«Мы на вайне», «па законах ваеннава врэмені», «кругом врагі»... — гэтыя тэзы мы звыкліся ўспрымаць з іроніяй. Дзед, маўляў, прыдумаў сабе вайну — з народам ды ўсім светам — і сам у яе ваюе. Але не ўсё так проста.
Некалі Клаўзэвіц пісаў, што вайна — гэта працяг палітыкі «іншымі сродкамі». Праз 100 год Людэндорф напісаў, што палітыка — усяго толькі працяг вайны. А вайна насамрэч ёсць справай усіх і кожнага. Не толькі чалавека ў пагонах. Так з’явілася тэза пра «татальную вайну», а за ёй і пра «татальную мабілізацыю» грамадства.
Алесь Кіркевіч. Фота з асабістага архіва
Аб чым гэта?
Даўней лічылася, што вайну вядуць прафесіяналы — вайскоўцы. Усе іншыя — плацяць падаткі і назіраюць. Калі вораг заходзіць на тваю тэрыторыю — чакай, сядзі ціха, пакуль вернуцца «свае». Бо вайна — для вайскоўцаў. Ім за гэта плацяць. Не твая справа.
Сітуацыя пачала змяняцца пасля Французскай рэвалюцыі. І канчаткова змянілася ў ХХ ст. Ужо пасля Першай сусветнай стала ясна, што ваюе (або не ваюе) усё грамадства. Ад пазіцыі цывільнага насельніцтва залежыць вельмі шмат: даваць ці не даваць навабранцаў, грошы, прадукты, транспарт, урэшце — кветкі маршыруючым па бруку вайскоўцам.
Таму пацыфісцкімі ўлёткамі закідвалі не толькі пазіцыі ворага, але і мірныя варожыя гарады. Каб — былі яшчэ больш мірнымі. Бо задача прапаганды: зрабіць так, каб грамадства ў варожай дзяржаве не падтрымлівала вайну.
Адсюль і тэзы пра тое, што ваюе не толькі вайсковец на фронце, але і рабочы на заводзе, і шматдзетная маці, і журналіст, і лістанош, які раскідвае павесткі. У ХХ ст. гэтую тэзу, распрацаваную ад пачатку немцамі, прынялі ўсе: ад брытанцаў ды ізраільцян да СССР. Ніякай перамогі без актыўнага ўключанага грамадства не бывае.
Чаму капаць акопы ніхто не пойдзе?
Не ведаю, ці чытаў чалавек з аўтаматам без ражка Клаўзэвіца і Людэндорфа, але тэзу пра «татальную вайну» па-свойму ўсё ж разумее. Таму кожныя выбары — гэта «вайна». Кожны нязгодны — «вораг». Кожны актывіст ці журналіст — «замежны шпіён». А нестыкоўкі ў гаспадарцы — гэта, канешне, «сабатаж». Такі пасьянс.
Так званая выбарчая кампанія ў Беларусі, 2024 год. Фота: «Наша Ніва»
Шмат хто дзівіўся: навошта была поўная зачыстка НДА, ажно да «Аховы птушак Бацькаўшчыны»? А ў вачах рэжыму — гэта мабілізацыйны капітал ворага. І на выпаленае поле мелі прыйсці «правільныя» НДА, якія б забяспечылі падтрымку кіруючай лініі. Але ніхто не прыйшоў. У сістэме, дзе караецца любая ініцыятыва і нават на суботнік без загаду выйсці ніхто не асмеліцца, сваёй грамадскай супольнасці быць не можа. Няма грамадзянаў.
І тут самае цікавае.
У рэжыму ёсць сілавы апарат: дэсантнікі, памежнікі, ДАІ... Ёсць вертыкаль: гарвыканкамы, дэпутаты, Народны сход. Але грамадства — «сваё» грамадства — адсутнічае. Ніякія прафсаюзы, «Чырвоны Крыж» ці ячэйкі БРСМ у крытычны момант не пойдуць капаць акопы.
Але ж хочацца, каб народны фронт падтрымкі быў шырокім і гучным. Хаця б для галачкі. Так і з’яўляюцца ўсе гэтыя «Нада!» з сумнымі перапужанымі бюджэтнікамі. Сходы з банерамі «Время выбрало нас», падобныя на памінкі. Або — цётачка з чырвона-зялёным сцягам на стадыёне ў Варшаве, з якой зараз лепяць нязломную гераіню з народа.
Цётачка з чырвона-зялёным сцягам на стадыёне ў Варшаве. Фота: «Наша Ніва»
Чаму так сталася?
У адрозненне ад класічных таталітарызмаў у нас усё завязана на адной асобе. Класічны таталітарызм — гэта ідэалогія, партыя, арганізацыі, саюзы, мастацтва, літаратура, кіно... Лідар — толькі «адзін са спісу», на яго месца можа стаць іншы. Ну а тут — стэрыльнасць. Бо сістэма працуе так, каб ніхто не мог канкураваць з «Першым». А... раптам апынецца лепшым?
Сістэма працуе так, каб ніхто не мог канкураваць з «Першым»
Ідэалогія — гэта адсутнасць ідэалогіі. А выбарка публічных асобаў вельмі спецыфічная. Або шэрыя тэхнакраты, або — фрыкі. Тэхнакраты не надзеленыя ініцыятывай. Фрыкі — не надзеленыя ўладай. Людзі ў пінжаках з «Белай Русі» ці Народнага сходу разумеюць, што нічым не кіруюць. Яны статысты, а іх структуры — мёртвыя. Фільтр не прапусціць туды нікога з амбіцыямі ды ўласнымі планамі.
Сход «Время выбрало нас»
Атрымліваецца гісторыя пра Урфіна Джуса і драўляных салдатаў. Там таксама не было патрэбы ў партыі, ідэалогіі, мастацтве ды — самім грамадстве. Драўляная армія жыла столькі, колькі Урфін Джус, а Урфін Джус — столькі, колькі яго армія. Гэта насамрэч пра самоту і адсутнасць хоць якой будучыні.
Пытаннечка да нас з вамі
Не варта лічыць, што тэзы пра «татальную вайну/мабілізацыю» — гэта тупы мілітарызм і прывітанне ад дыктатураў ХХ ст. Ані Ізраіль, ані Украіна без мабілізацыі ўнутраных рэсурсаў грамадства аб’ектыўна не выцягнулі б. Там ваюе не толькі армія, але — народ.
І тут ужо гаворка пра нас з вамі.
У адрозненне ад дубаломаў Урфіна Джуса, беларусы (прынамсі, за мяжой) маюць ініцыятыву, рэсурсы, магчымасці, гарызантальныя сувязі, таленты. Ніякія палітык ці кіруючы орган нас тут не стрымліваюць. Іншае пытанне, ці засталіся жаданне і мэта, каб мабілізавацца ды — пусціць гэта усё ў агульную справу?
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
Чытайце яшчэ: «Вашыя дэмакратычныя каштоўнасьці на хлеб не намажаш». Лявон Вольскі пра выбары ў ЗША і ў Беларусі