Працягваем спазнаваць цікавыя куточкі Палесся, ужо пабылі ў Моталі, пазнаёміліся з мясцінамі Скірмунтаў, пабачылі Лагішын і Пагост-Загародскі, наведалі Лунінец ды Столін, павандравалі па Століншчыне, завіталі ў Тураў.
Сёння прапануем даўжэй затрымацца на Прыпяцкім палессі, наведаць Нацыянальны парк «Прыпяцкі». Музей пад адкрытым небам, Сафары-парк, эка-сцежка да «Цар-сасны», унікальны арніталагічны прыродны аб’ект Тураўскі луг — тут сапраўды ёсць што паглядзець!
Прыпяцкае Палессе. Фота: planetabelarus.by
Нацыянальны парк месціцца ў цэнтры буйной палескай нізіны паабапал ракі Прыпяць, у міжрэччы яе правых прытокаў — рэкаў Сцвіга і Убарць. Гэта тэрыторыя, дзе зберагаецца прыродная, культурная і гістарычная спадчына.
Прыродныя комплексы тут добра захаваліся дзякуючы высокай забалочанасці і слабай засвоенасці тэрыторый. Нацыянальны парк «Прыпяцкі» прапануе наведнікам шырокі спектр турыстычных паслуг, і каб найбольш змястоўна пазнаёміцца з усімі цікавосткамі, раім замовіць паслугі гіда, але некаторыя аб’екты можна наведаць і самастойна.
Азнаёміцца з усім спектрам атракцыяў, задаць пытанні, аплаціць некаторыя паслугі можна непасрэдна ў Тураве ў гасцініцы Нацыянальнага парку «Тураў плюс». Даведацца падрабязна пра кошты ды паслугі можна таксама на сайце.
Пойменныя дубравы. Фота: npp.by
Тураўскі луг — адна з найбольш значных арніталагічных тэрыторыяў у Беларусі. Гэта ўнікальны прыродны аб’ект, дзе можна пазнаёміцца з мясцовай расліннасцю і птушыным светам. Тут увесну фіксуецца больш за дзвесце тысячаў пералётных птушак на адзін квадратны кіламетр.
У час «вялікай вады», калі Прыпяць разліваецца, Тураўскі луг ператвараецца ў шэраг выспаў, вельмі прывабных для гнездавання і прыпынку падчас міграцыяў тысячаў, у тым ліку і рэдкіх, водна-балотных птушкак.
У летні перыяд па лузе можна пашпацыраваць без асаблівых перашкодаў, але варта мінімізаваць сляды свайго знаходжання на гэтым унікальным прыродным аб’екце, каб не парушаць экасістэму. Яна і так пакутуе ад месцічаў, якія пускаюць на выпас скаціну ды хатнюю птушку.
Тураўскі луг. Фота: planetabelarus.by
Пазнаёміцца з гісторыяй стварэння Нацыянальнага парка «Прыпяцкі», ягонымі насельнікамі, побытам месцічаў, найбольш значнымі прыроднымі аб’ектамі можна ў Музеі Прыроды, які месціцца на тэрыторыі гасцініцы «Тураў плюс». Экспазіцыя музея з дзевяці часак сапраўды цікавая, асабліва для аматараў прыроды і тых, хто цікавіцца Прыпяцкім Палессем.
Пасля рэканструкцыі ў 2016 годзе музей праз размяшчэнне на двух узроўнях стаў выглядаць больш сучасна і маляўніча. Пры музеі працуе сувенірная крама для тых, хто не захоча пасля наведвання застацца без падарункаў.
Музей прыроды. Фота: npp.by
Поўдзень Беларусі да 1960-х быў аднім з самых забалочаных рэгіёнаў Еўропы, адпаведна меньш дасяжным для цывілізацыі. Эканамічны бум на Палессі адбыўся за кошт асушэння балот. Эксперымент з меліярацыяй даў штуршок да развіцця рэгіёна, але гэта адбылося за кошт асушэння большай часткі балотаў па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Найбольш пацярпела акурат Палессе. Запаведнік тут быў створаны ў 1969 годзе, каб захаваць частку экасістэмы ў першасным выглядзе, пакуль навокал адбываецца меліярацыя.
Прыпяцкія балоты
Зараз у Нацыянальным парку «Прыпяцкі» можна замовіць цікавую экскурсію на балоты, экскурсавод правядзе вас дзікімі сцежкамі, пазнаёміць з расліннасцю ды распавядзе пра асаблівасці жывёльнага свету. А мо не толькі і не толькі распавядзе, але і пакажа.
Прыпяцкія балоты
Ласёў, казуляў, ваўкоў, баброў і безліч відаў птушак можна сустрэць падчас прагулкі па балоце. Але раім сюды наведацца па вясне ці па восені, не ў перыяд вылету мясцовага гнюсу, які не дазваляе напоўніцу насалодзіцца наваколлем.
Увесну на балоце можна будзе паласавацца рэшткамі мінулагодняга ураджаю журавінаў, па восені, ужо новым, а пах багуна будзе суправаджаць яшчэ доўга пасля вяртання на цвёрдую зямлю.
Калі любіце шпацыраваць па разнастайных экасцежках, знаёміцца па дарозе з наваколлем ды яшчэ і прыходзіць да нейкай мэты — то вам на маршрут да «Цар-сасны», што ў 20 км ад Турава на поўдзень. Зноў жа, лепей ехаць не ў сезон казюркаў, бо на Палессі яны надта суворыя і не дазволяць засяродзіцца на маляўнічай мясцовасці.
Эка-сцежка да «Цар-сасны». Фота: web.archive.org
Маршрут да сасны, якая бачыла яшчэ Рэч Паспалітую, на топкіх месцах аздоблены драўлянымі кладкамі, уздоўж размешчаны інфармацыйныя шыльды, дзе можна прачытаць пра расліны ды птушак, якіх можна сустрэць на шляху.
Калі возьмеце гіда ад Нацыянальнага парка, то ён пакажа тыя цікавосткі, якія не падрыхтаваны турыст і не заўважыць, і маршрут станецца значна больш інфартматыўным і працяглым. Калі пойдзеце самі, то ўжо праз паўтара кіламетры пабачыце вялізнейшую сасну, якой больш за 300 год! На ёй высока можна заўважыць дзьве традыцыйныя палескія борці, каторым, відаць, таксама не адзін дзясятак гадоў.
Цар-сасна. Фота: polessu.by
Тым, каго цікавяць пойменныя дубравы, дзікая прырода і прыгожыя фотаздымкі варта наведаць «Хлупінскі шлях», які цягнецца некалькі кіламетраў ад вёскі Хлупін да паромнай пераправы праз Прыпяць.
Пераправай дазволена карыстацца толькі супрацоўнікам нацыянальнага парка, таму на яе разлічваць не варта, а вось пашпацыраваць па гравійцы сярод лесу, сузіраючы наваколле ды сустракаючы на шляху мясцовых звяроў ды птушак будзе значна лепшай атракцыяй.
Фота: Хлупіснкі шлях
Раім таксама дамовіцца аб суправаджэнні гіда, у кампаніі дасведчаных людзей маршрут будзе значна цікавейшым. А калі прыедзеце ў час разліваў, то варта быць падрыхтаванымі да таго, што без «балотнікаў» прыйдзецца вяртацца назад, бо «шлях» цалкам сыходзіць пад ваду.
Вядома, вандруючы па Прыпяцкім палессі варта паназіраць яго яшчэ і з вады. Дзеля гэтага трэба наведаць вёску Ляскавічы на іншым беразе Прыпяці — адміністратыўны цэнтр Нацыянальнага парка «Прыпяцкі». Адтуль можна выправіцца на цеплаходзе ці маторнай лодцы ў суправаджэнні егера непасрэдна па Прыпяці праз тэрыторыю Нацыянальнага парка.
З вады навакольная прырода выглядае інакш чым з зямлі, на берагох можна разгледзець бабровыя хаткі, гнёзды ластавак на пясчаным беразе, процьму іншых птушак, ужо з іншага боку разгледзець пойменныя дубравы ды зрабіць атмасферныя фотаздымкі.
Пойменныя дубравы. Фота: npp.by
Некалькі разоў на дзень невялікі цягнічок стартуе ад Музея прыроды ў Ляскавічах, які таксама варта наведаць, і вязе турыстаў глядзець звяроў у натуральным для іх прыродным асяродку.
Тут можна адсачыць казуляў, дзікоў ды аленяў, папуляцыя якіх цалкам знікла ў Беларусі і была штучна адроджана толькі ў ХХ стагоддзі. Жывёлы, вядома, адчуваюць ад людзей пэўную небяспеку, таму доўга іх сузіраць не атрымаецца, хіба, каля падкормачнай пляцоўкі.
Супрацоўнікі парка, вядома, падкормліваюць жывёлаў, але важна, каб гэтая дапамога складала меньш за палову штодзённага рацыёну дзеля таго, каб звяры не развучыліся ўпалёўваць сабе правіянт самі і заставаліся «дзікімі».
Сафары-парк. Фота: planetabelarus.by
Цеплаход Кірыла Тураўскі. Фота: planetabelarus.by
Маршрут па сафары-парку мае працягласць каля васьмі кіламетраў. Для дзяцей апроч жывёлаў тут будуць цікавымі тэматычная пляцоўка з аніматарамі ў ролях казачных персанажаў. Яшчэ турысты па маршруце пабачаць імітацыю язычніцкага капішча і змогуць павязаць стужку на дрэва жаданняў. Ёсць тут і сядзіба Дзеда Мароза, якая працуе, вядома, толькі ўзімку.
Музей запрацаваў некалькі год таму. Прыйшлося пашырыць водны канал ад Прыпяці да пляцоўкі музея, каб туды магчыма было падыйсці турыстычнаму цеплаходу.
Музей пад адкрытым небам. Фота: npp.by
Пастаянная экспазіцыя музея ўяўляе з сябе тэматычныя пляцоўкі, якія дэманструюць рамёствы і побыт месцічаў: «Дом палешука», «Паляванне і рыбалоўства», «Ганчарства і кузня», «Лазапляценне і бондарства» і іншыя. Да таго ж можна ўзняцца на аглядную вежу, каб пабачыць наваколле найбольш поўна. Для дзяцей на тэрыторыі ўладкаваная вялікая дзіцячая пляцоўка.
Паесці і заночыць можна ў Тураве, на тэрыторыі музея пад адкрытым небам таксама абяцаюць пакарміць традыцыйнай палескай ежай. Увогуле на тэрыторыі любой гасцініцы ці аграсядзібы, дзе вырашыце прыпыніцца, будзе магчымасць падсілкавацца.
На тэрыторыі Нацыянальнага парка дзейнічае некалькі гасцініц, турыстычных комплексаў ды аграсядзібаў. З коштамі на іх паслугі ды ўмовамі браніравання-засялення можна азнаёміцца на сайце нацыянальнага парка «Прыпяцкі».
Турыстычны комплекс Дарашэвічы. Фота: realt.onliner.by
Ва ўсіх згаданых музеях можна сустрэць крамы з разнастайнымі хэнд-мэйд сувенірамі, у музеі пад адкрытым небам знойдзеце і тканыя, і гліняныя вырабы мясцовай вытворчасці. А калі вырашыце пайсці з гідам шпацыраваць па балотах, раім пільна глядзець пад ногі і не забывацца пра смачныя палескія журавіны.
Журавіны
Язэп Вараніцкі, budzma.org