Аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу на Гродзеншчыне быццам і нямала, аднак далёка не ўсе з іх адпавядаюць сучасным патрабаванням. Больш за тое, шэраг аб’ектаў з’яўляецца прыдарожным… толькі на паперы.
З 70 крам, аднесеных да аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу, 30 размешчаны ў населеных пунктах, паведамляе Камітэт дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці. Прычым так і не ўдалося вызначыць крытэрый, па якім гэтыя аб’екты сталі прыдарожнымі. Рэжым іх работы і таварны асартымент нічым не адрозніваюцца ад звычайных гандлёвых пунктаў па абслугоўванні мясцовых жыхароў. А тавараў «першай неабходнасці» для аўтааматараў там не прадаюць.
Аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу з усім комплексам паслуг (АЗС, станцыя тэхнічнага абслугоўвання, мыйка, гасцініца, пункты грамадскага харчавання і сувязі) практычна няма. 12 пунктаў тэхабслугоўвання фактычна з’яўляюцца шынамантажнымі майстэрнямі, што працуюць у абмежаваным рэжыме. Пункты медыцынскай дапамогі на аўтадарогах Гродзеншчыны адсутнічаюць увогуле. На некаторых трасах на працягу 30-50 кіламетраў не сустрэнеш ніводнай грамадскай прыбіральні. А тыя, што ёсць, знаходзяцца, за рэдкім выключэннем, у антысанітарным стане.
Пры гэтым, адзначаюць у Камітэце дзяржкантролю, жаданне інвеставаць у прыдарожны сэрвіс натыкаецца на пэўныя перашкоды. Напрыклад, у Лідскім раёне для будаўніцтва такога аб’екта (гасцінічны комплекс з ахоўнай стаянкай) у лістападзе 2010 года было зарэгістравана ТАА «Саят» з удзелам расійскіх і беларускіх грамадзян. Меркавалася, што аб’ём інвестыцый (іх уласных сродкаў) на рэалізацыю гэтага праекта складзе каля 3 мільёнаў долараў. Але… Першапачаткова планавалася пабудаваць аб’ект побач з АЗС каля вёскі Кянці, але гэты ўчастак не быў зацверджаны аблвыканкамам. Узамен інвестарам прапанавалі ўчастак на 157-м кіламетры аўтадарогі Мінск—Гродна: у лесе, на няўдобіцы, далекавата ад прыдарожнай паласы. Выдзяленне гэтага ўчастка ўзгаднілі толькі праз 4 месяцы пасля падачы інвестарам заявы. Аднак у ходзе праектавання высветлілася, што яго нельга выкарыстаць па прызначэнні, і таму патрабуецца перанос аб’екта на 60 метраў.
У 2011 годзе ТАА «Саят» распрацавала праект будаўніцтва аб’екта і накіравала яго прадпрыемству «Дзяржбудэкспертыза» па Гродзенскай вобласці на пазаведамасную экспертызу. Экспертнае заключэнне выдалі толькі ў красавіку 2012 года. Прычынай прамаруджання стала адмова ва ўзгадненні праекта абласной Дзяржаўтаінспекцыяй — яна запатрабавала ўстанавіць камеры відэаназірання і інфармацыйнае пано з рэкламай на тэму бяспекі руху. У выніку ТАА «Саят» летась адмовілася ад рэалізацыі гэтага праекта без кампенсацыі больш чым 500 мільёнаў рублёў панесеных затрат.