10 нагодаў пабачыць Лунінец і Столін

Працягваем вандраваць па цікавых куточках Палесся, ужо пабылі ў Моталі, пазнаёміліся з мясцінамі Скірмунтаў, пабачылі Лагішын і Пагост-Загародскі і адтуль, на нашым сённяшнім маршруце скіруемся ў сталіцу клубніцаў Лунінец, дабярэмся паромам на іншы бок Прыпяці ды наведаем Столін з ягонымі шматлікімі цікавосткамі. Распавядаем, дзе ў Лунінцы і Століне пераначаваць, дзе паесці і галоўнае — што там паглядзець.


1.jpg
 Фота: brestcity.com



Што паглядзець

Лунінец


У большасці Лунінец асацыюецца з вакзалам, і невыпадкова: калісьці ён быў адным з найбуйнейшых чыгуначных вузлоў Беларусі. Сам горад пачаў імкліва развівацца акурат з таго часу, як тут з’явілася чыгунка, але гісторыя паселішча больш старажытная. Гораду сёлета ўжо 574 гады. Упершыню Лунінец згадваецца ў гістарычных крыніцах як вёска Малы Лунін, а з 1540 г. Лунінец атрымаў сваю сучасную назву.


2.jpg
Фота: ekskursii.by


Лунінец не меў права на самакіраванне, і старажытнага герба ў яго таксама няма. Сучасны герб Лунінец атрымаў толькі ў 90-я гады ХХ стагоддзя — у блакітным полі тры срэбныя элементы: зверху размяшчаецца карона, якая сімвалізуе тое, што паходзіць Лунінец з ВКЛ, у цэнтры выяўленыя дзве перакрыжаваныя стралы — сімвал руху, які асацыюецца з чыгуначным вузлом, а ніжэй размяшчаецца кветка лілеі, якая нагадвае пра прыроду Лунінеччыны, у прыватнасці ўнікальнага Белага возера, што знаходзіцца ў ваколіцах Лунінца, дзе расце занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі лабелія водная, яна ж лабелія Дортмана.

3.jpg 


Чытаць яшчэ: 7 цудаў Лунінеччыны


Чыгуначны вакзал


У 80-я гады ХІХ стагоддзя праз мястэчка праклалі два буйныя чыгуначныя шляхі: Пінскі і Вільня-Ровенскі, што спрыяла імкліваму развіццю Лунінца. На прывакзальнай плошчы ўсталяваны помнік чыгунцы, якой Лунінец абавязаны сваім развіццём. У 1884 годзе ў горад прыйшоў першы цягнік, які скіроўваўся з Баранавічаў у Пінск. Будынак вакзала быў узведзены на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. У 1930-я гады ягоны выгляд быў значна зменены, але і абноўленаму будынку амаль ужо сто год.


4.jpg
Фота: planetabelarus.by


Краязнаўчы музей

З Лунінеччынай шчыльна знітаваны лёс Якуба Коласа. Пасля адсідкі ў мінскім Пішчалаўскім замку, цяперашняй Валадарцы, у 1911–1912 гг. Колас прыватна настаўнічаў у Лунінцы, тут ён выкладаў дзецям чыгуначнікаў. Менавіта ў Лунінцы ён пачаў пісаць паэму «Сымон-музыка», дзе яскрава апісваюцца тагачасны палескі побыт і традыцыі. На будынку ў стылі мадэрн першай паловы ХХ стагоддзя пабудовы, дзе месціцца сёння мясцовы краязнаўчы музей, можна пабачыць мемарыяльную шыльду, прысвечаную пісьменніку. У сам музей таксама раім завітаць, каб пазнаёміцца з гісторыяй і традыцыямі Лунінецкага краю.

5.jpg
Фота: planetabelarus.by

Храмы трох хрысціянскіх канфесій

Лунінец, як і пераважная большасць беларускіх гарадоў, шматканфесійны. Вядома, была тут і сінагога, бо вялікую колькасць насельніцтва да Другой сусветнай вайны складалі яўрэі. Сёння ж тут можна пабачыць храмы ўсіх трох хрысціянскіх канфесій: каталіцкі касцёл Святога Язэпа 1931 года пабудовы, узведзены, калі Лунінец яшчэ быў па польскі бок мяжы, праваслаўны Крыжаўзвіжанскі храм 1912 года і некалькі пратэстанцкіх, якія месцяцца ў сучасных будынках. Варта адзначыць, што пратэстантаў на Палессі больш, чым на ўсёй іншай тэрыторыі Беларусі.


6.jpg
Фота: planetabelarus.by


7.jpg
Фота: planetabelarus.by


Паромная пераправа

Калі пашчасціць павандраваць па Палессі ўвесну, то варта пабачыць разлівы Прыпяці. Адзін з варыянтаў — скіравацца з Лунінца ў бок вёскі Кораб’е, каб перабрацца на іншы бок ракі на пароме «Лунінец». Паром у дарозе каля 15 хвілінаў, праезд на ім бясплатны. Варта звярнуць увагу на расклад, каб не марнаваць час у чаканні.

Актуальны расклад пасля рамонту пераправы з траўня па кастрычнік 2023 года наступны: з лунінецкага боку паром адыходзіць а 7.15, 8.00, 9.00, 10.00, 12.00, 14.00, 16.00, 17.30, 19.00 і а 20.00.

9.jpg
Фота: budzma.org

Экасцежка «Па лазовай даліне»

Яшчэ адзін хуткі варыянт пазнаёміцца з палескай прыродай — да парома прайсціся па экасцежцы, што за 10 км ад Лунінца, працягласць яе невялічкая, усяго кіламетр, але знаходзіцца яна сярод найбольш тыповай расліннасці поймы ракі Прыпяць: дубы, хмызнякі, старыцы сярод чаротавых зараснікаў, дзе можна пабачыць белыя ды жоўтыя гарлачыкі. З агляднай вежы напрыканцы экасцежкі бачна і паромную пераправу, і разлівы, і навакольную расліннасць. Сцежка (52.145084, 26.807486) месціцца на тэрыторыі заказніка «Сярэдняя Прыпяць».

10.jpg
 Фота tropinki.by


Столін

Далей на пароме перабіраемся на іншы бок Прыпяці і скіроўваемся ў Столін. Сёння Столін вядомы як цэнтр агурковага краю. Але яшчэ ў ХХ стагоддзі тут быў адзін з самых уплывовых духоўных цэнтраў хасідызму — адной з плыняў юдэйскай рэлігіі. Тут таксама захавалася і памяць пра Радзівілаў, пра іх культурную спадчыну.

13.jpg
Фота: planetabelarus.by

Парк «Манькавічы»

Першая пісьмовая згадка пра Столін датуецца 1555 годам. Мястэчка ў розны час належала разнастайным шляхецкім родам: Вішнявецкім, Солтанам, Скірмунтам. Пазней яно перайшло ва ўладанні Радзівілаў, якія ў 1885 годзе заклалі адзін з самых маляўнічых прысядзібных пейзажных паркаў Беларусі, што захаваўся да сёння.

Парк «Манькавічы» можна пабачыць на ўскрайку Століна, тут, напрыканцы ХІХ стагоддзя на высокім беразе ракі Гарынь і была пабудаваная рэзідэнцыя Давыд-Гарадоцкай галіны роду Радзівілаў. Большасці дрэваў у парку больш за 100 гадоў, сама сядзіба ў неараманскім стылі, на жаль, была знішчана ў 1943 годзе, з усяго комплексу ацалеў толькі парк і нешматлікія гаспадарчыя пабудовы, сярод якіх былая вінакурня, пабудаваная ў ХІХ стагоддзі, — узор тагачаснай прамысловай архітэктуры.

14.jpg
Фота: budzma.org

Краязнаўчы музей

На тэрыторыі парку можна наведаць краязнаўчы музей. Апроч стандартнай экспазіцыі, якая знаёміць з гісторыяй і прыродай краю, тут ёсць калекцыя абразоў, створаных мясцовымі майстрамі. Яшчэ тут можна даведацца, як выглядала сядзіба Радзівілаў у Манькавічах у перыяд свайго росквіту. Апошні гаспадар вымушаны быў пакінуць яе ў 1939 годзе, калі ў Столін і на ўсю тэрыторыю Беларусі прыйшла савецкая ўлада.

15.jpg
Фота: budzma.org


Местачковая забудова ХІХ-ХХ стагоддзяў

У цэнтры Століна захавалася шараговая гарадская забудова ХІХ—ХХ стагоддзяў. Тут можна пабачыць гандлёвыя шэрагі, адміністрацыйныя будынкі, жылыя камяніцы, дзякуючы якім можна ўявіць, як выглядала тыповае беларускае мястэчка да ІІ сусветнай вайны. У гэты перыяд большую частку насельніцтва Століна складалі яўрэі.


16.jpg
Фота: planetabelarus.by

Сінагога ХVIII стагоддзя

Вядома, была ў Століне як у цэнтры «хасідызму» і свая сінагога 1793 года пабудовы, якая сёння з’яўляецца самым старым будынкам Столінскага раёна. Сінагога не рэстаўраваная і працягвае разбурацца. Будынак быў узведзены ў стылі барока, рысы якога можна прасачыць у ягоных абрысах і сёння. Саміх жа месцовых юдэяў расстралялі па ІІ сусветнай вайне ва ўрочышчы Стасіна, дзе ўсталяваны помнік, прысвечаны гэтай трагічнай падзеі.

17.jpg Фота: planetabelarus.by

Узнясенская царква

Яшчэ ў Століне варта пабачыць Узнясенскую праваслаўную царкву, пабудаваную ў 1938 годзе, калі Столін яшчэ ўваходзіў у склад Польшчы. Храм быў узведзены з дрэва ў рэтраспектыўна-рускім стылі, але ў спалучэнні з традыцыямі мясцовага народнага дойлідства і пафарбаваны ў характэрны блакітны колер.


18.jpg
Фота: zviazda.by

Дзе паесці

У Лунінцы даволі шмат установаў грамадскага харчавання на любы густ, Кавярня «Отдых» (Фрунзэ, 7) будзе пасаваць аматарам сталоўскай ежы, але афіцыянты, якія прымаюць замовы, трошкі выбіваюцца з атмасферы класічнай сталоўкі. Аматарам сушы варта знайсці «Капібару» (Савецкая, 26). Аматарам выкшталцоных гатункаў кавы і свежых круасанаў раім скіравацца ў кавярню «Кофейня» на Прывакзальнай плошчы, піцы пакаштаваць можна ў рэстарацыі-клубе «Юна» (Прывакзальная, 7). Кавай і блінамі падсілкавацца можна ў беларускамоўнай кавярні «БлінКава» ў гандлёвым цэнтры «Сіці».


19.jpg
Фота: budzma.org



І ў Століне з месцамі, дзе пад’есці, таксама не будзе праблем: рэстаран «Гарынь» (Савецкая, 60), бар (Савецкая, 86), кафэ «Гранд» (Церашковай, 60/2) і іншыя ўстановы паспрыяюць таму, каб ніхто не з’ехаў галодным.

Дзе заночыць

Ёсць і ў Лунінцы, і ў Століне дзе спыніцца на ноч: у цэнтры функцыянуюць гасцініцы «Юбілейная» (Савецкая, 25) і «Гарынь» (Леніна, 7) адпаведна. Яны пабудаваныя за савецкім часам, але маюць адносна свежы рамонт 2013 і 2007 года. Кошты ад 30 BYN з чалавека за ноч.

Што прывезці

Дзякуючы цёпламу клімату і ўрадлівасці мясцовай глебы Лунінец — беларуская сталіца клубніцаў. Вядома, пакуль сезон, раім тут максімальна ад’есціся гэтым ласункам. Ягады ёсць практычна ў кожнай мясцовай гаспадарцы. Клубніцы сталі мясцовым брэндам: да пандэміі пад Лунінцам штогод праводзілася свята «Лунінецкія клубніцы», а ў вёсцы Дварэц адбываўся буйны музычны open-air «Клубнічны фэст».

22.jpg 

А са Століна, вядома, не варта вяртацца без агуркоў розных гатункаў. Жыхары Століншчыны клапоцяцца пра свае ўраджаі, у любы перыяд на кожным падворку навакольных вёсак можна пабачыць процьму дыхтоўных ацепленых парнікоў. Каб пабачыць гэтую з’яву ў максімальнай канцэнтрацыі, варта завітаць у самую вялікую вёску Беларусі Альшаны Столінскага раёна.

23.jpg
Фота brestcity.com



Вандруйце разам з «Будзьма!».



П.Ж., budzma.org