Сталічны тэатр узначаліў рэжысёр з Расіі

Мастацкім кіраўніком сталічнага Новага драматычнага тэатра стаў рэжысёр Юрый Папоў. Яго прозвішча з’явілася на сайце калектыва, піша zerkalo.io.

Jury Papoŭ
Юры Папоў. 2015 год. Фота: bnkomi.ru

Папоў родам з Расіі. Яму 53 гады, ён працаваў у мясцовых правінцыйных калектывах. Адносна нядаўна пераехаў з сям’ёй у нашу краіну, стаў выкладаць у сталічнай Акадэміі мастацтваў і паставіў у Камерным драматычным тэатры (гэта прыватны праект Наталлі Башавай) спектакль «Кругі на вадзе». Пастаноўку пад такой жа назвай ён рабіў у правінцыйным расійскім горадзе Северску, што ў Томскай вобласці.

У лютым 2026 года Башава стала дырэктарам Новага драматычнага тэатра. У канцы красавіка яна паставіла ў гэтым калектыве свой першы спектакль – «Маладая гвардыя» паводле аднайменнага скандальнага твора савецкай літаратуры. Цяпер жа яна запрасіла Папова на працу ў свой калектыў.

Першым спектаклем рэжысёра ў новым статусе стала пастаноўка па творы рускай літаратуры – «Чудзікі» Васіля Шукшына.

Папоў – не першы прадстаўнік Расіі на чале беларускіх тэатраў. У 2025-м мастацкім кіраўніком мінскага Опернага стаў расіянін Арцём Макараў.