Прайшло ўжо багата часу з моманту публікацыі папярэдняга нарысу серыі, і бадай, самы час нагадаць пра тэму ізноў. Гэтым разам пагаворым пра тых, хто рабіў наліўкі ды настойкі ды ўтрымліваў гэтую своеасаблівую “гаспадарку” ў парадку. У вялікіх дамах за гэта адказвалі асобныя супрацоўнікі, часцей за ўсё – жанчыны, прычым часта шляхецкага паходжання. Бо такую адказную працу (вялося ж пра здароўе сябе, любімых) немагчыма было даверыць людзям ніжэйшага стану. Называлі іх “паннамі аптэчковымі”, ад “аптэчкі прыемнай” – закрытай на замок шафы з разнастайнымі скарбамі смаку – не толькі хатняга вырабу алкаголем, але і спецыямі, зёлкамі, “цукрамі”, пернікамі, канфітурамі, пазней таксама кавай і гарбатай. Усе гэтыя запасы належала своечасова папаўняць і быць гатовай у любы момант даць справаздачу гаспадару (часцей – гаспадыні). Дарэчы, аптэчка прыемная ў значнай частцы была адпаведнікам хатняй аптэчкі як такой, бо шмат якія настойкі з зёлак і лічыліся лекамі ад тых ці іншых хваробаў, а прафесійных лекараў не хапала нават на заможныя сем’і,так што часта іншых лекаў і не ведалі.
Былі тое сапраўды панны, г.зн. жанчыны незамужнія, бо клопату з той аптэчкай было столькі, што часу на сям’ю не заставалася. І самымі вялікімі майстрыцамі гэтай справы ганарыліся не менш чым кухмістрамі, давалі належнае ўтрыманне, а пры нагодзе яны нават маглі знайсці неблагую партыю. У свой час прагрымеў ці не на ўсю Літву выпадак з Эльжбетай Унароўскай (Elżbieta Wnorowska), паннай аптэчковай паноў Пацаў з іх маёнтку Езна (цяпер Езнас у Літве). Было гэта ў 1772 г., рыхтык падчас 1-га падзелу РП, а занатаваў гэты выпадак славуты мемуарыст Марцін Матушэвіч. Панна Эльжбета была далёкай сваячкай Пацаў і змалку выхоўвалася ў іх доме. Яна яшчэ падлеткам пачала дапамагаць панне аптэчковай, навучылася добра разбірацца ў хатняй медыцыне і гарэльніцтве, а з цягам часу і заняла яе месца. Была “поўнай прыгажосці і прывабнасці”, і ледзь дасягнула 24 гадоў. Яе рукі пачаў дамагацца шляхціч Задорскі, прыстойны і нябедны, але панна Эльжбета ўсё ніяк не магла наважыцца.
Пасля году бясплённых заляцанняў пан Задорскі, добра ведаючы месца на ўскрайку пушчы, дзе панна Эльжбета разам з дваровымі дзяўчатамі збірае зёлкі, падвячоркам пад’ехаў туды з некалькімі пахолкамі, схапіў панну, пасадзіў на свайго каня, і галопам умкнуў у сваю сядзібу. Назаўтра, ужо заручаныя, маладыя ў поўнай згодзе з’явілася перад Пацамі з просьбай дазволіць шлюб. Жыццё маладой пары складалася шчасліва, панна Эльжбета, здаецца, ніколі не пашкадавала пра выкраданне. І не забывалася штовосень высылаць да двору Пацаў вялікі кош са сваімі фірмовымі наліўкамі ды канфітурамі.
Наліўка Казюковая віленская
0,5 л цёмннага соладавага піва змяшаць з 0,33 л піва тыпу “портэр”. 2 ст. лыжкі цукру рашчыніць у некалькіх лыжках гарачай вады. Астудзіць, дадаць да піва. Асцярожна, па лыжцы, стала перамешваючы, дадаць 0,75 л спірту… (Хм, дзе ўзяць? Цяпер не ліхія 90-я з іх “Абсалютызмам”… Гарэлкі, хіба?). Заліць у вялікую бутлю, шчыльна закаркаваць. Пакінуць у цёмным прахалодным месцы на 3 дні. Асцярожна прафільтраваць праз фільтр-паперу, пакінуць у цёмным прахалодным месцы на 3 месяцы.
Наліўка літоўская “Пасі-конік”
Пра шматзначнасць азначэння “літоўская” ці трэба нагадваць? Але гэта старонак на 50… Давайце прапусцім – потым неяк, пры нагодзе. Конік, дарэчы, не той, што на стайні іржэ, а той, што ў канюшыне стракоча. Таму што на зёлках садовых. Наліўка вядомая таксама як “Слёзы коніка” або “Суседка”.
0,25 л мёду
3 ст. лыжкі свежых пялёсткаў ружы
1 ст. лыжка пасечанай зеляніны руты (літоўскі “акцэнт”!)
Па 1 лыжачцы мускатнага арэху, імбіру і гваздзікоў
1 л 70% спірту (хм, ізноў ад бутлегераў?!)
1 ст. лыжка лісця мяты перачнай
0,7 л цукровага сіропу
0,1 л лімоннага соку
Заліць пялёсткі ружы ў бутэльцы лімонным сокам, дадаць астатнія зёлкі і спецыі, затым даліць 70% спіртам, перамяшаць, шчыльна закаркаваць і пакінуць у цяпле на 3 тыдні. Працадзіць праз густое сіта і фільтр-паперу, уліць у гарачы цукровы сіроп, перамяшаць, працадзіць праз шчыльнае палатно (фланэль), пакінуць у цёмным прахалодным месцы на 3 месяцы. (Асадак выпадае даволі хутка і лёгка фільтруецца,таму асабліва прагныя могуць пакаштаваць і раней.) “Пасі-конік” мае чырвона-карычневы колер, мяккі водар і востры смак. Піць найлепей пры 14-16°C.
Наліўка літоўская апельсінавая
4 апельсіны
1 ½ лімоны
1 л спірту
850 цукру (ну вельмі соладка!)
Цытрусавыя добра вымыць і апарыць кіпенем. Старанна ачысціць ад скуркі, у тым ліку ад белай мязгі. Сок з апельсінаў выціснуць, працадзіць праз густое сіта і фільтр-паперу, захаваць у халодным месцы. Падзяліць на долькі, нарэзаць малымі кавалкамі. Пакласці ў бутлю, шчыльна закаркаваць і пакінуць на 16 дзён. Працадзіць праз густое сіта, ізноў уліць у бутлю, шчыльна закаркаваць, пакінуць яшчэ на некалькі дзён. Абабраныя скуркі заліць 1,5 літрамі кіпеню, гатаваць на вельмі слабым агні 6 гадзін. Пакінуць астужацца і настойвацца на суткі. Працадзіць праз густое сіта, скуркі выкінуць. Настой на скурках змяшаць з алкагольным настоем, шчыльна закаркаваць, пакінуць яшчэ на 2 тыдні. Рашчыніць цукар у ½ л халоднай вады. Змяшаць з апельсінавым сокам і алкагольным настоем, разліць па бутэльках, шчыльна закаркаваць і пакінуць у цёмным прахалодным месцы на 2 месяцы або болей.
Алесь Белы