Лета — той час, калі вельмі даступная свежая гародніна, таму мы падрыхтавалі для вас рэцэпты трох хуткіх і карысных салатаў, што елі яшчэ нашыя продкі. У летнюю спёку, калі не хочаца цяжкай ежы, такія вітамінныя салаты як раз тое, што трэба, можна падаваць іх з мяснымі стравамі альбо есці як цалкам самастойную страву.
Цяжка сказаць, чаму смачны, асвяжальны салат са свежых агуркоў называецца «Мізэрыя», што па латыні значыць бедны, але любілі яго есці і заможныя людзі. Такі салат падавалі са смажанам індыкам яшчэ з часоў Казіміра Ягелончыка.
Гатуецца ён вельмі проста. Ачышчаныя маладыя агуркі нарэзаць, пасыпаць 1 чайнай лыжкай солі, дадаць крыху цукру, вымешаць, пакуль не пойдзе сок з агуркоў. Пасячы пук кропу, пасыпаць ім агуркі, заправіць смятанай і папярчыць перад падачай.
Нам спатрэбіцца на порцыю:
Агуркі — 200 грамаў
Пук кропу
Дзве сталовыя лыжкі смятаны
Соль, перац і цукар — па смаку
Гэты салат, як і «Мізэрыю», гатавалі здаўна і маглі падаваць да мясных страваў, але ён смачны і як самастойная страва. Капусту тонка насячы і парэзаць упоперак. Чырвоную цыбулю парэзаць паўкольцамі, а моркву проста натаркаваць. Дадаць па смаку соль і перац, смятану і лыжку гарчыцы гарошкам, добра вымешаць і даць яму крыху насыціцца, перад падачай можна ўпрыгожыць салат зялёнай цыбуляй.
Нам спатрэбіцца на порцыю:
Капуста — 200 грамаў
Цыбуля — 50 грамаў
Морква — 50 грамаў
Лыжка гарчыцы гарошкам
Дзве сталовыя лыжкі смятаны
Соль і перац — па смаку
Гэты салат з’явіўся яшчэ за часамі каралеўскага роду Вазаў, прыкладна ў XVI стагоддзі і быў папулярны сярод знаці. Лісткі зялёнай салаты добра вымыць, выкласці на талерку ці ў салатніцу і заправіць соўсам. Соўс гатуецца з нятлустай смятаны, натаркаванага часнаку, солі і перцу. Перад запраўкай салата соусу лепш даць насыціцца смакамі з гадзіну. Салату паліць соусам, дадаць варанае яйка, парэзанае папалам і крыху гарчыцы гарошкам. Смачнае есці!
Нам спатрэбіцца на адну порцыю:
Салата — 150 грамаў
Дзве сталовыя лыжкі смятаны
Зубчык часнаку
Яйка
Соль, перац і гарчыца — па смаку