Апошнім часам складваецца ўражанне, што ў айчыннай літаратуры існуе толькі адна прэмія – імя Ежы Гедройца. Між тым, у Беларусі можна налічыць каля двух дзясяткаў іншых узнагарод. Чым яны адрозніваюцца паміж сабой? І ці маюць шанец стварыць канкурэнцыю Гедройцу?
Сакрэт поспеху любой літаратурнай прэміі – у шэрагу фактараў (аб’ектыўных і суб’ектыўных). Звернем увагу на некалькі з іх.
Першы фактар – творы, якія прэтэндуюць на ўзнагароду, і аўдыторыя, якая цікавіцца гэтымі сачыненнямі. Зыходзячы з яго можна вылучыць некалькі груп.
Да вузкагаліновых прэмій аднясем узнагароду часопіса “ПрайдзіCвет” (для перакладчыкаў), прэмію імя Адама Бабарэкі (для крытыкаў), а таксама “Экслібрыс” (для твораў дзіцячай літаратуры. Хоць тут можна казаць не так пра прэмію, як пра конкурс). Калі браць пад увагу ўзрост патэнцыйных пераможцаў, да гэтай групы можна далучыць прэмію “Дэбют” імя Максіма Багдановіча (яе атрымліваюць творцы, маладзейшыя за 35 гадоў).
Рэгіянальныя ўзнагароды прысуджаюцца ў кожнай з абласцей ад імя аблвыканкамаў. Напрыклад, літаратурная прэмія імя Уладзіміра Калесніка – у Брэсце. З гэтым рэгіёнам таксама звязаная Мядовая літаратурная прэмія, пераможца якой атрымоўвае пуд мёду.
Так бы мовіць, “суб’ектыўныя” прэміі могуць быць заснаваныя адным чалавекам (“Залатая літара” Адама Глобуса) або суполкай (“Блакітны свін”, які прысуджаецца “Літаратурным прадмесцем” і ўручаецца за “нонканфармізм і здольнасць захаваць творчую “самасць”; “Гліняны Вялес”, заснаваны Таварыствам Вольных Літаратараў). Праўда, у такіх прэміях адсутнічаюць намінацыі. Таму дастаткова цяжка даведацца пра крытэры, згодна з якімі паэт А. апярэдзіў празаіка Б.
Нарэшце, яшчэ адна група – прэміі, якія часткова звязаныя з літаратурай. У сваю чаргу тут вылучым дзве падгрупы. У першую з іх аб’яднаем дзяржаўныя ўзнагароды (Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, прэмія Саюзнай дзяржавы, прэмія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, прэмія Міністэрства абароны і г.д.). Яны ўручаюцца за творы як літаратуры, так і мастацтва (у пэўны год пісьменнік можа іх наогул не атрымаць). У другой падгрупе – узнагароды, заснаваныя Беларускім ПЭН-цэнтрам (прэміі імя , Францішка Багушэвіча і Францішка Аляхновіча). Яны ўручаюцца, адпаведна, за найлепшую публіцыстычную і гістарычную кнігі года, а таксама за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. Але зноў-такі, тут могуць перамагчы і нелітаратурныя творы.
Існаванне ўсіх названых прэмій (нягледзячы на іх розны статус, вагу і аўтарытэт) надзвычай спрыяе літаратурнаму працэсу. Але не сакрэт, што цяпер прыгожае пісьменства не выклікае такой цікавасці ў грамадства, як тое назіралася ў савецкія часы. Чытацкі ажыятаж (як здаровы, так і нездаровы) можа абудзіць толькі тая ўзнагарода, на якую зможа прэтэндаваць як мага большая колькасць кніг. Прычым у празаічным жанры. Бо звычка знаёміцца з драматургіяй і паэзіяй у нашай шырокай аўдыторыі амаль адсутнічае (п’есы чытаюць рэжысёры, паэзію – іншыя паэты).
На перамогу ў якіх прэміях могуць прэтэндаваць усе празаікі без абмежаванняў па ўзросце і месцы пражывання? Акрамя прэміі імя Гедройца існуе яшчэ дзве ўзнагароды, дзе ёсць празаічныя намінацыі. Але лаўрэатамі “Залатога апострафа” (узнагарода часопіса “Дзеяслоў”) могуць стаць толькі аўтары часопіса, у той час як шматлікая частка чытацкай аўдыторыі апрыёры арыентуецца на кніжную, а не часопісную прадукцыю. “Залатым купідонам” (заснаваны дзяржаўным Саюзам пісьменнікаў Беларусі) ганаруюцца сябры гэтай арганізацыі. Таму калі выбраць у якасці крытэру ахоп аўдыторыі, прэмія імя Гедройца пакуль не мае канкурэнцыі.
Другі фактар і адначасова сакрэт поспеху літаратурнай прэміі – існаванне прыстойнай грашовай сумы, якую атрымлівае пераможца. Для творцы гэта сведчыць пра павагу да яго працы. У дадатак істотна, што грашовы складнік стварае сур’ёзную інфармацыйную нагоду для СМІ, якія ў іншых выпадках не звяртаюць на літаратурныя прэміі аніякай увагі. А сума, якую атрымлівае пераможца, непазбежна выклікае пярэчанні і зайздрасць сярод калег па літаратурным асяродку. Таму ажыятаж робіцца непазбежным.
Але фінансавае пытанне ў беларускай літаратуры – адно з самых няпростых. Некаторым прэміям (напрыклад, “Глінянаму Вялесу”) наогул уласцівая адсутнасць грашовага складніка. Часцей за ўсё сума, якую атрымліваюць пісьменнікі, невядомая. Магчыма, афіцыйна не зафіксаваная, каб заахвоціць патэнцыйнага спонсара. Зрэшты, грошы, якія атрымліваюць лаўрэаты, не надта вялікія. У прыватнасці, пераможца глобусаўскай “Залатой літары” можа разлічваць на 111 еўра. Сціплыя сумы маюць і пераможцы “Залатога Купідона”. Адзіная адкрытая інфармацыя адносна гэтай прэміі тычыцца красавіка 2007-га. У тым годзе за першае месца ў кожнай з дзесяці намінацый можна было атрымаць 15 базавых велічыняў (465 тысяч Br), што на той момант складала крыху больш за 200 даляраў.
На першы погляд, лаўрэат прэміі імя Гедройца і тут не мае канкурэнцыі. Сапраўды, сёлета Ігар Бабкоў атрымаў чэк на 130 мільёнаў Br (10 тысяч еўра) ад IdeaBank. Але самая вялікая ўзнагарода чакае лаўрэата Дзяржаўнай прэміі РБ. Цяпер існуе ўсяго тры прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры, якія прысуджаюцца праз год. Памер кожнай складае 3500 базавых велічынь (на дадзены момант 525 мільёнаў Br, або каля 52,5 тыс. даляраў). Але беларускія літаратары атрымліваюць прэмію нячаста. Апошнім пераможцам сярод іх стаў паэт Міхась Башлакоў, адзначаны ў 2008-м за зборнікі паэзіі “Нетры” і “Палын. Чарнобыль”. У 2010 і 2012 гадах пісьменнікі сярод лаўрэатаў адсутнічалі. А калі прэмію ўручаюць нерэгулярна, чытач страчвае да яе цікавасць.
Калі аналізаваць сітуацыю, уласцівую апошнім гадам, відавочны кантраст: уручэнне большасці ўзнагарод робіцца падзеяй літаратурнага асяродку. А вось прэмія імя Гедройца мае розгалас у сферы культурніцкага, а часам і грамадскага жыцця. Ці сведчыць гэта пра манаполію, якая ўтварылася ў беларускай літаратуры са з’яўленнем гэтай узнагароды? Магчыма, але толькі пра часовую.
Каб абгрунтаваць сваю думку, спынюся на двух момантах. У палажэннях і ўмовах некаторых прэмій пазначана, што яны могуць уручацца пісьменніку толькі адзін раз. У рэальнасці гэтым правілам негалосна кіруюцца амаль усе аргкамітэты. Выключэнняў усяго некалькі (напрыклад, Ганна Янкута двойчы была адзначаная прэміяй “Дэбют” імя Максіма Багдановіча – спярша ў складзе каманды часопіса “ПрайдзіСвет”, потым асобна). Акрамя таго, нягледзячы на дастаткова вялікую колькасць прэмій, ніводны пісьменнік не атрымаў за адну і тую ж кнігу некалькі ўзнагарод.
Пра што сведчаць гэтыя акалічнасці? Пра адсутнасць выразных кніг-лідараў. Пра раз’яднанасць літаратурнага асяроддзя. А таксама пра недахоп прэмій. Бо амаль ніхто не можа сабе дазволіць такую раскошу, як двойчы або тройчы ўзнагароджваць аднаго і таго ж аўтара, калі ў “чарзе” чакаюць іншыя. Гэта стварае магчымасць узнікнення іншых прэмій. Засталася “дробязь”: знайсці спонсараў! Імаверна, тут будзе дарэчы ідэя Андрэя Федарэнкі, які прапанаваў “скінуцца” ўсім ахвочым. Але пытанне піяру новай прэміі нашмат больш вырашальнае.
Дзяніс Марціновіч