Пісьменніца Ганна Златкоўская адказвае на пытанне, ці шкадуе яна аб 2020 годзе, з-за якога кардынальна змянілася яе жыццё. Шчыры тэкст пра тое, як праз боль і страты знайсці шлях да сябе і навучыцца адчуваць прыгажосць жыцця кожны дзень.
Ганна Златкоўская
Нядаўна ў адным інтэрв’ю мяне спыталі, ці не шкадую я аб 2020 годзе, з-за якога змянілася ўсё маё жыццё. Маўляў, хадзіла на маршы, пісала пра іх, і вось цяпер няма роднага дому, але ёсць крымінальная справа і эміграцыя.
Адказ відавочны. Больш за тое, нават людзі, якія апынуліся за кратамі, адказваюць так жа.
Вакол мяне няма ніводнага чалавека, які б шкадаваў аб мірных пратэстах і ўдзеле ў іх. Кожны ганарыцца, што аднойчы выйшаў на вуліцу (і ў думках гучыць тая самая песня).
Увогуле я ўдзячная зменам у жыцці.
Дзякую Богу кожны дзень, што не трапіла ў палон беларускай турмы, бо ведаю па расповедах былых палітзняволеных, якая гэта цемра. І кожнага, хто пабываў там, хочацца моцна абняць і сказаць словы падтрымкі, якія насамрэч не перададуць увесь боль і жах перажытага імі.
Удзячная, што жыццё зрабіла такі кульбіт, і я даведалася найперш аб сабе. Калі ты жывеш у стабільным асяроддзі (свая кватэра, сябры, свая краіна, і кожны яе кут табе знаёмы, нават цёмны), не разумееш, на што ты здольны, а на што — не. Як пераадольваеш стрэс, як стасуешся з зусім незнаёмымі людзьмі, калі побач няма ніводнага знаёмага. Які твой галоўны страх і што насамрэч для цябе шчасце?
Калі я бегла з сынам з Беларусі, збіраючы толькі самыя неабходныя рэчы (і тое на пару тыдняў, так думала тады), я паклала ў чамадан сукенкі! Нават у момант шоку я жадала перш за ўсё быць прыгожай. Смешна, так, але як ёсць.
Мае сябры, акрамя некалькіх чалавек, апынуліся зусім чужымі асобамі. Вельмі цяжкае пачуццё, калі азіраешся на мінулае, успамінаючы, колькі гадоў вы былі разам, а выйшла, што гэта фікцыя, падман. Потым, канешне, разумееш, што недарэмна 2020 стаў пераломным, ён падкрэсліў кожнага і вызначыў шлях наперад з усімі важнымі прынцыпамі і мараллю. Мінулае было сапраўдным, проста без гэтай адметнай рысы. А цяпер: абыякавыя — направа, неабыякавыя — хто куды: замежжа, турма альбо ўнутраная эміграцыя. І за гэта таксама падзяка, бо інакш у жыцці не з’явілася б такая колькасць цудоўных новых сяброў і сябровак.
Яшчэ змены падкрэслілі тое, што дабро заўсёды існуе, яно ідзе побач, быццам анёл, трымаючы цябе за руку.
Раней гэтага не заўважаў, бо нешта добрае ўспрымаецца як звычайнае, без рэфлексіі, які гэта цуд. А тут — хоба! — на фоне выключнага кашмару бачыш, колькі навокал тых, хто падтрымлівае цябе — хто грашыма, хто словамі, хто сувязямі з іншымі знаёмымі, якія абавязкова дапамогуць.
Кожны чалавек — як пацалунак Бога. Цікава, што пакуль жыла ў Беларусі, у мяне не было столькі знаёмых, як ёсць зараз. Мяркую, у многіх кола сяброў пашырылася — і зноў вітаем, 2020!
Нават дэпрэсія, якая ўзнікла з-за вымушанага пераезду, і тая стала важным момантам — пазнаёміцца з сабой з дапамогай псіхолага.
Знешнія змены вымусілі пайсці на змены ўнутраныя, і гэта стала асаблівым кайфам — углыбляцца ў таямніцы сваёй душы. Разуменне, чаму адбываюцца тыя або іншыя падзеі і як я магу рэагаваць на гэты свет — з болем і злосцю або з любоўю і падзякай. Дазваляць нарэшце сабе быць рознай — слабай, моцнай — без бясконцага кантролю і абавязку быць правільнай.
Шчасце стала не нейкай недасягальнай марай, а звычайным кожным днём, калі побач мая сям’я. Дзе б мы ні жылі, галоўнае для нас — быць разам.
«Мой дом там, дзе ты», — сказаў аднойчы мой муж, і гэта насамрэч так. Мы нібы жвавыя шчанюкі, радуемся ўсяму на свеце — сонцу, дажджу, утульным вечарам у нашай здымнай кватэры, добраму фільму або прагулцы на прыродзе. І скажу шчыра: такога пачуцця жыцця да 2020 года ў нас не было.
Ці шкадую я, што так змяніўся наш лёс? Адказ відавочны.
Ганна Златкоўская, Budzma.org