«У падвалах пякельнай Бучы сэрца сканала маё». Рагачоўская паэтка Наста Кудасава разважае пра тое, ці можна пісаць вершы на фоне вайны ва Украіне

Ці магчыма пісаць вершы, ведаючы, што зусім паблізу забіваюць людзей? Ці трэба адмаўляцца ад культуры агрэсара? Пра гэта «Штодзень» паразмаўляў з Настай Кудасавай.


65.jpg
Наста Кудасава

Штодзень: Узгадаем выраз філосафа Тэадора Адорна пра тое, што пісаць вершы пасля Асвенцыма — варварства. Наколькі гэтыя словы зноў актуальныя пасля пачатку агрэсіі Расеі ва Украіне?

Наста Кудасава: Мы, людзі, думалі, што перажыўшы XX стагоддзе, перажыўшы жахі ІІ Сусветнай вайны, чалавецтва змянілася, мы трапілі ў новы свет з новым чалавекам, які разумее, што такое правы чалавека і г.д. У мяне нейкае пачуццё безнадзейнасці. Чалавецтва не эвалюцыянуе. Як у Эклезіясце: «Што рабілася пад сонцам, тое і будзе рабіцца». І, на жаль, чалавек не змяняецца. Жах гэтай сітуацыі ў тым, што яна не надзвычайная. Гэта заканамернае развіццё. Людзі, якія жылі ў ранейшыя стагоддзі, пражывалі тыя ж самыя ўзрушэнні. І тыя ж самыя жахі адбываліся. Відаць, разумнейшым людзям тых эпох таксама падавалася, што чалавецтва пасля перажытых жахлівых рэчаў эвалюцыянуе, уздымецца на новы этап, будзе развівацца і ісці наперад, каб такога болей не паўтаралася. Аднак мне падаецца, што мы ходзім па коле, і ўсе гэтыя рэчы паўтараюцца і будуць паўтарацца.

Што наконт мастацтва, то я не адчуваю, што нейкая эпоха скончылася: канец літаратуры, канец слова. Як пісалі, так і будзем пісаць Хтосьці зможа знаходзіць адпаведныя словы, хтосьці не зможа. Аднак прынцыповай змены сітуацыі я не бачу: чалавек усё той жа застаўся.


66.jpg
 Здымак рукі загінулай жыхаркі Бучы Ірыны Фількінай, які абляцеў увесь свет. Фота: Reuters

Вайна, працягваюцца рэпрэсіі ў самой Беларусі... Ці магчыма цяпер займацца паэзіяй? Ці ёсць настрой на гэта?

Магу сказаць за сябе асабіста. Бачу, у некаторых іншых паэтаў сапраўды такі перыяд роспачы, жахлівага анямення, калі страцілі мову і не знаходзяць словаў. І гэта нармальна: перыядычна я таксама ўпадаю ў ступар і адчуваю бессэнсоўнасць таго, што я раблю. Але, напэўна, у мяне ёсць патрэба пісаць, для сябе асабіста найперш. Гэта мой спосаб жыць: прагаворваючы пэўныя рэчы. Я не магу не прагаворваць. Мне добра пішацца. Я адчуваю, што нарэшце такая мая эмацыйная, экспрэсіўная, пафасная манера адчуваць сусвет, якая раней была недарэчы, цяпер акурат дарэчы аказалася. Як быццам я ў сваім часе жыву.

Гэта жахліва, канешне. Але як быццам цяпер нарэшце ўжывую пражываю тыя пачуцці, якія раней падаваліся літаратуршчынай. А цяпер гэта жыццё. Гэта страшна. Але я пакуль знаходжу словы. І ў мяне атрымліваецца пісаць вершы: або пісаць насуперак усяму, пра нешта светлае, абстрагуючыся, альбо пісаць менавіта пра гэта страшнае. Працэс пісьма не скончыўся. У мяне наадварот увесь час ёсць патрэба пісаць, як гэта было і пасля 2020 года.

67.jpg Наста чытае вершы перад гомельскай публікай курсаў «Мова Нанова»

Пасля 2020-га года загаварылі пра тое, што будзе змяняцца мастацтва ў Беларусі. Але яшчэ ніхто не ведаў, як. І вось наступіў люты 2022. Як думаеш, як цяпер будзе змяняцца мастацтва?

Я не магу казаць пра тэндэнцыі, бо патрэбны час. Але ёсць адчуванне, што некаторыя баяцца пісаць, альбо ўключаюць моцную самацэнзуру (можа быць, я і сама яе ўключаю недзе). І людзі замаўкаюць з той прычыны, што не могуць у сённяшняй сітуацыі выказаць усё дакладна, як хочацца. Асабліва, калі ты не з’ехаў, а жывеш у Беларусі. І таму некаторыя галасы знікаюць, кудысьці, ведаеш, у нейкую чорную дзірку падаюць.

Я разумею, што ў нас жа цяпер усе з’язджаюць. І гэта працэс, які не спыняецца. Я сама не вельмі добра разумею, у якім стане цяпер знаходзіцца нашая літаратура, таму што ўсё гэта кудысьці рушыць. Бо тое, што большасць людзей пакідае краіну, гэта ж не можа не адбіцца на іхнім светапоглядзе і на тэмах. То бок мы яшчэ праз некаторы час гэта пабачым. Бо гэта працэс, які цяпер ідзе. Вось цяпер мы змяняемся. Хтосьці з’язджае з краіны. А той, хто застанецца тут, якім ён будзе? Ці будуць пісаць тыя, хто застаюцца тут, ці хопіць смеласці ў іх і ці будзе ім дзе друкавацца? А тыя, хто з’едуць, там у іх свае, можа быць, будуць стварацца плыні новыя. Я разумею, што будзе штосьці інакш. Але мне пакуль цяжка прагназаваць, якім будзе мастацтва. Але яно будзе, бо мы ж не кінем разважаць, не кінем жыць і адчуваць, не забудзем жа сваю мову. Проста трэба час, каб разглядзець гэты працэс.


У сувязі з вайной цяпер у многіх ідзе пераасэнсаванне рускай культуры. Маўляў, калі хтосьці захапляецца Пушкіным ці рускім балетам, то няхай узгадае пра Бучу. Як думаеш, ці варта ўвогуле забыцца на рускую культуру?

Я заўжды нейтральна ставілася да рускай культуры (як і іншых культур). У мяне няма нейкага фанатызму да рускай культуры ці асаблівага стаўлення да яе. Але я і не русафоб: у мяне ёсць любімыя аўтары, якія пішуць па-руску. І ў гэтай сітуацыі, якая ўзнікла, усе гэтыя аўтары, якія пішуць па-руску, практычна ўсе засталіся адэкватнымі. Яны дэкларуюць адэкватнае ўспрыняцце вайны і ўсяго, што адбываецца. З маіх улюбёных аўтараў мяне ніхто і не расчараваў асабліва.

Тое, што, можа быць, руская культура сама па сабе ўтрымлівае нейкі вось гэты ўшыты ген «фашысцкі», які людзей выхоўвае пэўным чынам. Магчыма, у гэтым ёсць сэнс, але я не ведаю... Мне вельмі цяжка і балюча, калі кажуць, што ўсе беларусы, напрыклад, такія. Ці ўсе рускія — такія. Няма ніякіх «усе». Усе розныя. І любы народ складаецца з адзінак, нельга ўсіх мазаць адной фарбай. І мне, шчыра кажучы, балюча, калі кажуць, што ўсю рускую культуру трэба выкінуць, усё рускае забараніць, забыць гэтую мову. Гэта не разумна, гэта не новая каштоўнасць. І новага чалавека з новымі каштоўнасцямі мы не вырасцім, калі мы будзем проста забараняць нешта. Важна разабрацца, чаму так адбываецца і адкуль ідзе вось гэты шавінізм велікадзяржаўны, адкуль ён у іх. Я не вялікі знаўца ні Пушкіна, ні Талстога. Можа быць, калі б я перачытала цяпер (хаця ў мяне няма жадання перачытваць), можа быць, я б убачыла штосьці такое жахлівае, што сапраўды варта забараняць. Мне цяжка сказаць. Я думаю, што трэба вельмі асцярожна ставіцца да такіх катэгарычных рэчаў, калі мы хочам (а я, прынамсі, хачу) змяняць чалавецтва культурнымі метадамі, то трэба падыходзіць да ўсяго гэтага асцярожна, культурна і разумець, што нейкі фільтр павінен быць. А не выкідаць усё з паччуцця пэўнай агрэсіі.

***

драпае цемра

скарынкай чэрствай,

сочыцца ў горла

кармін.

за чалавечае слова

«зверства»

сорамна перад

звярмі.

не пракаўтнуць гэты

хлеб драпучы.

верыш, таварыш

маёр?

там, у падвалах

пякельнай Бучы,

сэрца сканала маё.

больш не кране яго

шэпт надзеяў,

«градаў» выццё,

патрулі...

мабыць, нарэшце

распавядзе мне

той, хто мяне акрыліў,

што мне рабіць з

расстраляным пер’ем,

з вывернутасцю ключыц?

лепей бы ўшчэнт

скасаваць мой тэрмін

тут. і сусвет

адключыць.

лепей бы я

паважаным зайцам

бегла ў вясну з усіх

лап,

чым гэты боль

чалавекам звацца.

лепей я зверам была

б.

Штодзень