Ва Уздзенскім раёне поўным ходам ідзе аднаўленне сядзібы «Наднёман» — радавога маёнтка вядомага ва ўсёй Еўропе беларускага вучонага-фізіка Якуба Наркевіча-Ёдкі, вынаходніка электраграфіі, беларускага Тэслы, піша reform.news. Фонд імя Наркевіча-Ёдкі падзяліўся ў сацсетках фотаздымкамі сядзібы — на гатычным палацы ўжо крыюць дах.
Фота: сацсеткі сядзібы Якуба Наркевіча-Ёдкі
Рэстаўрацыя сядзібы, згодна з інфармацыяй Фонда на чале з кандыдатам фізіка-матэматычных навук Уладзімірам Самуйлавым, пачалася ў 2015 годзе. Тады было запланавана ўзнаўленне сядзібы «Наднёман» да стану, максімальна набліжанага да жыцця тут Наркевіча-Ёдкі ў 1870-я — 1900-я гады.
Фота: сацсеткі сядзібы Якуба Наркевіча-Ёдкі
Будаўнічыя работы пачаліся з 2016-га, і на момант 2018 года была рэканструявана ўязная брама з флігелямі, кумысніца, карэтны хлеў і бровар.
Пра працяг рэстаўрацыі на аб’екце паведаміў у 2023 годзе галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Аляксандр Крывіцкі — сядзіба з’явілася адным з некалькіх помнікаў у Мінскай вобласці, дзе работы па аднаўленні не спыніліся. А рэстаўрацыйныя працэсы ішлі і пры падтрымцы мясцовых уладаў.
У ліпені 2023 года Фонд пачаў дзяліцца фотаздымкамі бягучых зменаў і дадаткова распавядаць пра спадчыну беларускага вынаходніка, «пра дзіўныя эксперыменты і адкрыцці Наркевіча-Ёдкі, чыё імя ў XIX стагоддзі ведала ўся адукаваная Еўропа і называла «электрычным чалавекам».
Сёння ў адноўленага гатычнага палаца ўжо з’явілася частка даху — і работы будуць працягвацца.
Так выглядаў сядзібны комплекс да рэстаўрацыі. Фота: narkevich-jodko.org
А гэта здымак быў зроблены ў 2024 годзе. Фота: сацсеткі сядзібы Якуба Наркевіча-Ёдкі
Фонд мае амбітныя планы: у сядзібе «Наднёман» плануецца стварыць музей-лабараторыю вучонага, а таксама навукова-адукацыйны цэнтр з метэаралагічнай і навуковымі лабараторыямі.