Заснавальніца зачыненага тайм-клуба «13:87» Наталля Халанская: «Прастора «13:87»— гэта людзі, а не сцены»

У гэтым годзе шмат праектаў было «падсечана» палітыкай па ліквідацыі «непатрэбных» грамадскіх ініцыятыў. Пад каток трапілі зусім розныя арганізацыі: ад тых, хто займаўся пытаннямі хатняга гвалту і культурніцкімі праектамі, і да палітычных структур.



І ў гэты пералік трапілі ініцыятывы, якія былі відавочна карысныя для мясцовага грамадскага жыцця. Напрыклад, бабруйскі тайм-клуб «13:87». Гэтую прастору можна з поўным правам назваць асяродкам грамадскага і культурнага жыцця горада.

Як прастора пачыналася, што з ёю зрабілася, ці адчыніцца яна зноў? Пра гэта «Будзьма» пагутарыла з яе заснавальніцай Наталляй Халанскай.

image2.jpeg

Ад аматараў арт-хауса да прасторы гарадскога жыцця

Як распавядае Наталля Халанская, пачалося ўсё з аматараў арт-хауснага кіно. Спачатку яны збіраліся па хатах, потым, калі народу стала багата для таго, каб збірацца па дамах, яны вырашылі, што ім патрэбная прастора, дзе можна было б збірацца. Але не проста кавярня, а сапраўды нефармальнае месца.

«Мы паглядзелі, што робяць іншыя ў свеце, і прастора «антыкавярні» з’явілася 19 кастрычніка 2014 года. Гэта былі сустрэчы з разраду «каго што цікавіць» — нехта збіраўся глядзець кіно, нехта гуляў у настолкі, нехта размаўляў пра здаровую ежу... Так, паціху-пакрысе мы развіваліся, і ў 2016 годзе, падаецца, мы пераехалі ў новую, больш шырокую прастору. Да нас прыходзіла шмат новых людзей, збіраліся паэты, ладзілі паэтычныя вечарыны, акустычныя вечарыны, адукацыйныя сустрэчы, да нас прыязджаў «Кірмаш праектаў» ад «Будзьма беларусамі!». А у 2018 годзе мы пачалі працу на той прасторы, якую цяпер, падаецца, згубілі», — згадвае Наталля.

Цяперашняя прастора «13:87» — гэта цудоўны будынак з чырвонай цэглы, з утульным дворыкам, дзе ладзіліся розныя імпрэзы і сустрэчы. І калі напачатку было памяшканне 50 квадратных метраў, то ў гэтым будынку — 230 «квадратаў». У ім было дзе разгарнуцца творчым і актыўным людзям Бабруйска.

image3.jpeg

«Напрыклад, у нас ёсць цудоўная «Акадэмія 50+», курсы размоўнай англійскай мовы, да апошняга часу былі курсы «Мова Нанова», мы больш за пяць год былі разам. Захаваўся клуб людзей, якія гуляюць у настолкі, некаторы час таму ў нас з’явіўся нефармальны студэнцкі цэнтр — хаця ў Бабруйску няма вышэйшых навучальных устаноў, але шмат тэхнікумаў і каледжаў. Мы збіралі гэтую моладзь, каб яны пры нашай дапамозе нешта самі рабілі. Быў клуб аматараў музыкі — яны збіраліся, слухалі музыку, збіралі адзін для аднаго факты цікавыя пра розныя музычныя накірункі, быў „Форум тэатраў“... Ёсць у нас бізнес-суполка, і ў гэтым годзе мы зладзілі тры патокі інтэнсіву, калі можна было прыйсці з дэяй і распрацаваць для яе бізнес-план: як для камерцыйных, так і для сацыяльных ідэй. Зладзілі ментарскую праграму, бо цяпер людзям патрэбная і асабістая падтрымка. Гэта такая прафесійная падтрымка для людзей ва ўзросце 30+. Свет вельмі хутка змяняецца, не заўжды ў нас актуальная адукацыя, і таму актыўныя прадпрымальнікі, бізнесоўцы як ментары падтрымлівалі тых, хто сутыкнуўся з нейкімі праблемамі на працы, ці хто пасля адпачынку па гадаванні дзяцей не можа знайсці сябе на рынку працы», — пералічвае Наталля праекты, якія горад, магчыма, страціў.

У тайм-клубе «13:87» ладзілася шмат розных выстаў. Напрыклад, пра валанцёраў, якія ў мінулым годзе падтрымлівалі медыкаў. Была выстава «Жывы Бабруйск» — фатограф і дызайнерка зрабілі серыю паштовак з будынкамі Бабруйска, якія ў горадзе, можа, і не захаваюцца. Але яны ёсць на паштоўках, і разам з прэзентацыяй паштовак у тайм-клубе адбылася выстава з фотаздымкамі гэтых будынкаў.

Як выжыць у пандэмію?

«Увесну 2020-га здарылася пандэмія, і гэта быў для нас вялікі псіхалагічны і эканамічны выклік. Прастора, якая збірала людзей, не магла працаваць, бо збіраць людзей у памяшканні было небяспечна. Мы проста зачыніліся, аднак фінансавыя абавязкі па ўтрыманні будынку нікуды не падзеліся. І мы вырашылі зрабіць нешта, што дапамагло б нам зарабляць. Мы пачалі шукаць ідэі, і іх было шмат — пачынаючы ад майстэрні па рамонту абутку і заканчваючы продажам цвікоў ураздроб. Аднак нам хацелася, каб было нешта, блізкае нам па духу. І тады якраз з’явілася думка, што ў Бабруйску няма тавараў з беларускай ідэнтычнасцю. І шмат нашых сяброў, партнёраў казалі, што было б крута, каб нешта такое з’явілася», — распавядае Наталля.

Так у Бабруйску паўстала крама з беларускім каларытам. «Спачатку план быў такі, што мы закупляем прадукцыю оптам, а потым прадаем яе ў Бабруйску ўраздроб. Мы працавалі з «Будзьма-крамай», бабруйчане з задавальненнем набывалі іх рэчы. Аднак разам з рамеснікамі, маленькімі прадпрыемствамі мы пачалі ствараць нешта чыста сваё, бабруйскае. Падцягнулі бабруйскіх керамістаў, якія робяць цудоўную кераміку, майстрыцаў, якія рабілі шоперы... У нас з’явілася палічка экапрадукцыі», — згадвае Наталля.

5.jpeg

Цяпер крама зачыненая, як зачынены і клуб, таму што ёсць дакумент ад МНС, што ў будынку нельга працаваць па нормах пажарнай бяспекі. Таму крама, як і тайм-клуб, у гэтым будынку не працуе.

«Што будзе з крамай — не ведаю, але у нас ёсць цудоўныя распрацоўкі калекцый, якія мы хочам выпусціць разам з дызайнерам, стылістам і рамеснікамі, каб гэтыя рэчы мелі бабруйскі каларыт, але каб іх можна было выкарыстоўваць у сучасных інтэр’ерах. Напрыклад, хочам зрабіць серыю шкатулак «купчыхі Кацнельсон»: гэта шкатулкі, якія б мелі ў сабе элементы драўлянага дома купчыхі Кацнельсон, што захаваўся ў Бабруйску», — распавядае Наталля.

Даведка: Дом Купчыхі Кацнельсон можна назваць адным з сімвалаў Бабруйска. Гэта пабудаваны ў 1912 годзе драўляны асабняк у стылі мадэрн, які належаў купчысе 1-й гільдыі Паі-Брайне Кацнельсон. Яна займалася гандлем лесам, у 1901 годзе абарот яе фірмы склаў два мільёны рублёў у год, а імя Кацнельсон было добра вядома за межамі Расійскай імперыі, у прыватнасці, на англійскім рынку. Цяпер будынак занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

«Гэта адзін з прыкладаў прадукту, які мы б хацелі вырабляць для сваёй крамы. Але пакуль крамы няма, а прадукт ёсць. І мы думаем цяпер, як працаваць», — адзначае заснавальніца тайм-клуба.

Што здарылася?

Пандэмія, па словах Наталлі, вельмі моцна паўплывала на працу тайм-клуба. Але гэты выклік прастора прыняла. З’явілася цік-ток студыя, якая дапамагала ствараць кантэнт. Было шмат імпрэзаў улетку, калі можна было збіраць людзей у дворыку, рабіліся «публічныя суботы», калі можна было прыйсці паслухаць музыку, патанчыць, памаляваць, заняцца рознымі рэчамі... 

А 20 кастрычніка ў тайм-клубе адбыўся ператрус. «Па паперах гэта называлася «агляд». Я не ведаю, як каментаваць гэта: да нас прыйшлі і забралі вельмі шмат рэчаў, якія былі чырвонага колеру: напрыклад цырату, на якой малявалі людзі, якія прыходзілі маляваць — яна была з рознымі плямамі. Забралі халаты да Хэлоўіна — белыя з чырвонымі плямамі. З крамы забралі рэчы з цытатамі Ларысы Геніюш... Пасля мяне судзілі за малюнкі, якія былі ў клубе. На судзе іх называлі «карцінамі», хаця гэта проста малюнкі розных людзей, гэта была іх творчасць, іх права на самавыражэнне, пра што я казала у судзе. Я не лічу іх заклікамі да чагосьці, гэта іх творчасць, яны гэта малююць, яны гэтым дзеляцца. Так было напрацягу ўсіх сямі гадоў існавання прасторы, і гэта сталася не сёння», — адзначае Наталля.

У тайм-клуб прыйшла праверка АБЭЗ, — прычым, без прыпынення працы. АБЭЗ высветліў, што няма падставаў для правапарушэнняў. А 7 снежня адбыўся маніторынг МНС — ён праходзіў, планава, як заўжды.

«Гэта адбывалася ў нас кожны год, гэта не першы маніторынг. Усё прайшло нармалёва. Паглядзелі, што ўсе сістэмы працуюць. Але 8 снежня мяне выклікалі ў МНС і выдалі нам такую «прапанову», — каб мы спынілі працу, бо будынак не адпавядае нейкім планам і нормам», — распавядае Наталля.

Па яе словах, гэта было нечаканасцю не толькі для яе, але і для гаспадара будынка. Бо раней не было ніякіх пытанняў, і ў будынку нічога не змянялася. У выніку тайм-клуб «13:87» вымушана прыпыніў працу, а гаспадар будынка цяпер высвятляе, чаму тое, што было прыдатным некалькі гадоў, раптам стала непрыдатным ў 2021-м.

Тайм-клуб — гэта не сцены

Тым не менш, пра поўнае спыненне праектаў і працы тайм-клуба, па словах Наталлі Халанскай, размова не ідзе. Жыццё працягваецца — толькі ў іншых формах і ў іншым рэчышчы.

«Тое, што мы планавалі зрабіць у снежні — праграмы, ідэі, — мы аддалі нашым партнёрам, бо для нас вельмі важна выканаць абавязкі перад людзьмі, якія планавалі быць разам з намі. Гэта крутыя ролевыя квесты для дарослых і для дзетак, гэта калядныя майстар-класы па кераміцы з майстрамі... Для мяне важна, каб нават без сцен, без будынку гэтая справа жыла, каб людзі мелі стасункі адзін з адным, займаліся культурай, займаліся творчасцю», — зазначае заснавальніца тайм-клуба.

image4.jpeg

Па яе словах, тайм-клуб падтрымала і супольнасць, якая за гэтыя гады згуртавалася вакол установы. «Я вельмі ўдзячная ўсім-усім людзям, якія з намі побач. І я думаю, што можна казаць пра поспех «13:87» — калі ёсць людзі, гатовыя нас падтрымліваць, гатовыя працаваць, нягледзячы ні на што. У іх ёсць ідэі, у іх ёсць аптымізм, якога нам часам не хапае. Я адчуваю іх падтрымку, менавіта мясцовую. Дый шмат сяброў з Беларусі, і не толькі з Беларусі, нас падтрымлівае. Гэта наша моц», — адзначае Наталля.

Што далей?

Наконт планаў аднаўлення працы альбо перафарматавання тайм-клуба «13:87» у нешта іншае, — «вельмі цяжкае пытанне, на якое ў мяне пакуль няма адказу», зазначае Наталля.

«Будынак, які ў нас быў — ён жа быў не проста так, і потым яго не стала. Там шмат рэчаў, шмат абавязкаў, дагавораў з рознымі ўстановамі, пачынаючы ад аховы і заканчваючы вывазам смецця. Таму цяпер у нас шмат працы, каб гэта ўсё прыпыніць. У снежні наша каманда дапамагае партнёрам па нашых праектах, а я працую з паперамі, каб надалей у нас не было ніякіх праблем з-за таго, што мы нешта не прыпынілі.

І ёсць справы, якія мы дарабляем. Тыдзень таму мы запусцілі ў Інстаграме міні-серыял «Мая вуліца» пра вуліцы Бабруйска. Мы паўгода здымалі невялічкія відэа пра вуліцы: розныя людзі распавядалі пра свае вуліцы, чым яны ім падабаюцца, чаму гэта вуліца «іх», чаму гэта важна... Гэта класна, крута, і гэта будзе выходзіць далей, і мне падаецца, што такая інфармацыйная прастора навокал «13:87» — яна не прыпыніцца. Вельмі шмат чаго зроблена, і мы пра гэта працягваем і працягваем распавядаць. І цяпер, напэўна, у нас з’явіцца больш часу распавядаць пра тое, што мы рабілі і робім.

Таму што заўжды ў нас не хапала часу распавядаць пра сябе. Цяпер будзе час распавядаць пра тое, што мы рабілі, і будзем глядзець, куды накіроўвацца далей», — адзначае Наталля.

Але гэта будзе ўжо ў наступным годзе. Таму што ў яе «на студзень ёсць жаданне і вялікая патрэба ўзяць нейкі адпачынак, бо эмацыйна сітуацыя вельмі цяжкая. 

І мы разумеем, што «13:87» — гэта ў першую чаргу людзі, а не сцены. Але пакуль цяжка пераварыць сітуацыю з будынкам, і як толькі будуць сілы, мы будзем думаць, што рабіць».

І справа не толькі ў будынку, у якім цяпер нельга працаваць. Справа ў тым, што тайм-клуб «13:87» разварушыў бабруйскае грамадскае жыццё. «Прастораў у горадзе таксама ўжо вельмі шмат. Я задаволеная тым, што калі параўноўваць не сябе з нейкім іншым, а сябе з сабой — то Бабруйск, які быў сем год таму, калі мы пачыналі, і цяперашні Бабруйск... Цяперашні Бабруйск вельмі класны, у нас з’явіліся іншыя прасторы, і мы разам усё гэта зрабілі», — адзначае Наталля.

image6.jpeg 

Таму ёсць шмат розных ідэй наконт далейшай працы, і багата варыянтаў, у які бок рушыць. «Ці будзе гэта «Супольнасць 13:87», якая будзе нешта рабіць у горадзе, ці гэта будзе новая прастора, ці, можа, так атрымаецца, што мы вернемся на старую прастору — не ведаю. Можа быць вельмі шмат цікавых варыянтаў. Але трэба крышачку перадыхнуць, прыйсці ў сябе, каб зрабіць максімальна класна», — адзначае Наталля Халанская.

Так што, мажліва, у новым годзе бабруйчанаў чакае багата прыемных сюрпрызаў.

Пачытайце, як ў прасторы «13:87» праходзіла ток-шоў пра праблемы культурнага адпачынку ў Бабруйску, арганізаванае кампаніяй «Будзьма Беларусамі!» у межах культурніцкага праекта «Разам да справы»:

«Давайце рабіць разам і якасна, давайце рабіць для сябе і для людзей, якія побач»

Аліна Бялова, budzma.org