500-годдзе друку першай беларускай кнігі набліжаецца: 29 красавіка распачалася шырокая інфармацыйная кампанія “Пяцісотгоднасць”, ініцыяваная Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Не трэба быць празорцам, каб ужо і сёння прадугадаць, як адбудзецца святкаванне юбілею беларускай кніжнасці ў 2017 годзе: пройдзе некалькі канферэнцый ва ўніверсітэтах і акадэмічных інстытуцыях, дзе абавязкова і ў чарговы раз задумаюцца, Францішкам ці Георгіем быў Скарына, на старабеларускай ці на царкоўнаславянскай выдаў ён свой пераклад Бібліі; на тэлебачанні пройдзе на гэтую тэму чарговае ток-шоў з удзелам ідэалагічных культуртрэгераў, будзе адзначаны ўсеславянскі характар скарынаўскай дзейнасці; Нацыянальная бібліятэка прэзентуе факсімільнае выданне кніг Скарыны, прафундаванае банкірамі – няважна, што купіць яго будзе нерэальна; згадаюць разок палачаніна і ў школе на ўроку – але дзеткі разам з бацькамі забудуць адсвяткаваць 6 жніўня 2017 года, бо ў іх будуць больш важныя канікулярныя справы, спрэжаныя з каляндарна-палявымі работамі.
Менавіта каб свята кніжнасці не было забалбатанае й зажаванае, культурніцкія арганізацыі ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і ЗБС “Бацькаўшчына” ўзяліся запусціць кампанію “Пяцісотгоднасць”, афіцыйны пачатак якое быў абвешчаны ў сталічным Палацы мастацтва ў пятніцу, напярэдадні праваслаўнага Вялікадня, нібы й той, хто быў укрыжаваны, мусіў разам з беларускай культурай на наступным тыдні ўваскрэснуць.
Як і дзве тысячы гадоў таму, мала хто чакаў уваскрэсення: пустэльнымі калідорамі Палаца мастацтваў, быццам у палестынскіх выдмах, гуляў холад, пераадолець які дапамагала музыка. Аляксандр Віслаўскі, колішні ўдзельнік ансамбля “Песняры” і гурта Rouble Zone, сабраў сваіх сяброў па STUDIO NEMAN і вельмі энергічнай праграмай “Маленне за Беларусь” на вершы Рыгора Барадуліна грэў сэрцы і далоні некалькіх дзясяткаў слухачоў.
Выступіць на адкрыцці кампаніі сабраліся кіраўнікі творчых і грамадскіх арганізацый, пісьменнікі і перакладчыкі, рэлігійныя дзеячы і кнігазнаўцы.
Барыс Сачанка, старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”: “Апошнімі днямі, пасля таго як з’явілася інфармацыя, што Саюз беларускіх пісьменнікаў і ЗБС “Бацькаўшчына” вырашылі распачаць такую кампанію, было шмат пытанняў: чаму? навошта? Мне згадалася нядаўняе мінулае. У гэта цяжка паверыць, але ў падручніках, па якіх вучыўся я і шмат хто яшчэ, распавядалася падрабязна, хто такі Іван Фёдараў, і амаль нічога не казалася пра Францішка Скарыну. Было шмат старонак прысвечана “Лядоваму пабоішчу” і нават не згадвалася Грунвальдская бітва. Канечне, хто хацеў, той ведаў: былі кнігі, фільмы. Але афіцыйна беларускія даты ніяк не адзначаліся, фактычна замоўчваліся. Гэтаксама нядаўна было фактычна замоўчанае 600-годдзе Грунвальда, 500-годдзе Аршанскай бітвы, 200-годдзе з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, юбілеі Танка, Куляшова, ці як ціха сёлета, у год, абвешчаны Годам культуры, прайшлі юбілеі Мележа, Шамякіна, Мулявіна. Гэта і ёсць адказ, чаму Саюз беларускіх пісьменнікаў і ЗБС “Бацькаўшчына” вырашылі звярнуць увагу на гэтую вялікую для ўсёй краіны дату. Мы хацелі, каб гэтае свята беларускай культуры ўвайшло ў кожны дом, каб беларусы ганарыліся тым, што яны былі і ёсць вялікай еўрапейскай нацыяй, якая адной з першых займела друкаваную кнігу, займела пераклад Бібліі на родную мову”.
Алена Макоўская, кіраўнік Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”: “Наша кампанія – яна не толькі пра першую кнігу, не толькі пра яе друкара Францішка Скарыну. Наша кампанія – пра ўвесь пяцісотгадовы шлях беларускай кнігі і пра тых людзей, якія спрычыняліся і спрычыняюцца да гэтага нялёгкага працэсу: гэта і пісьменнікі, і рэдактары, і карэктары, выдаўцы і мастакі, інжынеры і тэхнолагі, якія распрацоўваюць друкарскі рыштунак. Наша кампанія мае на мэце папулярызацыю беларускай культуры праз уздым цікавасці да беларускай кнігі. Што гэта рабіць патрэбна, даводзяць некаторыя лічбы, якія нам дало сацыялагічнае апытанне 2014 года. Так, 57% беларусаў чытаюць мастацкую літаратуру хаця б раз на месяц, 23% чытаюць яе раз на год, 18% беларусаў не чытаюць яе ўвогуле. Найбольш папулярнае чытво – класіка і дэтэктыў. Абсалютная большасць беларусаў – 94% – аддае перавагу рускай мове ў чытанні. Па-беларуску чытаюць толькі 5%. Усе рэспандэнты пагадзіліся, што трэба папулярызаваць беларускую кнігу. Як? Найбольшая частка адказала: інфармацыйная падтрымка, рэклама, рэформа школы і адукацыі. Як бачыце, нашай кампаніі ёсць над чым працаваць. Вядома, мы зацікаўленыя, каб грамадскія арганізацыі далучаліся да нашай кампаніі і ўводзілі свае прапановы. Вынік у гэтай кампаніі будзе тады, калі мы ўздымем прэстыж беларускай кнігі”.
Лічба чытання па-беларуску – пяць адсоткаў беларусаў – наводзіла на сумныя думкі. Колькі нас сапраўды – дзесяць тысяч, чатырыста пяцьдзясят тысяч (калі лічыць ад агульнай колькасці насельніцтва)? Сітуацыя вымалёўваецца катастрафічная: як і ў часы “Нашай Нівы”, статыстыка беларускамоўных і чытачоў беларускай кнігі значна бліжэйшая да нуля, чым да сотні, і хутчэй нагадвае пагрэшнасць, чым нагоду для гонару і годнасці. “Падаецца, калі пад канец кампаніі хоць на адзін адсотак выбарка сацыялагічная зменіцца, мы можам сказаць: працавалі недарэмна”, – скрушна зацеміў Усевалад Сцебурака, вядоўца вечарыны.
Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў павярнуў настрой залы ў аптымістычны бок. У святле неабвержных фактаў Уладзімір Аляксеевіч паўгадзіны распавядаў пра свой родны Полацак, гісторыю беларускай кніжнасці і культуру Вялікага Княства. І, вядома, пра залатое XVI стагоддзе.
Чаму менавіта Скарына стаў нашым першадрукаром? Тут была глыбокая гістарычная логіка. Так сталася, што ад Полацка пачаўся беларускі нацыянальны космас. Гэта была сталіца нашай першай старажытнай дзяржавы. Гэта быў горад першага асветніка ўсходніх славян Ізяслава, сына Рагнеды, які ўвёў пісьменства і навуку ў абавязковы ўжытак. Гэта быў горад Ефрасінні Полацкай. Гэта быў горад, які ў часы Скарыны сваім багаццем, сваім культурным патэнцыялам пераўзыходзіў Вільню, меў 12 манастыроў, 18 храмаў. Палачанін Мацей Дзясяты – найлепшы каліграф Вялікага Княства – за дзесяць гадоў да выхаду першай нашай друкаванай кнігі скончыў у Полацку тытанічную працу па перапісванні першага ў нашай дзяржаве поўнага збору біблійных кніг. Праца Мацея Дзясятага была аздобленая выдатнымі рэнесанснымі мініяцюрамі. Гэтую працу ведаў і цаніў Францішак Скарына. Але, напэўна, гартаючы старонкі, перапісаныя Мацеем Дзясятым, Скарына ўжо бачыў друкаваную беларускую Біблію і марыў пра тое, што справа пашырэння Бібліі будзе працягнутая на новым тэхнічным узроўні.
Біблія Скарыны выйшла раней за Біблію Марціна Лютэра, за французскія і англійскія пераклады, польскія і літоўскія, раней на 47 гадоў за першую расійскую друкаваную кнігу “Апостал”. “Беларусы – адны з першых народаў, якія надрукавалі святое пісьмо на роднай мове, за восем гадоў да англічан. Можна ўявіць, кім беларусы былі б цяпер, калі б пераслед і ўціск з боку ўсходняга суседа не прывялі іх да заняпаду”, – пісаў на пачатку ХХ стагоддзя ў сваёй справаздачы агент Брытанскага біблійнага таварыства Ўайзман, пазнаёміўшыся з выданнямі Скарыны ў Вільні.
Уладзімір Арлоў: “На розных паверхах нашага грамадства вельмі многія нашы суайчыннікі не ўсведамляюць важнасць гэтай даты, якая выдатна сведчыць пра нашу еўрапейскую гісторыю, пра тое, што мы заўсёды былі часткай еўрапейскай цывілізацыі, пакуль нас з яе не вырвалі расійскія штыкі. Гэтая дата сведчыць, што радзіма нашых продкаў – Вялікае Княства Літоўскае – не толькі ішло ўпоравень з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі паводле свайго культурнага ўзроўню, але вельмі часта апярэджвала іх, давала ім прыклад. Думаю, адным з кірункаў кампаніі магла б стаць прапанова да афіцыйных уладаў аб пераносе святкавання Дня друку з 5 мая, калі пачала ў Маскве выходзіць газета “Правда”, на 6 жніўня, дзень выхаду “Псалтыра” Францішка Скарыны”.
Пра Біблію і старажытную кніжнасць было ў гэты вечар сказана нямала. Загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі, намеснік старшыні Рады ЗБС “Бацькаўшчына” Валер Герасімаў заўважыў, што беларуская зямля мае столькі асветнікаў, што “можна ў кожным беларускім горадзе ўсталёўваць помнікі нашым беларускім кнігам – і Семяновіча, і Скарыны, і Кірылы Тураўскага”. Перакладчык Лявон Баршчэўскі апісаў гісторыю біблійных перакладаў, незабыўным голасам зачытаўшы колькі ўрыўкаў са старажытнагрэцкай “Сэптуагінты” з параўнальным аналізам беларускіх перакладаў ХХ стагоддзя: Янкі Станкевіча, Дзекуць-Малея, экзархатаўскай Біблійнай камісіі. Зрэшты, не толькі ХХ стагоддзя, але і ХХІ стагоддзя – бо адным з найважнейшых выступоўцаў на адкрыцці кампаніі “Пяцісотгоднасць” быў пастар і перакладчык Антоній Бокун, які зусім нядаўна лікам 10 000 асобнікаў выдаў новы пераклад Новага Запавету з мовы арыгіналу.
Антоній Бокун: “Калі я прыйшоў да Хрыста ў пачатку 1990-х гадоў, Біблію па-беларуску можна было купіць у адзіным перакладзе – перавыданні перакладу Антона Луцкевіча і Лукаша Дзекуць-Малея. Неўзабаве кнігі скончыліся. Потым выйшла Біблія Васіля Сёмухі. Кнігі скончыліся. Мы выдалі поўную Біблію ў перакладзе Уладзіслава Чарняўскага. Амаль немагчыма і яе купіць. Таму я і ўзяўся за новы пераклад – хоць канон беларускага перакладу Новага Запавету ўжо фактычна складзены і я мала што дадаў да яго. Папросту мне як пастару трэба, каб у вернікаў маіх было Святое Пісьмо на беларускай мове, і яны маглі свабодна яго прыдбаць. Вось жа, цяпер Слова Божае даступнае зноў. Спадзяюся, на некалькі гадоў гэтых 10 тысяч хопіць. Але, як можна зразумець, беларусы ахвотна купляюць беларускую Біблію. Трагедыя ў тым, што ім даводзіцца яе шукаць – чаго няма ў ніводнай цывілізаванай краіне.
Вечарына скончылася канцэртам STUDIO NEMAN і Аляксандра Віслаўскага. Але кампанія “Пяцісотгоднасць” толькі пачынаецца. Запланавана шмат мерапрыемстваў для шырокай публікі і сродкаў масавай інфармацыі. Усіх, хто ганарыцца нашай гісторыяй і культурай, Саюз беларускіх пісьменнікаў і “Бацькаўшчына” заклікаюць далучыцца да кампаніі “Пяцісотгоднасць”. Вы можаце размясціць банеры, прысвечаныя славутай даце, на сваіх інтэрнэт-рэсурсах; правесці культурна-асветніцкія акцыі; брэндзіраваць сваю прадукцыю.
Нашы героі – друкары, пісьменнікі, мастакі, мецэнаты, перакладчыкі, асветнікі – прадаўжальнікі справы Францішка Скарыны, вартыя таго і чакаюць вашай увагі.
Ціхан Чарнякевіч