«Ад не забі чалавека да не забі чалавецтва». Алесь Адамовіч і яго роля ў антыядзерным руху

На фоне новай гонкі ўзбраенняў, ядзернага шантажу, ваенных канфліктаў ля межаў атамных станцый і рыторыкі «удараў адплаты», словы «трэцяя сусветная» больш не здаюцца фантастыкай. Падобна, чалавецтва не вывучыла антыядзерныя ўрокі гісторыі. У гэтым кантэксце ў межах штогадовага чарнобыльскага тыдня Экадом узгадвае пра адзін з самых актыўных антыядзерных галасоў канца ХХ стагоддзя, пра якога незаслужана мала ведаюць — беларускага пісьменніка і актывіста Алеся Адамовіча.

Alieś Adamovič Алесь Адамовіч


— Сёлета спаўняецца 80 гадоў з дня атамных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі. У наступным — 40 гадоў з моманту аварыі на Чарнобыльскай АЭС. І ў гэтым кантэксце немагчыма не ўзгадаць Адамовіча, які зрабіў сваёй місіяй барацьбу за тое, каб у чалавецтва была будучыня, — расказвае Андрэй Архіпенка, стваральнік ініцыятывы «Прыпынак Адамовіча».

Алесь Адамовіч нарадзіўся ў 1927 годзе ў сям’і ўрачоў, дзядуля па мамінай лініі быў раскулачаны і сасланы саветамі. Прайшоўшы другую сусветную сярод партызан, Алесь пачаў пісаць ваенную прозу, атрымаў званне доктара філалагічных навук, а ў 1966 быў адхілены ад выкладання ў МДУ за адмову падпісаць ліст з асуджэннем антысавецкіх пісьменнікаў.

У савецкія 1980-я Адамовіч набыў вядомасць і як актыўны грамадскі дзеяч антыядзернага руху. Задоўга да Чарнобыльскай катастрофы, пісьменніка ўсхвалявала пагроза ядзернага апакаліпсісу. 

«На планеце няма дзвярэй з надпісам «Запасны выхад. Няма куды бегчы будзе ў выпадках ядзернага пажару», — напісаў Адамовіч у 1981 годзе,

трапна папярэдзіўшы: пры ядзернай вайне чалавецтву не будзе куды бегчы ратавацца.

Алесь шмат ездзіў па свеце, удзельнічаў у міжнародных антываенных канферэнцыях і маршах свету, выступаў з дакладамі і даваў інтэрв’ю на тэму прадухілення ядзернай катастрофы. У 1982 годзе Адамовіч увайшоў у склад дэлегацыі БССР на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Йорку, дзе на сусветнай трыбуне прагучаў яго голас за ядзернае раззбраенне. У тым жа годзе ў СССР прайшоў Марш Міру. Пісьменнік не баяўся публічна выступаць супраць гонкі ўзбраенняў нават у разгар халоднай вайны.

26 красавіка 1986 года выбух на Чарнобыльскай АЭС назаўжды змяніў жыццё Адамовіча і ўсяго свету. У ноч катастрофы ён ляцеў на лячэнне на Каўказ, але даведаўшыся пра здарэнне, адразу пачаў збіраць інфармацыю, дамагаючыся галоснасці.

Актывіст сустрэўся ў Мінску з вучонымі-фізікамі, Прэзідэнтам АН БССР М.Н. Барысевічам і дырэктарам інстытута ядзернай энергетыкі АН БССР У. Несцярэнка, спрабуючы зразумець, што адбылося. Тое, што ён даведаўся, зрынула Адамовіча ў шок, прымусіўшы адным з першых адкрыта казаць пра маштабы трагедыі. Ужо 1 чэрвеня 1986 года, Адамовіч перадае ліст Гарбачову з мэтай данесці да кіраўніцтва СССР і ўсяго свету сапраўдныя маштабы чарнобыльскага бедства для Беларусі». 

У адказ партыйныя савецкія чыноўнікі арганізавалі ў друку ягонае цкаванне, закляйміўшы Адамовіча «пацыфістам» і «панікёрам».

30 верасьня 1989-га ў Мінску прайшоў Чарнобыльскі шлях — першая масавая падобная акцыя. Падчас мітынгу на плошчы Леніна, Адамовіч выступаў: «Чарнобыль звязаны не толькі з вялікай хлуснёй, але і з прамымі злачынствамі — службовымі злачынствамі. І, вядома, мы ўсё прыйдзем да экалагічнага Нюрнберга. Гэта непазбежна».

Čarnobyĺski šliach
Першы Чарнобыльскі шлях. Фота Уладзіміра Сапагова, vytoki.net

— Адамовіч ставіў трагедыю Чарнобыля ў адзін шэраг з самымі вялікімі бедствамі беларускай гісторыі — з расстрэламі ў Курапатах і спаленай фашыстамі Хатынню, — тлумачыць Андрэй. — «Віноўных у Чарнобылі трэба судзіць. Таму што, калі мы не спынім гэтую безадказнасць, гэтую кругавую паруку і вялікую хлусню на ўсіх узроўнях, мы не выратуемся... ад непазбежных новых катастроф», — пісаў ён, заклікаючы пакончыць з сістэмай замоўчвання.

Гэтую пазіцыю падзялялі многія, і ў 1989-м у Мінску па ініцыятыве Адамовіча, Васіля Быкава, Зянона Пазняка і іншых адбыўся «Грамадскі Чарнобыльскі трыбунал» — сімвалічны суд, які фіксуе праўду пра тое, што адбылося.

Alieś Adamovič
Прамаўляе Алесь Адамовіч. За ім стаіць Зянон Пазьняк. Фота: С. Чырык, vytoki.net

Адначасова пісьменнік асэнсоўваў Чарнобыль у літаратурным жанры. У 1986 годзе ён завяршыў аповесць-антыўтопію «Апошняя пастараль», апублікаваную ў часопісе «Новы свет». У 1987 годзе скончыў сцэнар дакументальна-мастацкага фільма «Імя гэтай зоркі — Чарнобыль».

— Нямногія ведаюць, але кінакампанія Columbia Pictures адобрыла сцэнар, а рэжысёрам пагадзіўся стаць Стэнлі Крамер, стваральнік фільма аб ядзернай пагрозе «На беразе», — дзеліцца Андрэй. — На жаль, па асабістых прычынах Крамер не змог прыступіць да здымак, і фільм так і застаўся на паперы. Праз дзесяцігоддзі сцэнар лёг у аснову аднайменнай кнігі, якая ўвабрала артыкулы Адамовіча аб катастрофе, яго дзённікавыя запісы і лісты тых гадоў.

Дзейнасць Адамовіча не абмяжоўвалася СССР: ён устанавіў цесныя сувязі з антыядзерным рухам за мяжой. У канцы 1980-х пісьменнік супрацоўнічаў з глабальным рухам Beyond Wars/ «Без войн», пабываў у шматлікіх краінах Еўропы, у ЗША і Японіі з лекцыямі аб Чарнобылі і пагрозе ядзернай вайны. Адмысловае месца заняла Японія — адзіная краіна, якая перажыла атамную бамбардзіроўку. У канцы 1990-1991 Адамовіча запрасілі прачытаць лекцыю ва ўніверсітэце ў Нагасакі і паўдзельнічаць у антыядзерным маршы ў Токіа. Пісьменнік казаў пра Чарнобыль як пра «новую Хірасіму», распавядаў пра маштабы трагедыі і зблізіў Беларусь і Японію ў вачах японцаў. Падчас другога візіту Адамовіч разам з актрысай Камакі Курыхара сабраў мільён японскіх ен (7000 у.а. па курсу 1990 або каля 17 000 долараў на сённяшнія грошы) на патрэбы дзяцей, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС). Па адной з версій, гэтыя грошы ён увёз у Беларусь употай у валізцы. Тады ж Адамовіч сабраў сродкі для гематалагічнага цэнтру ў Мінску.

Alieś Adamovič

Вясной 1989 года ў Беларусі па ініцыятыве Адамовіча пачаў стварацца дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобыля», які ўзначалілі яго аднадумцы Генадзь і Ірына Грушавыя.

— Заклікам Адамовіча і Грушавых стаў лозунг «Дапаможам сабе самі!». Ён знайшоў водгук у многіх у той час і застаецца актуальным і сёння, — падкрэсліваюць у Экадоме.

Алесь Адамовіч памёр 26 студзеня 1994 г. у Маскве ва ўзросце ўсяго 67 гадоў. Ён да канца жыцця адстойваў ідэалы гуманізму і праўды, а яго ўклад у антыядзерны рух неацэнны. «Пайшоў Адамовіч — і ў свеце не стала чалавека, які б гэтак жа, як ён, змагаўся за нашу будучыню», — сказаў пра яго акадэмік Яўген Веліхаў.

У 2027 годзе будзе афіцыйна адзначацца 100-годдзе пісьменніка. Ініцыятыва «Прыпынак Адамовіча» запісвае ўспаміны тых, хто быў знаёмы з антыядзернай дзейнасцю пісьменніка, каб стварыць фільм пра яго, актуальнасць якога расце разам з пагрозай новай гонкі ўзбраення. Падтрымаць гэтую працу можна па спасылцы.