Наша мова і наш сцяг у паўстанні 1830-га: раскрываем невядомыя старонкі

29 лістапада 1830-га ў Варшаве пачалося вызвольнае паўстанне — першае пасля падзей вайны 1812-га года. Што адбывалася тады — лепш за ўсё паказваюць шматлікія ўспаміны ўдзельнікаў, піша Барыс Палута ў «Новым Часе». У адных з іх ёсць і пра нашы сімвалічныя колеры, і пра нашу мову...


Paŭstannie 1830-ha

Паўстанне 1830-га змяніла свет. Найперш, унутраны свет былой Рэчы Паспалітай. Хваля рэпрэсій, канфіскацыі маёнткаў, скасаванне Статута, ліквідацыя Уніяцкай царквы, уціск на Царкву Каталіцкую... і — вялікая хваля эміграцыі. Паўстанне выбухнула не на роўным месцы.

Калі коратка, то справа тут у тым, што рашэнне Венскага кангрэса 1815-га было несправядлівым у дачыненні да Літвы і Польшчы. Паводле рашэння, Польшча ўвайшла ў склад Расійскай імперыі пад назвай Царства Польскае, рускі імператар станавіўся і польскім каралём, царству была нададзеная і канстытуцыя, якая, канешне ж, неаднаразова парушалася расійскімі ўладамі. А што Літва? А Літва ніякага самастойнага статусу не мела, землі ВКЛ сталі губернямі ў складзе імперыі. Натуральна, што, якая б аўтаномія не была шырокая, незалежнасць — лепш за яе. Таму частка насельніцтва, у асноўным шляхта, мела на мэце аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. А тут яшчэ і палітычныя рэпрэсіі супроць «нязгодных». Адна «справа філаматаў» чаго важыць! На гэтай глебе ўзброены супраціў і выспеў.

Sutyčka paŭstancaŭ i vojsk rasijskaj impieryi
Сутычка паўстанцаў і войск расійскай імперыі

Прыкметна, што наогул час паўстання — гэта час, калі ў Еўропе фарміраваліся нацыі. Гэта быў натуральны працэс. Хоць і без уласнай дзяржавы, але парасткі працэсу прабіваліся і на землях Літвы і Польшчы. Важную ролю тут мелі сімвалы. Напрыклад, мова і сцяг. Ці больш слушна — сімвалічныя колеры, па якіх вызначаліся свае людзі. Чарговыя ўгодкі паўстання — добрая нагода раскрыць невядомыя старонкі яго гісторыі і пашукаць там сляды нашай мовы і нашага сцяга.

Што адбылося ў Варшаве адным лістападаўскім вечарам?

Сітуацыя накіпела, супярэчнасці абвастрыліся. Найбольш радыкальныя жыхары Варшавы вырашаюць забіць імператарскага намесніка вялікага князя Канстанціна. Але няўдалы замах з часам пераўтварыўся ў нацыянальна-вызвольнае паўстанне.

Kanstancin
Канстанцін

Пачалося ўсё яшчэ ў 1828-м годзе, калі ў Варшаўскім пяхотным юнкерскім вучылішчы мела месца змова на чале з падпаручнікам Пятром Высоцкім. Мэта змоўшчыкаў — галоўнакамандуючы войскамі Царства Польскага і войскамі, размешчанымі ў заходніх губернях Расія, вялікі князь Канстанцін, які быў братам расійскага імператара Мікалая I. Яго ўсе ненавідзелі за стварэнне сістэмы тайнай паліцыі і інфармавання, а таксама за публічнае прыніжэнне польскіх афіцэраў. Замах тады не атрымаўся.

Vialiki kniaź Kanstancin u varšaŭskim palacy
Вялікі князь Канстанцін у варшаўскім палацы

Але праз тры гады войска і грамадзянская супольнасць гатовыя былі паўстаць. Сігналам да выбуху паўстання павінен быў стаць пажар на бровары. Паўстанне ўспыхнула вечарам каля 18:00 29 лістапада 1830-га года, калі ўсё той жа падпаручнік Пётр Высоцкі завітаў у пяхотнае кадэцкае вучылішча ў Лазенках. Ён спыніў заняткі па тактыцы і выступіў з прамовай, ведучы кадэтаў да месца сустрэчы — да помніка каралю Яну ІІІ Сабескаму. Група са змоўшчыкаў, якая складалася пераважна з маладых інтэлігентаў разам з некаторымі кадэтамі, напала на Бельведэр — рэзідэнцыю вялікага князя. Аднак Канстанцін здолеў схавацца. У гэты ж час паўстанцы з дапамогай народа захапілі Арсенал.

Šturm Bieĺviedera

Šturm Bieĺviedera
Штурм Бельведэра

Uziaccie Arsienala
Узяцце Арсенала


На наступны дзень разам з узброенымі мірнымі жыхарамі яны авалодалі сталіцай. Так ваенная змова перарасла ў паўстанне. Вялікі князь Канстанцін з часткай верных яму генералаў і войскаў адышоў з Варшавы.

Piotr Vysocki
Пётр Высоцкі

Пачалося лістападаўскае паўстанне. Яго сведкамі сталі тысяч адукаваных людзей, а ў тую эпоху было надта модна весці дзённікі, занатоўваць думкі. Да адных звернемся ў росшуках нашых нацыянальных сімвалаў.

Хто аўтар успамінаў?

Калі быць больш дакладнымі — аўтарка. Запісы пра падзеі 1830-га пакінула Наталля Кіцкая, якая сталася сведкаю і ўдзельніцай падзей.

Natallia Kickaja
Наталля Кіцкая

Пані Наталля з дому Біспінгаў нарадзілася 6 жніўня 1806-га ў Вільні. Паходжаннем яна з Вялікага Княства Літоўскага. Яна была старэйшай з чатырох дачок ваўкавыскага маршалка Пятра Біспінга і Юзэфы Кіцкай. Вырасла ў радавым маёнтку на Літве, але ў 1815-м годзе пераехала ў Варшаву, дзе жыла ў сваёй бабулі па матчынай лініі. Там адна з яе цётак, Тэрэза Кіцкая, пазнаёміла Наталлю з варшаўскімі салонамі. У студзені 1831-га дзяўчына выйшла замуж за свайго роднага дзядзьку (тады гэта было нормай), генерала Людвіка Кіцкага, які загінуў у маі таго ж года ў бітве пад Астраленкай.

Liudvih Kicki
Людвіг Кіцкі

Наталля Кіцкая разам са сваёй цёткай Тэрэсай вялі дабрачынную і палітычную дзейнасць (падтрымлівалі, у тым ліку, лістападаўскае і студзеньскае паўстанні).

Дзённікі Кіцкай — каштоўныя крыніцы па гісторыі Лістападаўскага паўстання і грамадска-палітычнага жыцця ў Царстве Польскім. Як раз на старонках яе запісаў мы знаходзім цікавыя факты з часоў таго паўстання, якія датычацца нашых важных нацыянальных сімвалаў.

Pieršaja publikacyja miemuaraŭ Kickaj
 Першая публікацыя мемуараў Кіцкай

Адозва да русінаў

Паўстанне пачалося 29 лістапада, а ў запісах ад 7 снежня Наталля Кіцкая распавядае пра цікавы эпізод, звязаны з мовай. Яна піша, што яе мужу Людвігу Кіцкаму пан Валяр’ян Красіцкі прынёс адозву да русінаў ад братоў-палякаў. Красінскі, па словах мемуарысткі, напісаў гэтую незвычыйна дасціпную адозву народным сялянскім языком. Так, значыць гаворка пра мову, на якой размаўляла большасць насельніцтва? Ці ж не пра фіксацыю беларускай мовы ўзору 1830-х вядзецца гаворка?

Bai paŭstancaŭ z karnikami
Баі паўстанцаў з карнікамі

Далей Кіцкая піша, што прыводзіць урыўкі з адозвы і «паважаючы пабожнасць літоўскага (!) люду, пачынаю са слоў: «У Імя Айца і Сына, і Духа Святога...»». Што ж, цяпер відавочна, што адрасат звароту — гэта сяляне з Вялікага Княства Літоўскага і напісаны ён на мове, якую цяпер называць беларуская. Далей яшчэ больш пацвярджэнняў. Кіцкая піша, што гэтая адозва была надрукаваная ў колькасці некалькіх тысяч асобнікаў і павінна была быць распаўсюджаная на Літве, Валыні, Падоллі і Украіне. То бок там, дзе мову гэтую разумелі. Аўтар — пан Валяр’ян Красінскі, як піша Кіцкая, «нарадзіўся ў Беларусі (разумей — усход сучаснай Беларусі) і радаваўся, як дзіця, што яму спатрэбілася веданне народнай мовы, якое ён здабыў у Беларусі, дзе правёў сваё дзяцінства».

Sialianie-rusiny
Сяляне-русіны

Але ж калі паглядзець саму адозву, то яе мова мала нагадвае тую слоўнікавую беларускую мову, да якой мы прызвычаіліся. Тут — беларуска-украінскі мікс, прыпраўлены мовай часоў Статута і Скарыны. Такая была жывая гаворка. Вось гэтая адозва (граматыка і лексіка рукі Кіцкай):

«Проснийтеся, панове громада христиане, чи чулиесте, што Польша принаймае вас за свои братья и хоче, шчобы есте з нею заривно были вильны и всего права дознавали? Не будуте уже зналы пысарив, ни окономов ваших, шчо то скуру за вас лупит, а жинок, та дживчаты ваши позбавеют чещчи да виры, а вас гонят самих день по дню, чшо не знаете ны щвят ни видпочинку, а тылько з каньчукам стоять на вамы, албо в дыбы... Треба шчобы стеся, напоне громажа, взялы за руку, и зо своемы панами зобралися и выхоныли москалюв та козакув. Раз маты родыла, раз хынуты треба! А липшеж вам шчо вас справныки и асесоры мордуют! Потим пороблят вам школы и кожды и кто хоче, научится пысаты и читаты, так шчо яхо арендар не потрафует обмануты, шановаты будуть ваших попив та диакив. Быймуща та не даймущя, возмытеся за руки, а зробыта вщиско, шчобы выхоныты податыся москалям, шчо вас лупять зо шкуры. Хура!..».

Сапраўды, да сучаснай літаратурнай падобна мала. Але важны сам факт: у часы паўстання 1830-га мова беларускіх зямель афіцыйна ўжывалася.

Нашы колеры — белы і чырвоны

Таксама Наталля Кіцкая звярнула ўвагу і на сімвалічныя колеры паўстання. Не будзе адкрыццём, што гэта — белыя і чырвоныя. Але сітуацыя з выбарам колераў магла скласціся зусім інакш і поруч з белым і чырвоным мог стаць... блакітны!

Varyjacyi simvala paŭstannia
Варыяцыі сімвала паўстання

На самым пачатку паўстання, афіцэры папрасілі Кіцкую і яе сваячак зрабіць ім нацыянальныя кукарды. Наталля піша: «Разам з прыслугай мы разам са сваёй сястрой Разаліяй у той жа час кінуліся даставаць з шафы нейкія белыя атласныя шлейфы, якія апраналі на балі. Нарэзаўшы іх на стужкі і зрабіўшы кукарды, мы звязалі іх па сотнях і кінулі ў акно».

Kivier z nacyjanaĺnaj kukardaj
Ківер з нацыянальнай кукардай

Па словах Кіцкай, белы колер лічыўся нацыянальным яшчэ з часоў Сабескага, а потым да яго далучыўся і чырвоны. Што праўда, да гэтай гамы яшчэ намагаліся далучыць блакітны. Кіцкая піша, што «а блакітны колер зусім не лічыўся нацыянальным, пакуль гэта не выдумаў Адам Гуроўскі, каб усцешыць французаў».

Сапраўды, пытанне аб колерах нацыянальнай кукарды разглядаўся на Сойме паўстанцаў. І сапраўды была прапанова трыкалору. Гэта нават абмяркоўвалася ў прэсе. Але 7 лютага 1831-га сойм прыняў рашэнне лічыць нацыянальным сімвалам бела-чырвоную кукарду.

Nacyjanaĺnaja kukurda biel-čyrvonych kolieraŭ vykarystoŭvalasia i ŭ 1863-m
Нацыянальная кукурда бел-чырвоных колераў выкарыстоўвалася і ў 1863-м

Не будзе вялікім перабольшваннем лічыць, што і беларускі бел-чырвона-белы сцяг у сваім радаводзе мае карані і повязь з бела-чырвонай кукардай часоў лістападаўскага паўстання... Усё ж, на Літве таксама быў патрыятычны ўздым і збройны супраціў. А сімвалам яго былі — белыя і чырвоныя колеры.

Typy paŭstannia 1830-ha
Тыпы паўстання 1830-га

P.S. Што пра паўстанне думалі ў Расіі?

Тагачасны светапогляд эліты Расійскай імперыі гэта, канешне, асобная тэма, досыць спецыфічная.

У Літве і ў Польшчы — нацыянальны ўздым і хваля патрыятызму, ідзе ўзброеная барацьба за адраджэнне дзяржавы. А што пра гэта думалі ў самой Расійскай імперыі? Усё ж, калі на якіх пяць год таму там было паўстанне дзекабрыстаў, якім эліты спачувалі. Здавалася, павінны спачуваць паўстанню. Але ж... Вось яскравыя сведчанні.

Аляксандр Пушкін адгукаецца на падзеі паўстання вершам «Клеветникам России». Вершам — адыёзным і супярэчлівым. Вернападданніцкім вершам Пушкіна захаплялася большасць, бо шчыра не разумела: чаму гэта Польшча і Літва паўсталі? Сапраўды, яны шчыра не разумелі гэтага памкнення. Падаўленне паўстання рускае грамадства ўспрыняла як адну з гераічных перамог расійскай зброі.

Piotr Viaziemski
Пётр Вяземскі

Дзеля справядлівасці, адзінкі разумелі матывы вызвольнай барацьбы. Напрыклад, князь Пётр Вяземскі. Ён і верш Пушкіна не хваліў, наадварот, крытыкаваў і назваў «шынельнай одай», і да паўстання наогул выказваў адэкватную пазіцыю. Ён, напрыклад, лічыў, што Рэч Паспалітую трэба адпусціць. Але падзялялі яго перакананні — адзінкі.