадара Трусава, бачна, што ў лік істотных патрабаванняў да кадраў – акрамя навуковых ступеняў і выкладчыцкага досведу – уваходзяць “беларускамоўнасьць у штодзённым жыцьці” і “сяброўства ў Таварыстве беларускай мовы”. Застаецца яшчэ дадаць абавязковую падпіску на газету “Наша Слова” – і вобраз адміністрацыйна кіраванай беларушчыны будзе канчаткова завершаны.
Калі б размова ішла пра чарговую філію ТБМ – няма пытанняў, гуляйцеся як падабаецца. Але калі разважаем, на хвіліначку, пра нацыянальны ўніверсітэт, пра генератар будучыні нацыі? І сярод асноўных чыннікаў – моўная лаяльнасць? Прабачце, гэта ніяк не пра адукацыю. Тым больш не пра вышэйшую.
Усё, што бачна – а таксама не бачна – з нагоды першых крокаў новай навучальнай установы, стварае ўражанне прынцыповага несупадзення асабістых амбіцый яе кіраўніцтва з ягонымі кампетэнцыямі. Кожная публічная заява выклікае пытанні. Наступная толькі замацоўвае ўражанне.
Магчымыя рэплікі “Гэта ж прыватная установа!” не ратуюць. Бо востра нагадваюць танныя адмазкі начальнікаў ЕГУ, ад якіх даводзілася абараняць акурат тое, што яны ўзначальвалі. Прыват не здымае пытання якасці менеджменту і грамадзянскай адказнасці. І тут трэба абіраць: альбо вы – маленькі прыватны бізнес купкі энтузіястаў, і тады тэма “нацыянальнага ўніверсітэта” здымаецца аўтаматычна. Альбо ўсё ж нацыянальны праект? У гэтым выпадку пачынаюць працаваць зусім іншыя параметры. І патрабуюцца якасна іншыя эксперты, супольнікі ды рэсурсы.
Бо пакуль не пакідае адчуванне відавочнай, як сказаў бы Валянцін Акудовіч, канцэптуальнай памылкі.
Новы ўнівер пачынаецца неяк не так. Не з публічных дыскусій, а з размеркавання пасадаў. Не з канцэптуальнай прапрацоўкі мадэлі будучай установы, а з хаўрасавання прыязных ды зручных. Не з публічна празрыстага працэсу стварэння эфектыўнай адукацыі новага стагоддзя, а з напружаных пошукаў побытава беларускамоўных.
Што ўсё ж першаснае – сяброўства ў ТБМ ці якасць мыслення?
Ёсць імавернасць ператварэння чарговай спробы нацыянальнага ўнівера ў чарговы фэйк-праект – помнік адміністратыўнаму дагматызму, карпаратыўнай пыхлівасці ды моўнаму патрыятызму.
І не кажыце, што так тут перамагаюць. Бо дзе тыя перамогі?
Час нарэшце развітацца з ілюзіямі наконт таго, што белмова – знак якасці і безумоўная перавага. Свядома адмовіцца ад лінгвістычнай чысціні на карысць эфектыўнага шматмоўя і кроскультурных камунікацый. І адпаведная праграма – не траўматычная вайна за матчыну мову, а пашырэнне беларускай прысутнасці ў міжнародным кантэксце. Інтэрвенцыя айчыннай тоеснасці. Уласнаручнае разбурэнне ўлюбёнага гета.
Пра гэта варта разважаць ужо цяпер. І спадзявацца, што яшчэ магчыма штосьці паправіць.
Але тады трэба трохі пасунуцца. Саступіць там, дзе ўжо не цягнеш. Запрасіць у лідары свежую кроў – маладых менеджараў і выкладчыкаў з заходнім досведам, еўрапейскім дыпломам і сістэмным мысленнем.
І запытацца ў іх, як быць. А не на якой мове яны спяваюць у лазні.
Максім Жбанкоў
Меркаванне калумністаў сайта budzma.org можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі “Будзьма беларусамі!”