Прэзентацыя кнігі «Побач» адбудзецца ў Варшаве 26 лістапада падчас Гістарычнага кніжнага кірмаша. Пра гэта напісала Наста Кудасава на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
«Нават не ведаю, як сказаць. Трэба было б дачакацца фота і потым паведаміць, але ў мяне ўсё адно няма ні часу, ні сілаў рабіць прыгожы заахвочвальны допіс. Таму проста скажу, што выходзіць мая новая кніга, а дакладней наша кніга-альбом, наша агульнае з Sviatlana Sofia Dzemidovich дзіцятка», — напісала Наста Кудасава ў Фэйсбуку.
«Я чакала і складала яе два гады да 2020-га і два гады пасля 2020-га. Света таксама ўклалася ў яе ўсёю сабою.
Дызайн паэтычнага зборніка
За гэты час нас усіх знявечыла гадаўё, паламала нам жыцці, а потым прыйшла вайна. І ўсё адно я цешуся. Я назвала кнігу словам «Побач» яшчэ тады, у мінулую эпоху. Але я дагэтуль веру, што нас уратуе адкрытасць адно аднаму і цеплыня. Я дагэтуль веру.
Я марыла зладзіць вялізны тур па ўсіх гарадах Беларусі, уяўляла, як буду ездзіць, адкрываць для сябе Беларусь, знаходзіць сваіх чытачоў па ўсёй краіне. Мне вельмі хацелася пераадолець менскацэнтрычнасць культуры ў рэшце рэшт і адчуць, што мы ўсюды разам. Пакуль што тур адкладаецца. Але кніга друкуецца ў Беларусі і будзе даступная для беларусаў, гэта галоўнае.
Наш адважны выдавец Раман Ц. ужо запланаваў для нас першы выступ у Варшаве на гістарычным кніжным кірмашы!
<...>
26 лістапада, 15.00-16.00. Гістарычны кніжны кірмаш у 2022 годзе, Аркады Кубіцкага каралеўскага замка ў Варшаве — уваход з вул. Гродзка <...>».