Пра загадкавую раўгеню я ўпершыню даведаўся гадоў 12 таму, з апавядання «Піліпава вясялле» забытага сёння пісьменніка пачатку ХХ ст. Аляксандра Пшчолкі, земляка маіх продкаў, бытапісальніка жыцця лепельскіх сялянаў. «Агапка між тым перанесла запаленую лучыну да печкі, выцягнула печаную бульбу, наліла раўгені і прынесла два ячменныя сачні». У заўвагах жа да Пшчолкавых «Очерков и рассказов из жизни белорусской деревни» пазначалася: «Раўгеня — соладавы квас». Больш дакладнага рэцэпту не прыводзілася, але загадкавае слова запала ў душу і чакала свайго часу. Паступова згадкі пра раўгеню трапляліся то ў перыядычным друку, то ў мастацкай літаратуры, але карцінка ўсё роўна не складалася. З квасам жа раўгеню параўноўваў і вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Дубоўка ў аўтабіяграфічных нарысах «Пялёсткі». Апісваючы рыццё акопаў пад Мядзелем, якія мусілі служыць абаронай ад наступу немцаў, у 1915 г. ён занатаваў: «Елі, запівалі раўгеняй, квасам такім, ды зноў капаць». Ва ўспамінах Генрыка Жаброўскага пра даваенную вёску Міхнічы (Пастаўскі р-н) раўгеня таксама згадваецца як квасны напой, толькі там яе гатавалі не з соладу, а з жытняй мукі. Карацей, можаце самі прагугліць і пераканацца — раўгеню рэгулярна натуюць розныя творы беларускай літаратуры і этнаграфічныя запісы. Прытым вельмі шырока — Мядзельскі, Пастаўскі, Лепельскі, Вілейскі, Мёрскі і іншыя раёны.
Паходжанне самога слова ўдалося высветліць, чытаючы слоўнік балтызмаў Юратэ Лаўчутэ. Слова гэтае літоўскага паходжання і азначае «штосьці квашанае, кіслае», а поўная першапачатковая назва па-літоўску, верагодна, мусіла гучаць як raugienė gira — кіслае пітво, ці проста квас. Шырокі распаўсюд гэтага тэрміна ў беларускіх гаворках (і наогул, багацце літуанізмаў у кулінарнай лексіцы) кажа пра параўнальна нядаўнюю асіміляцыю літоўцаў, якія жылі на паўночным захадзе сучаснай Беларусі — у нашай частцы гістарычнай Літвы. Паступова хваля славянскіх гаворак іх накрывала — хаця людзі ў большасці сваёй заставаліся тыя самыя, нікуды не ўцякалі, адно што славянскіх словаў у іх мове паступова рабілася ўсё больш і больш. Хаця што гэта за мова — беларуская, ці мясцовая польская, ці нейкая іншая тутэйшая — ніхто яшчэ доўга не задумваўся, пакуль не прыйшло ХІХ стагоддзе з ягонай этнаграфіяй і нацыяналізмамі.
Як высвятляецца, кулінарная тэрміналогія — ці не самая кансерватыўная. Вось так і засталіся ў беларускіх дыялектах шматлікія «кулінарныя балтызмы» — кіндзюк, кумпяк, мілта, грыжанка, шалтаносы, шупеня, лапеня… Іх нельга нават назваць пазычаннямі з літоўскай — бо гэта хутчэй не-літоўскія словы ў мове жыхароў былой Віленшчыны, пазычаныя ў розныя часы. Цяпер, канечне, вымірае ўжо і беларуская мова, і даўняя матэрыяльная культура, так што трэба спяшацца, калі хочаш штосьці ўратаваць ад поўнага забыцця… Высветлілася, зрэшты, што сляды раўгені яшчэ не заніклі зусім і ў нашыя часы, бо, як паведамляла ўвосень 1999 г. «Звязда», на кірмашы ў Мінску Алёна Iванаўна Чапулёнак з таго самага Мядзельскага раёна частавала гасцей гэтым усё яшчэ загадкавым напоем.
Але ў самой газетнай нататцы дакладнага рэцэпту ўсё ж не прыводзілася, ды і трапілася яна мне на вочы значна пазней, так што расшукваць Алёну Iванаўну, каб даведацца ў яе той рарытэтны рэцэпт, не наважыўся. (Дай Бог ёй здароўя!). Не меў дакладных звестак пра раўгеню і мой літоўскі калега Антанас Астраўскас — і само слова, і напой ужо паспелі выйсці з ужытку ў сучаснай Літве. Крыху «цяплей» зрабілася, калі дырэктар літоўскага фонду кулінарнай спадчыны Бірутэ Імбрасене падарыла мне кнігу, якая так і называецца: «Кулінарная спадчына Літвы». У ёй я знайшоў рэцэпт з Уцянскага раёна Літвы, вельмі прыблізны, без усялякіх «дазіровак», пад крыху змененай назвай raugala gira: жытняя мука, трохі скарынак жытняга хлебу, цукар і, вядома, вада. (Праўда, няма соладу, пра які пісаў Пшчолка).
Натхнёны гэтай чарговай вяхой у маіх пошуках, я працягваў ужываць самыя розныя камбінацыі літоўскіх словаў ва ўсемагутным Гугле, пакуль не натыкнуўся на літоўскую кнігу 1933 г. выдання. Lietuviškos ir kitokios giros. Kaunas. Sakalo b-vė, 1933. А вось тут ужо знайшлося ажно 2 надзвычай падрабязныя рэцэпты раўгені! Дзякуй Антанасу за пераклад, бо мая літоўская ўсё яшчэ амаль ніякая. Вось так у маіх 12-гадовых пошуках была пастаўленая калі не кропка, дык прынамсі працяжнік — загадкавая раўгеня даецца ў рукі, рэцэпт ёсць!
Як высветлілася, ён вельмі блізкі да рэцэптаў квасу, якія панавалі ў ХІХ ст. у Расійскай імперыі і вырабляліся з жытняй мукі і соладу, у адрозненне ад большай часткі Беларусі, дзе квас выраблялі з жытніх сухароў або з адмыслова выпечанага прэснага жытняга хлебу. Асаблівай дасканаласцю, канечне, выраб такога квасу вылучаўся ў шляхецкіх фальварках, але пра гэта неяк іншым разам. Вынік крыху нечаканы — такая падкрэслена літоўская, балцкая раўгеня — і раптам менавіта яна бліжэйшая да «агульнарускіх узораў», чым большасць рэцэптаў квасу, зафіксаваных беларускімі этнографамі — Нікіфароўскім, Раманавым, Сербавым. Магчыма, зрэшты, што абодва базавыя рэцэпты суіснавалі, толькі ўласна квасам (а па-літоўску gira) у нас называлі напой з сушанага хлеба, а вось калі з мукі, соладу ці іх сумесі — тады раўгеня. Што ж, тады, відаць, шматкроп’е, будзем шукаць далей…
Літоўскі рэцэпт раўгені 1933 г.
«Раўгеня найлепшага гатунку гатуецца так: узяць 1 кг пшанічнай мукі, столькі ж здрабнёнага жытняга соладу і 800 г грэцкай мукі, усё прасеяць праз сіта, высыпаць у бочку і заліць столькі вады, каб, размяшаўшы, атрымаць цеста сярэдняй гушчыні. Пакінуць укісаць на 2 гадзіны. Затым наліць 3 вядры кіпеню, размяшаць і пакінуць адстаяцца. Затым пераліць у іншую бочку, дадаць 1 кг мёду ці патакі, паўшклянкі добрых дражджэй, і калі з’явіцца пена, разліць па бутэльках, моцна закаркаваць і паставіць у склеп. Праз тры дні ўжо можна піць».
Яшчэ адным блізкім да квасу напоем была т.зв. раўгеня, вядомая на поўначы і паўночным захадзе Беларусі і зрэдку гатаваная пажылымі людзьмі нават у наш час. Паводле большасці апісанняў, раўгеню выраблялі з дробна змолатага жытняга соладу, залітага вадой.
Вельмі падобная да наяўных апісанняў раўгені тэхналогія падрыхтоўкі т.зв. «саладухі» (рус. солодуха), якая часцей за ўсё вядомая як кашыца з закіслага змолатага жытняга соладу (ці проста жытняй пакуты грубіянскага памолу). Часам і саладуха фігуруе ва ўспамінах менавіта як напой, а не каша — верагодна, у залежнасці ад дозы соладу яна магла атрымлівацца рознай кансістэнцыі. Гэта ў пэўнай ступені родніць саладуху са старажытнарускім «белым» квасам — «сыровцем». Не выключана, што раўгеня і саладуха — ці перасякальныя па значэнні тэрміны, ці ў некаторых выпадках нават амаль поўныя сінонімы.
Магчыма, што ў гістарычнай Літве, г.зн. як у Віленскім краі і Аўкштоты, так і на паўночным захадзе Беларусі, да ХІХ у. найболей блізкім аналагам сучаснага квасу ў сялянскім асяроддзі быў менавіта напой, апісваны як раўгеня, а словам, якім пазначаюць квас у сучаснай літоўскай мове — gira, зваўся квасападобны слабаалкагольны напой, які атрымліваецца адвольным закісаннем рэштак піўнога затору (таксама girklas, nakvosas), г.зн. той жа падпівак.