Лета — самы час для смачных і асвяжальных напояў. У гэтым выпуску «Будзьма!» дзеліцца простымі рэцэптамі напояў, якія пілі яшчэ нашыя продкі. А вы пасля прагляду відэа зможаце парадаваць імі сваіх блізкіх і сяброў. У перыяд летняй спёкі такія напоі стануць смачным паратункам, які спатоліць смагу і ўзбадзёрыць.
Квас з чорнага хлеба
Нашыя продкі пачалі рабіць квас вельмі даўно: з крыніц вядома, што першы раз квас узгадваецца ў Х стагоддзі, а рэцэптаў гэтага напою існуе вялікае мноства. Квас рабілі з крупаў і ягадаў, але самы папулярны быў і застаецца квас хлебны.
Чорны хлеб нарэзаць невялікімі кавалачкамі і падсушыць у духоўцы цягам 15–20 хвілін пры тэмпературы 160 градусаў. Сушыць хлеб можна яшчэ проста расклаўшы на падаконні, але на гэта сыдзе некалькі дзён. Можна выкарыстоўваць мікрахвалёўку ці печ, але тады варта пастаянна сачыць за сухарамі, каб не згарэлі.
Вады спатрэбіцца з разліку на 100 г сухароў — 1,5 літра вады. Сухары закінуць у цёплую ваду, даць пакіпець 10 хвілін, потым пакінуць да 6 гадзін настаяцца і набраць колер, сцадзіць ад хлебнай мякіны.Затым дадаць мёд і дрожджы. На 1 літр вадкасці — 50 грамаў мёду і 2 грамы сухіх дражджэй. Іх лепш дадаваць у вадкасць тэмпературай каля 30 градусаў, пры высокай тэмпературы дрожджы не спрацуюць. Добра вымешаць і пакінуць у цяпле — напой павінен саспець праз двое сутак. Гатовы напой разліць па бутэльках, закаркаваць і ахалодзіць. У хатнім квасе могуць патрапляцца часцінкі хлеба, таму яго наліваць лепш праз фільтр.
Узвар з чарэшні з мятай
Гэты рэцэпт даволі просты. На літр вады спатрэбіцца 200 грамаў чарэшні, вішні ці слівы. Варыць садавіну каля 40 хвілін, каб ягады аддалі вадзе ўвесь свой смак. Калі ўзвар пачне астываць, пакаштуйце, ці дастаткова вам цукру. Калі ягады былі не надта салодкія, то можна дадаць у напой яшчэ крыху цукру. Астылы напой пераліць у збан, дадаць некалькі лісткоў свежай мяты. Каб водар і смак мяты раскрыўся напоўніцу, варта перад тым, як дадаваць яе ў напой, крыху пацерці лісткі альбо пастукаць імі аб руку. Перад падачай напой добра ахаладзіць. Ягады з узвара выкідаць не варта, іх можна з’есці ў якасці дэсерту.
Нашыя продкі здаўна летам сябе цешылі ўзварамі не толькі і з садавіны, а яшчэ і з раслінаў: рамонак, ліпа, кроп і шмат што іншае наталяла смагу стагоддзі таму.
Чытайце яшчэ: «Зялёны», «Сыры» і «Мізэрыя» — тры хуткія і смачныя салаты нашых продкаў. Гатуем з «Будзьма»
Клубнічна-вяршковы халодны напой
Клубніцы памыць і выдаліць пладаножкі, затым парэзаць на кавалачкі і стаўчы да стану сочыва, дадаць вяршкі, узбіць і даць насыціцца напою смакам клубніцаў. Па жаданні можна ахаладзіць напой ільдом.
Такі аналаг сучаснага малочнага кактэйлю быў папулярны сярод заможнай шляхты і магнатаў, нават летам у іх мог быць лёд!
Лёд нарыхтоўвалі ўзімку і захоўвалі яго ў адмысловых сутарэннях, пабудова якіх каштавала велізарных грошай.
Для такога кактэйлю неабавязкова выкарыстоўваць клубніцы, можна вішню, маліну, чарніцы ці парэчку. Любыя ягады на ваш густ.
Калі вам складана таўчы ягады ўручную, то можна скарыстацца блэндарам, але тады ў вашым напоі не будуць трапляцца кавалачкі ягадаў.
На адну вялікую порцыю спатрэбіцца 150 г ягад і 200 мл вяршкоў.
Чытайце яшчэ:
«Літоўскі халаднік» у летнюю спёку. Гатуем з «Будзьма!»