«Наш Грунвальд» у лічбах і фактах

15.07.2019 Афіша

Ужо ў гэтыя выходныя, 20-21 ліпеня, у музейным комплексе Дудуткі адбудзецца дзесяты юбілейны фестываль славы беларускай зброі «Наш Грунвальд 2019».


Фестываль традыцыйна будзе прысвечаны ваеннай і свецкай культуры, традыцыям нашых продкаў, а адным з яго галоўных падзей стане рэканструкцыя адной з самых маштабных падзеяў сярэднявечнай Еўропы – Грунвальдскай бітвы.

Сёння, 15 ліпеня, у гадавіну легендарнай бітвы, узгадаем некалькі знакавых лічбаў і фактаў з гісторыі фестываля “Наш Грунвальд”, прысвечанага гэтай слаўнай старонцы ваеннай гісторыі нашай краіны.

11-ты раз у гэтым годзе будзе ладзіцца фестываль «Наш Грунвальд». На сённяшні дзень гэта найстарэйшы фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі ў Рэспубліцы Беларусь.

609 гадоў у 2019-м спаўняецца славутай Грунвальдскай бітве, да якой, уласна, і прымеркаваны фестываль «Наш Грунвальд». Грунвальдская бітва - адна з тых слаўных старонак ваеннай гісторыі нашай краіны, якая шмат у чым прадвызначыла шлях яе развіцця на наступныя стагоддзі.

Pic (4).jpg

Штогод у першы дзень фестываля адбываецца тэатралізаваная рэканструкцыя разнастайных эпізодаў «Грунвальдскай бітвы», у межах якой ўзнаўляюцца тактычныя перасоўванні войскаў, узводзяцца абарончыя збудаванні, прымае ўдзел артылерыя, конніца і абложныя машыны.

10 000 чалавек у мінулым годзе наведвалі фестываль «Наш Грунвальд». З лакальнага тэматычнага фэста, які ўпершыню адбыўся ў 2008 годзе, "Наш Грунвальд" вырас у найбуйнейшую падзею для рэканструктараў і стаў сапраўдным святам для меламанаў і аматараў гісторыі Беларусі.

500 прадстаўнікоў ад клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі бяруць удзел у фестывалі «Наш Грунвальд». На сённяшні дзень «Наш Грунвальд» - самы шматлікі па колькасці ўдзельнікаў-рэканструктараў фестываль у Беларусі. У мерапрыемствах фестываля прымаюць удзел прадстаўнікі клубаў з Беларусі, Расіі, краін Еўропы.

6 турніраў для ваенна-гістарычных клубаў адбываецца ў межах фестываля. Сярод іх: рыцарскія турніры ў пешым страі ў фармаце «шчыт-меч», турнір алебардыстаў і капейшчыкаў, турнір лучнікаў, масавыя бітвы - бугурты, сярэднявечныя манёўры, «Бітва Двароў», турнір «пяцёрак» іншыя. Гэта рэкордная колькасць сярод беларускіх фестываляў сярэднявечнай ваеннай рэканструкцыі.


30 разнастайных інтэракцыйных і анімацыйных лакацый арганізаваны на тэрыторыі музея Дудуткі для гасцей фестываля «Наш Грунвальд». Сярод іх: лагер шатландскіх горцаў, лагер інквізітараў, настольныя гульні, стральба ў лучным і арбалетным цірах, манетны двор, фехтавальная зона, пляцоўка Battle Game, Arrow Fight і многае іншае.

На фестывалі «Наш Грунвальд 2019» упершыню будзе ўзведзена «Рыцарская паласа перашкод», адбудуцца «Гульні горцаў».

Pic (5).jpg

5 краін свету ў межах фестываляў ладзяць поўнакантактныя конныя турніры на цэльнадраўляных дзідах з каранэлямі па правілах XV стагоддзя. У мінулым годзе ў іх лік увайшла і Беларусь. На фестывалі «Наш Грунвальд 2018» упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі атрымалася арганізаваць падзею падобнага маштабу. У гэтым годзе арганізатары плануюць паўтарыць адмысловы турнір –ён стане галоўнай падзеяй другога фестывальнага дня.

80 рамесных майстэрань розных кірункаў прадстаўляюць свае вырабы на традыцыйным кірмашы фестываля «Наш Грунвальд». Старажытныя ўпрыгажэнні, посуд, лялькі, кованыя і ганчарныя вырабы, вырабы з лёну, традыцыйнае адзенне і нават зброя – уся прадукцыя дакладна падпадае пад тэматыку фестываля і адлюстроўвае атмасферу сапраўднага сярэднявечнага кірмаша.

25 музычных калектываў зайграюць на 2 сцэнічных пляцоўках у межах музычнай праграмы фестываля "Наш Грунвальд".

Сёння ўжо можна смела гаварыць пра фармат «фестываля ў фестывалі»: музычны open-air «Пір пасля Бітвы» за гады існавання паспеў стаць самастойным мерапрыемствам у межах фэста. За мінулыя 10 гадоў на сцене “Грунвальда” выступіла каля сотні самых разнастайных фолк і рок-калектываў з Беларусі, Расіі і краінаў Еўропы.

Pic (3).jpg

Але ў 2019 годзе арганізатары падрыхтавалі для гасцей фестываля асаблівы сюрпрыз: у якасці хэдлайнераў канцэртнай часткі запрошаны тры культавыя калектывы сусветнай фолк-сцэны з Еўропы і Амерыкі, якія ўпершыню выступяць у Беларусі: Corvus Corax (Германія), Skiltron (Аргенціна) і The Midnight (Італія)!

7 – 43 – беларускія рублі. У гэтым дыяпазоне коштаў можна здабыць у папярэднім продажы квіткі на фестываль “Наш Грунвальд 2019”. На выбар прапануюцца дзіцячыя і дарослыя квіткі, а таксама квіткі на 1 або 2 дні мерапрыемства.

Набыць квіток можна тут.

XI міжнародны фестываль “Наш Грунвальд”

20-21 ліпеня 2019

Музей старажытных тэхналогій і рамёстваў “Дудуткі”

Арганізатары: Экстрым-тэатр “Берсерк” і Аляксандр Рак

nashgrunwald.by

Анастасія Дубовік