Пісьменніца Наталля Станкевіч, якая цяпер працуе псіхолагам у Берліне, у інтэрв’ю budzma.org распавяла, што сёння хвалюе беларусаў, як сябе паводзіць са сваякамі, якія падтрымліваюць вайну, і ў чым выражаецца распаўсюджаная памылка бацькоў у адносінах з дзецьмі.
— Наталля, вы сказалі, што з пачаткам вайны ва Украіне капялюш пісьменніцы вы змянілі на капялюш псіхолага. Чым канкрэтна вы займаецеся?
— Праводжу асабістыя кансультацыі і трэнінгі для дарослых і падлеткаў. Мая аўдыторыя — у асноўным украінкі і беларускі. З красавіка 2022-га і да канца таго года я праводзіла «Жаночы клуб», дзе аказвала псіхалагічную падтрымку ўкраінкам, якія былі вымушаныя з’ехаць з Радзімы з-за поўнамаштабнай вайны. Цяпер працую, у тым ліку, з беларускамі, якія застаюцца на Радзіме. Таксама як псіхолаг вяду на Youtube канал «Мае сэнс».
— Што сёння хвалюе беларусаў — і тых, хто ўнутры краіны, і тых, хто за яе межамі?
— Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў многіх быў запыт: мала нам было нашага 2020 года, дык цяпер узнікла траўма ў выглядзе саўдзелу Беларусі ў ваеннай агрэсіі. Людзям трэба было знайсці сябе ў змененай сітуацыі. «Пачалася вайна, што мне рабіць? Рабіць выгляд, што нічога не адбываецца? Ці пачаць актыўнасць? А як мне актыўнічаць, калі ў мяне і так няма часу, бо я і так ужо камусьці дапамагаю? А калі я не магу дапамагчы ўкраінцам, то як я магу не адчуваць сваёй віны, знаходзячыся ў бяспецы?».
Калі вастрыня такіх пытанняў пайшла на спад, людзі зноў пачалі звяртацца больш з жыцейскімі праблемамі: пытаннямі адносінаў паміж жонкай і мужам, паміж бацькамі і дзецьмі.
Адна з тэмаў маёй цікавасці — таксічныя (разбуральныя) адносіны. А гэта не толькі адносіны паміж мужчынам і жанчынай, але і адносіны паміж сябрамі, паміж начальнікам і падначаленым. У бліжэйшы час у мяне будзе два выступы на гэтую тэму.
— Многія беларусы, якія знаходзяцца ў бяспецы, адчуваюць за сабою віну: іх суайчыннікі трапляюць пад рэпрэсіі і становяцца палітвязнямі, а іх краіна выступае суагрэсарам у вайне супраць Украіны. Як у такіх умовах можна адчуваць сябе нармалёва?
— Гэтыя беларусы перажываюць «сіндром выжылага». Перш за ўсё гэты тэрмін прымяняецца да тых, хто выжыў у аўтакатастрофе, у якой іншыя загінулі. Гэтыя перажыванні ўласцівыя і тым беларусам, якія цяпер у бяспецы: «Я сяджу ў Вільні, Варшаве, Берліне, а ў Беларусі людзей арыштоўваюць, а ва Украіне забіваюць».
Я сутыкалася з тым, што людзі так сябе накручваюць, што ўпадаюць у неўратычны стан, пры якім думаюць: «Я не магу дазволіць сабе папіць кавы, бо многія жыхары Марыупаля ўжо ніколі яе не пап’юць».
Я кажу людзям, што гэта не выхад. Гэта ілюзія, што калі мы будзем вельмі перажываць, то нашыя маральныя пакуты неяк могуць паўплываць на сітуацыю. Насамрэч такія паводзіны ні на што не ўплываюць, яны толькі разбураюць людзей знутры.
Я раю людзям падзяліць сферы іх адказнасці: на што яны здольныя паўплываць, а на што — не. Можаце заданаціць на Узброеныя сілы Украіны — заданацьце. Але вы не можаце спыніць вайну, і гэта трэба прыняць.
— З-за тых жа падзеяў 2020 года і вайны ва Украіне ў многіх беларусаў значна пагоршыліся адносіны з бацькамі і сваякамі, у якіх галовы прамытыя расійскай прапагандай. Як паводзіць сябе з імі?
— Складанасць у тым, што тут не можа быць адзінага рашэння. Нельга ва ўсіх выпадках параіць, напрыклад, перастаць з імі кантактаваць ці пераехаць на іншую кватэру. І могуць быць розныя стратэгіі паводзінаў у адносінах да бацькі і маці. Напрыклад, у размовах з бацькам можна старацца ўвогуле не ўздымаць палітычныя тэмы, а маці час ад часу можна падкідаць відэа з незалежных крыніц.
Затое што ў сілах кожнага з нас — падумаць: чаму пазіцыя бацькоў так моцна б’е па мне?
У мяне была кліентка, якая наўпрост адказала: «Мяне так чапляе пазіцыя бацькоў, бо я хачу думаць пра іх добра». Але блізкія і сваякі не абавязаны адпавядаць таму, як вы іх бачыце.
У такіх сітуацыях можна разважаць наступным чынам: я разумею, што мае бацькі падтрымліваюць вайну, але я не буду зацыклівацца на іх пазіцыі, а буду больш праводзіць часу з людзьмі, якія падзяляюць мае думкі, і не буду самотным.
— Але не варта рваць адносіны?
— Я не ведаю. Дакладней — думаю, что ў некаторых выпадках гэта можа і варта зрабіць. Пытанне «вы, мае бацькі, за вайну ці супраць яе?» не проста вісіць у паветры, а абапіраецца на дзесяцігоддзі адносінаў. Калі ў сям’і раней адбывалася нешта непрыемнае, напрыклад, бацька біў сына ў дзяцінстве, і тут вішанкай на торце дадаецца яго падтрымка вайны, то можа, варта парваць адносіны?
Розныя выпадкі, розныя адносіны — камусьці не варта рваць адносіны з бацькамі, камусьці варта.
— З якімі псіхалагічнымі праблемамі сёння сутыкаюцца беларускія падлеткі?
— У асноўным я працавала з падлеткамі, якія разам з бацькамі прыехалі з Украіны. Яны, перш за ўсё, сутыкаюцца з крызісам адаптацыі — прывыканнем да нямецкіх школ, булінгам і г. д. Часам да дзяўчат занадта настойліва падкатваюць мясцовыя хлопцы.
Бацькам і ў сітуацыях, калі сям’я з’ехала за мяжу, і ў сітуацыях, калі сям’я засталася ў Беларусі пасля падзеяў 2020 года, важна разумець, што змянілася не толькі іх жыццё, але і жыццё іх дзяцей. Распаўсюджаная памылка ў адносінах з дзецьмі — зрабіць выгляд, што нічога не адбылося, усё звесці да рэакцыі: слухайся мяне, добра вучыся і прынось высокія адзнакі са школы.
Бацькі не ўключаюць падлеткаў у працэс вырашэння праблемы, але ж усе нанова шукаюць сябе: «Кім я цяпер з’яўляюся за мяжою? Кім стаў я, калі ўсе мае сябры з’ехалі з Беларусі?»
Нашае жыццё змянілася, нам трэба знайсці новых сябе. І гэты самы працэс ідзе і ў падлеткаў, і ён яшчэ больш востры з-за ўзросту, у якім яны шукаюць сябе ў якасці дарослага. Важна размаўляць з дзецьмі пра гэта, а не рабіць паспешных высноваў: ты робіш няслушна, ты робіш няправільна. Варта цікавіцца меркаваннем дзяцей: як яны бачаць сітуацыю, у якой вы апынуліся, што яны адчуваюць?
— Як бацькам можна зразумець, што час звяртацца да псіхолага?
— Відавочная нагода — калі дзеці траўмуюць сябе, калі, напрыклад, прыжыгаюць цыгарэтай ці запальнічкай часткі цела. Варта быць уважлівымі да прыкметаў падлеткавай дэпрэсіі — калі дзіця моцна замыкаецца ў сабе, не выходзіць са свайго пакоя, страчвае апетыт, мала спіць альбо спіць вельмі шмат.
Калі вы, бацькі, бачыце, што дзіця пакутуе, то паразмаўляйце з ім, схадзіце да псіхолага — гэта нясорамна, гэта нястрашна, шкоды гэта дакладна не прынясе.
— Ці ўсё ідэальна ў арганізацыі псіхалагічнай дапамогі ў Германіі?
— Не, асноўная праблема — патрапіць да спецыяліста. Чэргі, на жаль, вельмі вялікія і могуць займаць нават год. Аператыўна працуюць толькі экстраныя службы, калі ўжо даходзіць да небяспечнага, напрыклад, да спробаў самагубства.
— Наталля, ці можаце параіць кнігі, карысныя з пункту гледжання адносінаў бацькоў са сваімі дзецьмі?
— Мае абсалютныя фаварыты — Людміла Петраноўская і Дзіма Зіцер, у абоіх шмат кніг, а таксама лекцый, інтэрв’ю на Youtube. Людміла — выдатная псіхалагіня, працуе з тэорыяй прывязанасці, шмат распавядае пра адносіны з дзецьмі, адна з яе асноўных кніг — «Тайная опора» — пра ролю бацькоў у жыцці дзяцей, пра тое, як будаваць здаровыя межы, у тым ліку падчас крызісаў і г. д. Раю яе чытаць і слухаць поўнасцю, усё, што знойдзецца.
Дзіма Зіцер — педагог, у яго вельмі практычны падыход да вырашэння праблемаў з дзецьмі, пры гэтым ён дае неверагодна шмат карысных парадаў, а таксама выпраменьвае аптымізм і дабрыню. Акрамя выдатных кніг у Дзімы ёсць перадача на Youtube «Любить нельзя воспитывать», дзе ён ў прамым эфіры адказвае на пытанні бацькоў.
Дарэчы, і Людміла, і Дзіма прытрымліваюцца вельмі ясных пазіцый адносна поўнамаштабнай вайны і падтрымліваюць Украіну.
Фота — з асабістага архіва Наталлі Станкевіч.
Антон Навумчык, budzma.org