Адна з найлепшых выканаўцаў беларускага року, лідар і салістка групы Naka Настасся Шпакоўская дала 2 ліпеня сольны канцэрт у Loft-кафэ.
Пакуль частка грамадзян рыхтавалася да 3 ліпеня (хто прыкідваў планы расстаноўкі турнікетаў, хто — як прайсці ў шэрагах удзельнікаў параду і не трапіць у тэлекамеры), іншыя задаваліся пытаннем, як бы не нарвацца на непрыемнасці, а астатнія вырашалі, куды б з’ехаць далей ад горада. Мінск абязлюдзеў.
Але дажджлівае надвор’е не перашкодзіла аматарам рок-музыкі і прыхільнікам творчасці акторкі і спявачкі Настассі Шпакоўскай прыйсці на канцэрт такога неардынарнага і вельмі займальнага калектыву — апальнага гурта Naka.
Сама Настасся прызналася ў пачатку, што вельмі хвалюецца, “бо гэта не проста канцэрт, а мой першы сольны канцэрт”. І панесліся па зале вакальныя пералівы, гітарныя запілы і электронныя ператварэнні, змяняючыся на смачныя сола, закрашаныя густым басам.
Трапіўшы пад абаяльнасць рок-князёўны, імпульсіўнай, эмацыйнай, ужо на трэцяй песні ў зале вырас лес рук, і гледачы выліліся громам апладысментаў. Доўгіх і гарачых.
Найлепшыя песні з рэпертуару Naka, ад тяжкарокавых сэмплаў у “Клочьями” да лёгкіх вальсападобных гукаў фартэпіяна ў “Опять”, ад глыбокіх метафарычных тэкстаў у “В подоле”, “Всех забрали”, “Дорога” да сцёбных і гумарыстычных замалёвак у “Мой герой — Таня Буланова”,” Тебе — 40, мне — 20″, “ПТУ”, ад кранальнай калыханкі BY YOU да строгай “Бяжы”, поўнай драйву і надрыву.
“В подоле”:
Никогда я рваным сердцем
Так о воле не мечтала,
То ли счастья было много,
То ли было горя мало.
“Бяжы”:
Слухаў з няпэўнасцю, сэрца ўжо маўчыць,
І на адлегласці ўсё пра цябе крычыць,
Выдумаў існае, ўзяў міласэрнасцю,
Толькі вось я ад цябе зноў на адлегласці.
У сольнік увайшлі і новыя песні. Адна з іх — “Метро” — рэфлексія Натассі трагедыю ў мінскім метро, што адбылася вясной. Нягледзячы на рытмічную і крыху ваяўнічую аранжыроўку, кранае да слёз. Артыстка літаральна ледзь не расплакалася на сцэне. Ніхто не застанецца абыякавым…
За минуту до взрыва
Оборваны сны,
И уже не успеть попрощаться…
Другая — “Пагоня” — прагучала пад акампанемент жалейкі, што, безумоўна, дадало песні своеасаблівасці. На жаль, месцамі жалейкі не было чуваць: такая доля народных інструментаў — гучаць ціхенька.
“Выдатна! Гэта той выпадак, калі артыст перажывае тое, пра што спявае, а не проста прагаворвае словы. Рэдкі выпадак”, — сказаў адзін прыяцель другому, выходзячы з клуба.
З гэтымі словамі ды ў добрую дарогу, бо Naka прадставіць Беларусь на адным з найбуйнейшых музычных фестываляў Расіі — юбілейным “Нашествии”, які сёлета пройдзе з 8 па 10 ліпеня.
І сто разоў мае рацыю Настасся, гаворачы, што “чорны спіс” — творчасці не перашкода.
Зарына Кандрацьева, фота Аляксандра Ждановіча