1 сакавіка ў Горадні адбылася прэзентацыя жаночага нумару часопіса Arche “Жанчыны ў гісторыі Беларусі”, укладзенага гарадзенскім гісторыкам Наталляй Сліж.
Пра нумар, канцэпцыю і ідэю расказвае Наталля Сліж:
“Ідэя была такая: Нашыя беларусы пераклалі вельмі добрую кнігу Разалінды Маелс “Жаночая гісторыя свету”, дзе расказваецца жаночая гісторыя свету ад старажытнасці да сучаснасці – асноўныя моманты. Я пачала чытаць і раззлавалася, што ў нас такой гісторыі няма. Каб сесці напісаць такую кнігу адной, патрэбны вялікі досвед. Лепш за ўсё сабраць калектыў аўтараў. На сённяшні дзень найлепшая пляцоўка для гэтага – пляцоўка Arche.
Былі два кірункі – агульная гісторыя і гісторыя выбітных асобаў. Канечне, не атрымалася ахапіць усё. Вельмі б хацелася ад старажытных часоў да сёння, але атрымаліся асобныя матэрыялы.
Кожная з аўтарак прадставіла свае напрацоўкі, таму ў нас жанчына прадстаўленая ў розныя перыяды – з XVI да ХХ стагоддзя – і ў розных аспектах: жанчына ў палітычным жыцці, у паўстанні, у юрыдычных, судовых справах.
“Усе скажуць, што нумар атрымаўся феміністычны, – кажа Наталля Сліж, – таму што асноўныя гістарычныя артыкулы напісаныя жанчынамі. Гэта і была асноўная ідэя – зрабіць гісторыю жанчын і для жанчын, Але ў апошні момант прыйшлі мужчыны, што таксама хацелі напісаць пра жанчын. Гэта ў асноўным біяграфіі. Дзярновіча пра князёўнаў Гедройц, два артыкулы. Адзін – пра першую жанчыну-хірурга, другі – пра жанчыну, што напісала вершык “В лесу родилась ёлочка”. Такі нечаканы матэрыял.
Вельмі нечаканы аўтар нумару – Аляксандр Фядута, які прадставіў матэрыял пра Еву Філінскую. Асабістую перапіску Ларысы Геніюш падрыхтаваў Міхась Скобла”.
Спадарыня Сліж вельмі хоча зрабіць працяг гэтага нумару. “Калі гэты нумар атрымаецца і будзе прыняты, я праз год хацела б зрабіць яшчэ адзін, таму што далёка не ўсе тэмы закрытыя. Ёсць сэнс рабіць падобныя выданні, адмыслова прысвечаныя жанчынам”.
Наталля падзялілася таксама сваімі спадзяваннямі: “Хай мужчыны паспрабуюць у супрацьвагу зрабіць мужчынскі нумар. Нашыя мужчыны ў гэтым плане не вельмі актыўныя. Хай сядуць і напішуць”.
Падчас прэзентацыі апроч жаночага нумару Валер Булгакаў прадставіў вялікую колькасць выданняў, што былі выдадзеныя выдавецтвам Arche за мінулы год.
Андрэй Мялешка
Тэгі: Горадня