У рамках фестывалю WATCH DOCS Belarus у Гродна прайшоў паказ фільму “Сустрэча выпускнікоў” шведскай рэжысёркі Ганны Одэл. Фільм прысвечаны праблеме булінга ў школьным асяроддзі. У якасці госці на паказе прысутнічала псіхолаг Наталля Масюкевіч.
Пасля прагляду пані Наталля адказала на пытанні і распавяла аб праблеме булінгу на аснове свайго дваццацігадовага досведу працы з дзецьмі. Прапануем Вашай увазе некаторыя моманты з расповеду спецыяліста.
Наталля Масюкевіч
Прызнаць праблему - зрабіць крок у яе вырашэнні
Праблема булінгу з’явілася не сёння і не ўчора. Згадайце хаця б казку “Брыдкае качаня”, якой больш за 170 гадоў ці савецкі фільм “Пудзіла” 1983-га году. Сёння булінг набывае новыя формы і куды часцей выходзіць у публічную прастору. Напрыклад, кібербулінг, калі дзеці і падлеткі цкуюць ахвяру ў сацыяльных сетках, абражваюць у прыватных паведамленнях. З дапамогай тэлефонаў шмат якія моманты булінгу дакументуюцца: здымаюцца на фота і відэа. Апошнімі гадамі тэма гучыць даволі голасна, з цяжкасцю, але прызнаецца існуючай ва ўстановах адукацыі. Разглядаецца як адна адна з формаў гвалту.
Праблема не аднаго чалавека
Булінг – гэта сістэмная агрэсія супраць асобы ў групе. Менавіта сістэмная, бо калі мы зараз з вамі перасварымся ў зале – гэта не будзе булінг. Будзе звычайная сварка. А тут фокус акурат на групе, на ўстойлівасці і развіцці працэсу. Класічны прыклад – гэта школьны клас. Булінг не ёсць праблема аднаго чалавека: ахвяры ці агрэсара, бацькоў ці настаўнікаў. Гэта складаная, нібы слаёны пірог, праблема, якая патрабуе асэнсавання, выпрацоўкі і ўкаранення праграм папярэджання, а таксама канкрэтных сумесных дзеянняў бацькоў, педагогаў, адміністрацыі ўстановы адукацыі пры выяўленні булінга ў дзіцячым калектыве.
Вылучаешся? Ты ў зоне рызыкі!
Выбар ахвяры можа быць цалкам выпадковым, але найчасцей у зону рызыкі трапляюць дзеці, якія нечым вылучаюцца. Фізічна - крупны дзіцёнак або маленькі, у акулярах ці з брэкетамі. Той, хто адрозніваецца інтэлектуальнымі здольнасцямі ў той ці іншы бок, рысамі характару – больш сціплыя, хто меньш імкнецца да каммунікацы. Калі ты заўважны, то можаш стаць патэнцыйнай ахвярай. Калі няма супраціву, а ёсць маўклівая згода, то агрэсія будзе ўзрастаць.
“Зоркі”, “сераднячкі”, “адрынутыя”…
У класе, як у кожнай малой сацыяльная группе, існуе размеркаванне па катэгорыях. Першая – гэта “зоркі”, тыя, хто ўсім падабаецца. Наступная – “сераднячкі”. Далей – “адрынутыя”. Ну і ў рэшце – “казлы адпушчэння”. Дзеці, якія трапіляюць ў перадапошнюю і апошнюю катэгорыю знаходзяцца ў зоне рызыкі.
Аб сацыяльна-псіхалагічным клімаце ў класе варта клапаціцца не менш, чым аб паказчыках паспяховасці засваення ведаў. У псіхолагаў ёсць добры інструмент – сацыяметрычны тэст Дж.Марэна. Школьнікам прапануюць напісаць імёны трох аднакласнікаў, якіх яны хацелі б запрасіць на дзень нараджэння; з кім хацелі б працаваць у групе. Рэзультаты даюць разуменне, хто да якой катэгорыі належыць і могуць служыць падставай для паляпшэння адносін паміж дзецьмі.
“Санкцыя на булінг”
Нажаль, настаўнік можа даць “санкцыю на булінг”. Як? Калі переходзіць межы сваёй ўлады, сароміць пры ўсім класе, надае эпітэты вучням, б’е па карку, крычыць альбо не звяртае ўвагу на першыя званочкі пагаршэння сацыяльна-псіхалагічнага становішча ў дзіцячым калектыве. Нядаўні прыклад: да дошкі выходзіць распавядаць верш 11-гадовая дзяўчынка з фарбаванымі каляровымі валасамі. Распавядае слаба, запінаецца, а настаўнік вазьмі ды і скажы: “Валасы пафарбаваць паспела, а верш падвучыць – не!” У класе гэта падхапілі і пайшло-паехала...
Глядзіце таксама: Цкаванне ў школе. Як пазбегнуць і хто нясе адказнасць? (Відэа)
З настаўнікамі працаваць цяжка. Нават не ўяўляеце, колькі агрэсіі ў свой бок я атрымала ад педагогаў за гады ў прафесіі. Падставы самыя розныя: супраціў у адказ на прапанову змяняць мадэлі камунікацыі з вучнямі, нежаданне прымаць/падзяляць адказнасць за спыненне гвалту сярод вучняў класа, агульная стомленасць з-за выконвання абавязкаў, далёкіх ад навучальных задачаў і г.д.
Агрэсію нельга зняць поўнасцю
Агрэсію дзіцё спазнае ўпершыню не ў школе, а значна раней. Справа акурат у навучанні самарэгуляцыі, а не ва ўтапічнай спробе стварыць “стэрыльны свет” без негатыўных эмоцый і паводзінаў. Задача дарослага – навучыць дзіцёнка паважаць межы іншага чалавека, засвойваць канфліктную кампетэнцыю, пускаць гэтую энэргію ў іншае рэчышча.
Першымі мабілізавацца маюць бацькі
У інфармацыйнай прасторы шмат матэрыялаў пра тое, па якіх прыкметах можна зразумець, что вучня цкуюць. Але бацькі часам кажуць: “Ай, дзеці разбяруцца самі!” Так, разбяруцца – за школай. Здымуць гэтую разборку на тэлефон ды выкладуць у сеціва… Буллінг не спыняецца сам па сабе: заўсёды патрабуецца з боку дарослых абарона і дапамога пацярпелым, крыўдзіцелям і сведкам. Бацькі даюць дзецям абарону і апеку. Калі ёсць знешняя пагроза для дзіцяці, першымі мабілізавацца маюць бацькі.
“Выхоўвайце лепш!”
Часам, у бацькоў ахвяры нараджаецца варыянт забраць дзіцёнка са школы, перавесці ў іншы клас. Зразумелая рэакцыя, але дзеянні па спыненню гвалту ў класе не мусяць канцэнтравацца толькі вакол пацярпелага. Працаваць варта з агрэсарам, з усёй групай. Што значыць, калі толькі выдаляем пацярпелага? За агрэсарам замацоўваем статус моцнага, маўляў: “Працягвай!”? Так нельга.
Была ў мяне мама, у якой дзіцёнак у чацвёртым класе сутыкнуўся з праблемай булінгу. Яна звярнулася у школу, але настаўнік адмахнуўся, адміністрацыя заняла пазіцыю: “Ваш сам вінаваты, выхоўвайце лепш!” Сям’ю цкавалі разам з дзіцёнкам. У такіх выпадках я кажу: размаўляйце, калі ёсць з кім размаўляць.
У нас, нажаль, дарослыя людзі, неахвотна вызнаюць свае памылкі. Бо, ім здаецца, што вызнаць памылку, значыць згубіць уладу. Калі бацькі агрэсара не ўключаюцца, не прымаюць адказнасць, настаўнік не гатовы прыкладаць намаганні да зменаў, адміністрацыя адмаўляецца рэгістраваць выпадак булінга, значыць хранічная траўматычная сітуацыя для дзіцёнка ня зменіцца. Трэба ратаваць! Метафарычна кажучы, як у амерыканскіх фільмах-катастрофах: знесці як мага далей, накрыць пледам, даць кубак з гарбатай.
Дарослыя маюць разбірацца з дарослымі
Здараюцца сітуацыі, калі бацькам ахвяры цяжка ўтрымацца ад агрэсіі ў бок крыўдзіцеля. Так прыходзіць у школу бацька, знаходзіць крыўдзіцеля і крычыць на яго: “Я табе зараз увалю!”. Гэта нядапушчальна. Па законе так таксама нельга. Дарослыя маюць разбірацца з дарослымі, маюць дамаўляцца, бо іх паводзіны – прыклад для дзяцей.
Важны момант: спыняць распаўсюд гвалту могуць не толькі бацькі ахвяры, настаўнікі, але і дзеці - сведкі буллінга. Самастойна, або пры дапамозе сваіх бацькоў. Сведкі таксама траўмуюцца, хоць іх асабіста могуць не цкаваць. Але яны бачаць, а значыць – перажываюць амаль тое самае, што і ахвяра: “Лепш буду сядзець ціха, не высоўвацца”.
А бывае і наадварот. Неяк, калі я вучылася ў восьмым класе, мама аднакласніка патэліла маёй. Пасля мая мама ў мяне пытаецца: “А што з гісторыкам здарылася?” Размова шла пра тое, як настаўнік гісторыі перыядычна па-хамску са мной размаўляў на ўроках. Я ўнутрана яго паслала і не звяртала увагі. А вось аднакласнік распавёў сваім бацькам, тыя пазванілі маёй маме з пытанем, ці ведае яна, што адбываецца… Гэта гісторыя пра адказнасць і клопат пра пачуцці іншага.
ЗША: “Так, у нас ёсць праблема булінгу…”
Праблема гвалту распаўсюджаная ў свеце, варта вывучаць станоўчыя практыкі яе вырашэння. Датычна прафілактыкі булінгу ў ЗША з вопыту кліенткі ведаю пра цікавую практыку. У пачатковай школе класы (там – па 15 чалавек) штогод перамешваюць, пераводзяць з класу ў клас. Навошта? Каб не ствараліся трывалыя групоўкі ды іерархіі. А яшчэ – каб дзіцёнак вучыўся камунікаваць з вялікай колькасцю аднагодкаў.
Мне гэтая сістэма падаецца спрэчнай, але яна працуе… Адкрыта кажуць: “Так, у нас ёсць праблема булінгу, мы яе вырашаем…” . А ў нас хто прызнаецца? Па маім досведзе з 20-ці педагогаў прызнаюцца толькі двое.
МаёПрава#2: Што такое булінг? (Відэа)
Мы вучымся разумець адно аднаго
Каб змагацца з праблемай булінгу ва установах адукацыі, трэба працаваць усім ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Вялікая роля адводзіцца распаўсюду інфармацыі, адукоўванню дзяцей, педагагічнага штату, адміністрацыі наконт супраціву гвалту ды зніжэння агрэсіі сярод вучняў.
У мінскіх школах, акрамя іншых формаў прафілактычнай працы, тры гады актыўна прасоўваюцца і замацоўваюцца медыятыўныя практыкі – працуе праект “Вучымся разумець адно аднаго”. Дзеці засвойваюць практыкі станоўчага вырашэння канфліктаў, разбіраюць прыклады а таксама сітуацыі на падставе рэальных кейсаў. Бакі канфліктаў вучацца дамаўляцца, робяцца намаганні з мэтай зніжэння ўзроўню агрэсіі.
Праца з адміністрацыяй школаў – гэта спроба навучыць не замоўчваць прыкрыя выпадкі, бо гэта велізарная праблема. Кожны інцыдэнт мае быць зарэестраваны, а пасля – праведзеная праца.
Мы вучымся разумець адно аднаго, імкнемся перайсці да культуры анты-гвалту, і гэта, мабыць, галоўнае.
Алесь Кіркевіч, budzma.by
Фота — Аляксандр Саенка
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!