У апошні дзень перад пастом у абласным грамадска-культурным цэнтры Брэста ладзілі вяселле. 27 лістапада сюды прыехалі самабытныя фальклорныя калектывы з Драгічынскага і Пінскага раёнаў. Артысты паказалі, як варта ладзіць шлюб згодна з ўсімі народнымі традыцыямі. У абрадзе прынялі ўдзел нават нігерыйцы.
Як належыць, усё пачыналася са сватання, замешвання і выпечкі каравая, яго ўпрыгожвання. Каравайніца Маня Рубец з вёскі Вавулічы Гутаўскага сельскага клуба Драгічынскага раёна запрасіла аўтара радкоў зрабіць заказ і паведаміла, што пакуль няма праблем з тым, каб выпечы такі прыгожы каравай. Ёсць яшчэ майстрыхі на вёсцы, хоць ужо і даволі паважанага ўзросту.
– А «падошву» каравая ў нас традыцыйна аддаюць пасля гарманісту, – зазначыла вясковая жанчына.
Маладых адпраўлялі на вянчанне ў царкву і сустракалі з яе, таргаваліся за пасаг (пуховыя падушкі і пярыну) і, зразумела, ладзілі перапой. Перапой па-мясцоваму – гэта абрад дарэння з прыгожымі і вясёлымі пажаданнямі. Да працэсу далучыліся нават цёмнаскурыя нігерыйскія студэнты, што дадало вяселлю яшчэ больш унікальнасці. «Хлопцы з суседняга сяла», як назваў іх сват, таксама пераймалі паляшуцкія скокі.
Ролі маладых цудоўна выканалі рэжысёр народнага тэатра і мастацкі кіраўнік Драгічынскага ГДК Кацярына Зіновіч і Аляксандр Карыціч. Кацярына, ўзрушаная, падзялілася, што быццам нанова перажыла сваё вяселле. Аляксандр пакуль не жанаты, таму мяркуе ўзяць нешта з вясельнага народнага абраду, калі будзе жаніцца. На яго думку, гэта дапаможа зрабіць сучаснае вяселле больш цікавым і разнастайным.
Па словах загадчыцы аддзела традыцыйнай культуры абласного грамадска-культурнага цэнтра Ларысы Быцко, артысты прыехалі абсалютна бясплатна, не разлічваючы на нейкія дывідэнты. Але кожны з іх – сапраўдны скарб народнасці, таго, што, на жаль, сыходзіць ад нас, але што можна яшчэ паказаць, запісаць і пераняць. На гэта і разлічаны праект «Рух зямлі», які ладзіцца ў АГКЦ не першы год.
Сяргей Мошчык, Вечерний Брест
Тэгі: Берасце