Культурныя адметнасці кожнага народа праяўляюцца ў розных сферах жыцця. Бадай, найбольш яскравыя іх праявы можна назіраць праз народны каляндар: тут і рытуальныя дзеянні, якія паказваюць асноўныя заняткі, і традыцыйная вопратка, і адметнасці кухні, і праявы грамадскіх і роднасных стасункаў... І ўсё гэта грунтуецца на каштоўнасцях і глыбіннай карціне свету таго ці іншага народа.
Народны каляндар беларусаў, багаты і цікавы — прымеркаваны да руху нябесных свяцілаў і цыклаў земляробчых работ, з імі звязаных. Да таго ж наш каляндар мае свае асаблівасці: амаль усё мы святкуем двойчы — па старым (юльянскім календары) і новым (грыгарыянскім календары) стылі — з прыкладнай розніцай у 2 тыдні.
Лістапад — канчаткова размяжоўвае лета і зіму. Чалавек пераходзіць з шырокай прасторы палёў, лясоў у больш вузкую — свой падворак, хату. Звычаі, абрады і рытуальныя дзеянні таксама ў большасці пераходзяць у хату. Стаюць больш «камернымі»: збіраюцца толькі блізкія сваякі, абрады больш сямейныя.
Але сувязь з усёй грамадой не губляецца. Глыбокая восень і палова зімы — час вячорак. Дзе можна было пагутарць «па душах», падзяліцца вопытам, «пахвастацца» сваімі ўменнямі, папрасіць парады ў старэйшых ды проста пазабаўляцца і адпачыць.
2 лістапада — беларускія каталікі адзначаюць Задушны дзень. Дзень памінання продкаў. Сёння ён вядомы як Дзяды і з’яўляецца агульным святам для абедзвюх плыняў.
У гэты дзень прынята прыбірацца ў хаце, наведваць касцёл, наведваць могілкі. А галоўнае — ладзіць памінальную вячэру. На вячэру збіраюцца ўсе сваякі, а таксама запрашаюцца Дзяды (душы памерлых продкаў). Для іх асобна ставіцца прыбор і пакідаецца частка прыгатаваных страў.
Чытайце яшчэ: Як адзначыць Дзяды ў горадзе: чэк-ліст ад «Будзьма беларусамі!»
5 лістапада — у гэтым годзе адзначаюцца Змітраўскія Дзяды (Асяніны, Восеньскія Дзяды). Гэта памінальны дзень у праваслаўных. Прыпадае на суботу напярэдадні Змітра (8 лістапада).
Звычаі і рытуалы — тыя ж, што і на любыя Дзяды (у беларусаў такія дні памяці адзначаюцца некалькі разоў на год). Прыбрацца дома, па магчымасці паклікаць на вячэру сваякоў. Прынята запальваць свечы і «клікаць» на вячэру не толькі жывых сваякоў, але і душы тых, хто ўжо сышоў з гэтага свету.
8 лістапада — Змітрок (Зміцер, Дзмітры). У гэты дзень была забарона на прадзенне, ткацтва, працу ў полі. Таксама называлі «хітрым» днём. Бо хутка пачнецца Піліпаўскі пост, а Вясельніца сканчваецца. У народзе казалі: «Да Змітра баба хітра, а па Змітры — мужчына хітры». Гэта азначае, што да гэтага дня дзяўчаты «перабіралі» жаніхоў. Але калі да гэтага часу дзяўчына не пабралася шлюбам, шанцы завесці сям’ю ў гэтым годзе імкнуцца да нуля.
11 лістапада — Марцінаў дзень. Сёння ён амаль не адзначаецца. Але ёсць меркаванні, што раней гэты дзень святкаваўся больш маштабна. Лічылася, што адсюль пачынаецца сапраўдная зіма. Было прынята смажыць гусей.
Таксама гэта свята млынароў. Рэкі ўжо ледзянелі, і праца вадзяных млыноў спынялася. У некаторых рэгіёнах было прынята піць гарэлку на жорнавах альбо прыносіць ахвяру вадзяніку — апусціць пад кола кавалак сала, кумпяк ці свіныя вантробы. Рабілася гэта, каб узімку галодны нячысцік не злізваў змазку з млынарнага кола.
Фота: photoclub.by
14 лістапада — Кузьма і Дзям’ян. Другая «частка» свята ў гонар святых-апекуноў асноўных сялянскіх прац: сенакосу, жніва, малацьбы. Першая «частка» — 14 ліпеня.
Таксама гэты дзень лічыўся святам кавалёў. Таму ў кузнях праца забаранялася. Цікава, што найбольш гэты дзень шанавалі незамужнія дзяўчаты. Бо лічылі, што «нябесныя кавалі» дапамагаюць «скаваць» моцную даўгавечную сям’ю.
14 (па новым стылі) і 28 (па старым стылі) лістапада — Піліпаўка (Піліпаўскі пост). Пачатак вялікага (4-х альбо 6-цітыднёвага) перадкаляднага паста.
21 лістапада — Міхайла. Лічылася апошнім святам гадавога цыкла. Пасля — новае кола, пачынаючы з Калядаў.
Звязвалі дзень з моцнымі халоднымі вятрамі, якія нават страху садраць маглі (дзень яшчэ называлі Міхайла-страхалуп). Каб не раззлаваць і не пакрыўдзіць святога, у гэты дзень не пралі, не секлі нічога сякерай. Не рэзалі нажом. У Барысаўскім раёне і па сёння захаваўся абрад пераносу Міхайлаўскай свячы.
24 (праваслаўныя) і 25 (каталікі) лістапада — адзначаецца дзень св. Кацярыны. Гэты персанаж у беларускім фальклоры ўвабраў у сябе рысы і язычніцкай валатоўны Кацярыны, і хрысціянскай святой. Адзначаецца некалькі разоў на год. Прычым праваслаўнымі — толькі двойчы (24 лістапада і 7 снежня), а каталікамі — ажно 6 разоў (13 лютага, 9, 22, 24 сакавіка, 30 красавіка, 25 лістапада).
Фота: старонка ў ВК «Беларускі свет»
Асабліва ўшаноўваўся дзень дзяўчатамі: варажылі на «суджанага-раджанага», прасілі шчаслівага шлюбу, лёгкіх родаў.
У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з манаграфіі Алены Ляшкевіч «Традыцыйны каляндар. Нарысы» (Мн.: 2022)
Падрыхтавала Ева Вятрыскіна, budzma.org