З даўніх часоў людзі намагаліся ўладкаваць сваё жыццё, гарманізаваць яго з навакольным светам. Адным са спосабаў гэта зрабіць стаў святочны каляндар. Назіраючы за цыклічнасцю ўсяго існага, нашы продкі ўладкоўвалі свой быт згодна з прыроднымі законамі. Кола святаў і «асаблівых» дзён стварыла неабходную рытмічнасць жыцця. А абрады і рытуалы дадалі пачуцця кантролю і бяспекі: запаліш вогнішча — дапаможаш нарадзіцца новаму Сонцу, якое пераможа холад і зіму.
Гуканне вясны ў «Вязынцы». Фота: Альфрэда Мікуса
Такім чынам, народны каляндар — гэта не проста прыгожыя традыцыі і звычаі, гэта адзін з падмуркаў устойлівасці, уладкаванасці карціны свету і адпаведна — псіхічнага здароўя людзей. Ён і сёння можа даць апору і падтрымку ў такіх зменлівых і няўстойлівых абставінах.
А беларускі народны каляндар яшчэ мае сваю адметнасць — амаль усе вялікія святы ў нас адзначаюцца двойчы: па юльянскім і грыгарыянскім календарах.
Адгулялі Масленку, зіму правадзілі і чакаем лета. Яшчэ няма ўстойлівага цяпла — можа і мароз вярнуцца, і завея.
Што і як святкавалі (і святкуюць) беларусы ў сакавіку?
1 (па грыгарыянскім календары) і 14 (па юльянскім) сакавіка — у старажытнасці з гэтага дня пачынаўся новы год. У хрысціянскай традыцыі таксама 1 сакавіка лічыцца днём стварэння свету. Ад гэтага часу ўжо чакалі сталага пацяплення.
Сёння ў народным календары дзень называецца Аўдакей (Яўдоха, Галдакей, Аўдоцця Вясноўка) і лічыцца не вельмі спрыяльным для хатніх справаў. Таму іх стараліся не рабіць, а ішлі гукаць вясну.
Увогуле прыкмячалі, якое надвор’е будзе ў першыя 4 дні сакавіка. Лічылася, што яны прадкажуць, якім будзе наступны год. Першы дзень пакажа, якая прыйдзе вясна, другі — якім будзе лета. Трэці і чацвёрты прадкажуць надвор’е на восень і зіму.
4 сакавіка — у гэтым годзе адзначаецца Зборава субота (першая субота перадвелікоднага посту). Гэта час збору селяніна на працу ў полі.
На Усходнім Палессі праводзілі абрад «споведзі дзяжы». Некаторыя даследчыкі адзначаюць, што рытуал ачышчэння дзежкі праводзяць на велікодным тыдні. Дзежку мылі, націралі соллю, хмелем, цыбуляй. Падпярэзвалі жаночым поясам, накрывалі новым абрусам і ставілі з таго боку, дзе ўзыходзіць сонца.
6 (па грыгарыянскім календары) і 19 (па юльянскім) сакавіка — Язэп. Адзіны дзень сярод посту, калі можна было абрацца шлюбам. У народзе казалі: «Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту».
Крыніца: nashkraj.info
9 (па грыгарыянскім календары) і 22 (па юльянскім) сакавіка — Саракі. Усё ў гэты дзень звязанае з лічбай 40. Пяклі 40 булачак, збіралі 40 каменьчыкаў, ламалі 40 трэсак і г. д. У хрысціянскай традыцыі гэта дзень памяці сарака пакутнікаў.
Крыніца: sb.by
На Саракі клікалі вясну — спявалі вяснянкі, падкідалі ўгару рытуальнае печыва ў выглядзе птушак. Чакалі прылёту 40 выраяў — то-бок адкрыццё выраю і вяртання на зямлю продкаў.
Дзяўчаты варажылі: раскладалі на ганку піражкі і клікалі сабаку — чый першы з’есць, тая і замуж першая пойдзе. Таксама гушкаліся на арэлях (каб камароў улетку няшмат было), перакідвалі праз страху 40 трэсак, каб быць паспяховымі ў пошуках яек дзікіх птушак.
Лічылася, калі на Саракі быў мароз, то пасля іх будзе яшчэ сорак маразоў. У продкаў нават свая сістэма лічэння была: у некаторых раёнах пяклі 40 галушак і елі па 1 на кожны мароз. У некаторых — збіралі 40 каменьчыкаў і выкідалі па адным, як прымаражвала.
12 (па грыгарыянскім календары) і 25 (па юльянскім) сакавіка — Рыгор. Народны каляндар гэты дзень лічыць паказальнікам надвор’я і ўраджайнасці будучага года:
— Калі лёд на затоках не растае, а тоне, увесь год будзе цяжкім
— Туман падае — да сонца, паднімаецца — да непагадзі
— Глядзяць, з якога боку ад мурашніка пачынае таяць снег: калі з паўднёвага — лета будзе кароткім і халодным
— Калі дзень туманны, будзе год на лён і каноплі ўраджайны
Гэтым жа днём прываблівалі птушак ільняным ды канапляным насеннем да родных угоддзяў, каб потым не блукалі ды не несліся па чужых дварах.
13 сакавіка — Васіль-капельнік. У гэты дзень нельга было прасці лён і пяньку, таму што, маўляў, можна «адслініць замураваную зіму», у выніку чаго зноў надыдуць зімовыя халады. У гэты дзень заўсёды чакалі адлігі.
Крыніца: gubkin.city
25 сакавіка (па грыгарыянскім календары) — Дабравешчанне (Звеставанне). У хрысціянскай традыцыі гэта дзень, калі анёл прынёс Дзеве Марыі «добрую вестку» аб будучым нараджэнні Хрыста.
У народным календары гэта пачатак новага працоўнага года. Да гэтага дня на зямлі не працавалі. На само Звеставанне існавала строгае табу на любую працу — непажадана было нават прычэсвацца. Нельга было прыносіць нічога з лесу, саджаць на яйкі квактуху, паліць агонь у печы.
Як і на Саракі, гукалі вясну. Карагодамі і спевамі дапамагалі ёй хутчэй уступіць у свае правы.
У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з манаграфіі Алены Ляшкевіч «Традыцыйны каляндар. Нарысы» (Мн., 2022).
Падрыхтавала Ева Вятрыскіна, budzma.org