Ганна Златкоўская: «Мара ў нас сёння на ўсіх адна»

21.05.2026
З нагоды Дня палітвязня Ганна Златкоўская піша ліст тым, хто сёння знаходзіцца за кратамі. Вядома, гэты ліст не дойдзе да адрасата, але ён патрэбны нам самім, каб усвядоміць, што «мы не забыліся, і што салідарнасць па-ранейшаму аб’ядноўвае ўсіх нас, тых, хто аднойчы выйшаў на вуліцы супраць бясконцасці дыктатуры і яе хлусні».

Прывітанне, дарагі чалавек. Я ведаю, што гэты ліст не дойдзе да цябе, не патрапіць у рукі… Сотні лістоў рвуцца рукамі цэнзараў, але яны ўсё роўна жывуць, таму што падтрымка і цяпло, якое пасылаюць вам беларусы і беларускі, нікуды не знікаюць.

Гэты ліст я магла б напісаць канкрэтнаму чалавеку. Таму, каго ведаю асабіста, мае знаёмыя людзі таксама сядзяць. Гэты ліст я магла б напісаць незнаёмцу або свайму падапечнаму. Палітвязняў у Беларусі вялізнае мноства, і хочацца напісаць гэты ліст кожнаму з іх. Кожны чалавек заслугоўвае падтрымкі. Таму ён адрасаваны ўсім.

List padtrymki
Ліст падтрымкі. Ілюстрацыя: spring96.org

Помню, як яшчэ некалькі гадоў таму я чытала парады пра тое, што варта пісаць у такіх лістах. Таму што гэта, праўда, складана. Расказваць пра сваё жыццё? — няёмка. На фоне жахаў, якія вы перажываеце, пісаць пра пах бэзу і радасць ад таго, што вось, пабываў на моры, здаецца кашчунствам. А адна з парад якраз была пра тое, што гэта нармальна — пісаць пра звычайнае жыццё, бо яго так не хапае там.

Насамрэч каштоўнасць кожнага дня стала цаніцца менавіта таму, што ёсць усведамленне, колькі людзей проста зараз не могуць радавацца простым рэчам.

Я памятаю, як мне пісала адна жанчына (былая палітзняволеная), што для яе больш ніколі не будзе дрэннага надвор’я. Усё цудоўна — і дождж, і снег, і вецер. Яе словы мне запалі ў душу, бо я тая яшчэ аматарка паныць, калі на вуліцы вечны дождж і вецер, а сонца ўсё не відаць. Пасля гэтай тонкай заўвагі я змяніла свае погляды. Прыйшло выразнае разуменне, што ўсе шчаслівыя моманты жыцця адбываюцца проста зараз.

Пірожнае з кавай на падвячорак, прагляд кінафільма ці серыяла пасля працоўнага дня, купля прадуктаў і абдымкі з любімымі людзьмі — гэта ўжо так шмат, а мы часта гэтага не заўважаем. Сотні беларусаў і беларусак пазбаўленыя гэтых дзеянняў і толькі і чакаюць таго моманту, калі можна будзе абняць маму і пайсці па вуліцах, куды вочы глядзяць.

Я шчыра жадаю табе як мага хутчэй апынуцца ў гэтым імгненні.

Яшчэ я б хацела напісаць, што мы не забыліся. Рэжым робіць усё, каб вам здавалася, нібыта тыя, хто жыве зараз свабодай, пакінулі ззаду падзеі 2020 года і людзей, якіх узялі ў палон. Гэта не так. Салідарнасць па-ранейшаму аб’ядноўвае ўсіх нас, тых, хто аднойчы выйшаў на вуліцы супраць бясконцасці дыктатуры і яе хлусні.

Менавіта таму не даходзяць лісты, менавіта таму любая дапамога караецца. Але ініцыятыўнасць і жаданне не кідаць сваіх у бядзе ўсё роўна засталіся. Ведаеце, кожны раз на вачах слёзы, калі бачыш, як сустракаюць палітвязняў, якія нарэшце выйшлі на свабоду. У кожнага ёсць нехта, каго чакаем адтуль. Мы звязаныя імёнамі і прозвішчамі людзей, якія, здаецца, часам і не здагадваюцца, што разам з імі мы думкамі пражываем кожны дзень і ноч у спадзяванні, калі зноў зможам казаць, гледзячы прама ў вочы: «Ну прывет, дарагі сябра». І галоўнае ў гэты момант не заплакаць.

Maliunak Andrusia Takindanha
Малюнак Андруся Такінданга

Мара ў нас сёння на ўсіх адна. Каб не было больш тых, каму можна адправіць гэты ліст. Ніколі. Але пакуль я пішу і адчуваю горыч, што недастаткова слоў, яны не перададуць збянтэжаныя пачуцці і эмоцыі, той боль, які адчуваеш з-за несправядлівасці, што працягваецца і ніяк не скончыцца.

І разумею, што такі ліст нельга адпраўляць нікому з вас. Таму што яшчэ адна з парад, як лепш за ўсё пісаць лісты, — гэта менш палітыкі, больш надзеі або нейтральных пазітыўных рэчаў.

З гэтым у мяне атрымліваецца дрэнна, прабачце. Застаецца дадаць, што ёсць неверагодны гонар, што, праходзячы штодня праз такія складаныя выпрабаванні, вы не здаяцеся. Дзякуючы вам не здаемся і мы.


Ганна Златкоўская, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org