Паводле даследвання ЮНЕСКА, беларуская мова з’яўляецца адной з самых мілагучных моў у свеце. Да свята роднай мовы Нацыянальная бібліятэка падрыхтавала шэраг мерапрыемстваў.
З 19 па 21 лютага традыцыйна ўвечары на вонкавым электронным светлавым табло бібліятэкі можна пабачыць святочныя графічныя малюнкі з усім знаёмымі са школы вершамі, цытататамі класікаў літаратуры, беларускімі словамі, якія адлюстроўваюць прыгажосць і ўнікальнасць роднай мовы:
19 лютага — з 18.29 да 18.36,
20 лютага — з 18.31 да 18.38,
21 лютага — з 18.33 да 18.40;
з 20 лютага да 26 сакавіка ў кальцавой галерэі на 3-м паверсе бібліятэкі распачне працу кніжная выстаўка «Ад літары да слова. Ад слова да мовы». У наведвальнікаў будзе цудоўная магчымасць узгадаць каларытныя словы беларускай мовы. А падмацаваць вобразнае ўяўленне пра іх можна будзе дзякуючы творам, у назвах якіх гэтыя словы сустракаюцца. Сярод экспанатаў выстаўкі — кніжныя выданні з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі ад 1920-х гадоў да сучаснасці — творы класікаў беларускай літаратуры, дзіцячых пісьменнікаў, пераклады замежнай класікі на беларускую мову;
з 16 лютага да 28 сакавіка ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207) працуе тэматычная кніжная выстаўка «Родная мова — духоўная спадчына народа». Экспазіцыя знаёміць з дакументамі, сярод якіх энцыклапедыі і даведнікі аб мовах народаў свету, міжнародныя нарматыўна-прававыя акты, накіраваныя на абарону нацыянальных моў і моў нацыянальных меншасцяў, матэрыялы навуковых канферэнцый і даследаванняў, манаграфіі, у якіх разглядаецца роля мовы ў захаванні і развіцці матэрыяльнай і духоўнай спадчыны народа.
20 і 21 лютага на плазменнай панелі атрыума 2-га паверха будзе размешчана падборка лексікі, якая паказвае спецыфіку характару і быту, адносінаў да жыцця і акаляючага асяроддзя нашых суайчыннікаў, асаблівасці гучання і напісання беларускай лексікі. Кожны жадаючы зможа ўспомніць, што такое «багоўка», «усцяж» і «крынічыць»;
з 21 лютага для падтрымання святочнага настрою запрашаем усіх да прагляду відэароліка, у якім пастаянныя чытачы і супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі прадэкламуюць цытаты беларускіх пісьменнікаў пра родную мову. Ролік будзе размешчаны на інтэрнэт-партале бібліятэкі і ў афіцыйных акаўнтах у сацыяльных сетках.
Міжнародны дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, як няма мовы без яе носьбіта. Адзначым гэта свята разам!
Чытайце яшчэ:
Анлайн-дыктоўка па беларускай мове, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы