Вандруем з «Будзьма!»: што паглядзець у Лагішыне і Пагосце-Загародскім

Працягваем зведваць цікавыя куточкі Палесся, ужо пабылі ў Моталі, пазнаёміліся з мясцінамі Скірмунтаў, а на нашым сённяшнім маршруце сустрэнем цудадзейны абраз «Каралева Палесся», дванаццаць кіламетраў старадаўняй брукаванкі, самую вузкую драўляную царкву ў Беларусі і шмат іншых цікавостак. Што паглядзець у Лагішыне, Дабраслаўцы, Пагост-Загародскім, дзе заночыць, што прывезці з сабой апроч маляўнічых краявідаў ды ўспамінаў, распавядаем у нашай традыцыйнай вандроўцы.


1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Што паглядзець

Лагішын

Найперш сёння рушым у гарадскі пасёлак Лагішын, колішняе магдэбургскае мястэчка, першая пісьмовая згадка якога датуецца 1495 годам. У 1633 годзе мястэчка атрымала герб, які выкарыстоўваецца і сёння, на ім выяўлена міфічная істота: воўк на ласіных нагах у блакітным полі. Застаецца здагадвацца, каго нашыя продкі бачылі на мясцовых балотах, каб натхніцца на такі незвычайны герб.

2.png
 Фота wikimedia.org

Петрапаўлаўскі касцёл і абраз «Каралева Палесся»

Архітэктурнай дамінантай Лагішына з’яўляецца неагатычны Петрапаўлаўскі касцёл, пабудаваны ў 1909 годзе з чырвонай цэглы, ён і ёсць асноўным пунктам прыцягнення сюды турыстаў. Тут захоўваецца цудадзейны абраз Лагішынскай Божай Маці.

Шлях «Каралевы Палесся» да Лагішына быў вельмі пакручастым: адкуль абраз патрапіў сюды, дакладна невядома, але крыніцы сцвярджаюць, што ён быў выпадкова пакінуты тут адным з вайсковых афіцэраў, які спыніўся пераночыць у тагачаснага сакратара горада Малішэўскага падчас Паўночнай вайны. Пасля адыходу войска Малішэўскія змясцілі «Каралеву Палесся» ў мясцовы драўляны касцёл, фундаваны яшчэ Альбрэхтам Станіславам Радзівілам у 1634 годзе.

3.jpg
 Фота: planetabelarus.by

Пасля паўстання 1863–1864 гг. стары драўляны касцёл, дзе захоўвалася «Каралева Палесся», быў перададзены праваслаўным і перароблены ў царкву, дзе абраз шанавалі адначасова і праваслаўныя вернікі. Але і каталікі не цураліся прыходзіць у царкву маліцца да яе. А ў 1938 годзе маладыя парафіяне таемна вынеслі абраз з царквы і змясцілі ў сучасным мураваным касцёле Пятра і Паўла, дзе ён знаходзіцца да сёння. Месцічы распавядаюць, што ў міжваенны перыяд Лагішын называлі «Палескай Варшавай», бо дзевяноста адсоткаў насельніцтва тут былі каталікамі. Але ж мы памятаем, што мясцовыя называлі сябе «палякамі», «рускімі» паводле веравызнання, а не паводле нацыянальнага ўсведамлення.

4.jpg
Фота: budzma.org

10 траўня святкуюцца ўгодкі каранацыі «Маці Божай Палескай». Папскімі каронамі ўпрыгожваюцца асабліва шанаваныя і праслаўленыя шматлікімі «цудамі» абразы. Гэта традыцыя вядомая з пачатку XVI стагоддзя. На беларускіх землях першым каранаваным абразом стала ікона Маці Божай Жыровіцкай. Яе каранацыя адбылася ў 1730 годзе.

5.jpg
 Фота: wikimedia.org

6.jpg
Фота: planetabelarus.by

Дабраслаўка

Самым бясстрашным прапануем дабірацца да наступнага пункта нашай вандроўкі па старой брукаванцы, пракладзенай з вёскі Дабраслаўка цягам 12 кіламетраў амаль да самага Пагоста-Загародскага. Гэта не знакамітая палеская «трылінка» — дарожнае пакрыццё ў выглядзе пліткі шасціграннай формы, вынайдзенае і запатэнтаванае ў міжваенны перыяд польскім інжынерам Уладыславам Трылінскім, якую мы яшчэ пабачым далей па маршруце, а сапраўдны каменны брук, таму калі не ўпэўнены ў сваім аўто, раім назіраць брукаванку праз вакно, едучы па альтэрнатыўнай грунтоўцы, беражліва пракладзенай месцічамі з абодвух бакоў бруку.

7.jpg
Фота: budzma.org

8.jpg
Фота: budzma.org

Свята-Траецкая царква

У Дабраслаўцы варта звярнуць увагу на самы вузкі храм Беларусі, узвядзенне якога фундавалі тагачасныя гаспадары мясцовых земляў, род Друцкіх-Любецкіх, у 1758 годзе. Свята-Траецкая царква — помнік беларускага драўлянага дойлідства, захаваны ў добрым стане ажно з XVIII стагоддзя.

9.jpg
Фота: planetabelarus.by

10.jpg
Фота: planetabelarus.by

Шырыня храма — менш за сем метраў, выглядае ён вельмі кампактна і сціпла, што арганічна для навакольнай мясцовасці. Складзеная царква цалкам з дрэва і пафарбаваная ў традыцыйны для палескіх храмаў сіні колер. Унутры храма знаходзілася царская брама першай паловы ХVII стагоддзя, але для лепшай захаванасці яна была перанесена ў экспазіцыю музея старажытнабеларускай культуры НАН у Мінску.

11.jpg
Фота: budzma.org

12.jpg
Фота wikimedia.org

Пагост-Загародскі

Возера Пагост

Наступным пунктам нашай вандроўкі і апошнім на сёння будзе Пагост-Загародскі — колішняе мястэчка, зараз вёска на паўднёвым усходзе возера Пагост у Пінскім раёне Брэсцкай вобласці. Вядома, што нашыя продкі пасяліліся тут здаўна.

Археолагамі ў ваколіцах возера Пагост было знойдзена 7 стаянак старажытных людзей: рэшткі жытла і вогнішчаў, крамянёвыя наканечнікі стрэл, скрабкі, сярпы, фрагменты глінянага посуду. Адна са стаянак адносілася ажно да эпохі мезаліту, але была зруйнаваная падчас будаўніцтва дамбы ў 1978 годзе. Тады ж і была затопленая вёска Грушка. Месцічы раяць пашпацыраваць уздоўж пясчанага берага, падыхаць сасновым паветрам і прыслухацца. Кажуць, можна пачуць званы і прыгожыя харавыя спевы недзе з глыбіняў возера.

13.jpg
Фота: budzma.org

14.jpg
Фота: budzma.org

Царква Кірылы і Мяфодзія

Першая ж пісьмовая згадка аб Пагосце-Загародскім датуецца 1528 годам, калі каралева Бона Сфорца пацвердзіла правы мясцовай шляхце. Вядома, што першым гаспадаром тут быў шляхціц Сямён Орда. У ХVIII стагоддзі Пагост-Загародскі ўжо ад Радзівілаў перайшоў ва ўладанні знакамітага роду Друцкіх-Любецкіх, якія гаспадарылі тут на працягу 270 наступных год. Іх маляўнічая рэзідэнцыя і парк на беразе Пагашчанскага возера да сёння не захаваліся, зараз на месцы рэзідэнцыі дзіцячая аздараўленчая база.

15.jpg
Фота: planetabelarus.by

Але з тых даўніх часоў у цэнтры мястэчка захаваўся колішні касцёл св. Юзафа, фундаваны Друцкімі-Любецкімі ў 1769 годзе. Гаспадары паселішча былі каталіцкага веравызнання, таму ўзвялі дзеля сваіх духоўных патрэбаў касцёл у стылі класіцызм. Верагодна, у ім і быў хрышчаны «Фінансавы геній Еўропы», так называлі сучаснікі народжанага ў Пагосце-Загародскім Францішка Ксаверыя Друцкага-Любецкага.

Францішак Ксаверый ініцыяваў будаўніцтва Аўгустоўскага канала, з ягонай дзейнасцю звязаны эканамічны поспех краю ў 1815–1830 гг., знакаміты ўраджэнец Пагоста-Загародскага быў тройчы ўзнагароджаны як царскімі ўладамі, так і еўрапейскімі каралямі.

16.jpg
Францішак Ксаверы Друцкі-Любецкі

Пасля паўстання 1863–1864 гг. храм расійскія ўлады аддалі праваслаўным, ў 1870-я будынак быў істотна перароблены ў рэтраспектыўна-рускім стылі, але захаваў у сабе рудыменты класіцызму. Сёння тут месціцца царква Св. Кірылы і Мяфодзія. Варта патрапіць унутр і разгледзець маляўнічыя роспісы храма.

17.jpg
Фота: budzma.org

Памятныя шыльды Лукашу Галамбёўскаму і Францішку Ксаверыю Друцкаму-Любецкаму

Сцены колішняга касцёла таксама памятаюць знакамітага ўраджэнца Пагоста-Загародскага, гісторыка, этнографа, перакладчыка, удзельніка паўстання Тадэвуша Касцюшкі Лукаша Галамбёўскага.

18.jpg
Фота: pinsknews.by

Нягледзячы на тое, што Галамбёўскага прынята лічыць адным з першых польскіх гісторыкаў, сам ён у сваіх мемуарах называў сябе ліцвінам, вельмі ганарыўся гэтым і сумаваў па родных мясцінах. Захаваўся яго ліст да сына, дзе ён піша: «Я літвін, да касцей літвін, а да таго ж пінчук. I на Бога бацькоў маіх спадзяюся, што пакуль свет будзе светам, там побач з вышэйшай адукацыяй захаваюцца нейкая высакародная прастата, нейкая сумленнасць, гасціннасць, ветлівасць, дабрадушнасць. Як жа не кахаць літвінак, сыне мой, — гэта немагчыма...».

19.jpg
Лукаш Галамбёўскі

Пагост-Загародскі ніколі не меў магдэбургскага права, але ягоныя гаспадары былі зацікаўленыя ў шматбаковым развіцці рамяства і гандлю, таму ў свой час усяляк спрыялі перасяленню сюды яўрэяў. Але ў час Другой сусветнай вайны амаль усё мясцовае яўрэйскае насельніцтва было знішчанае. Цяпер у Пагосце пра іх нагадвае нешматлікая захаваная мураваная і драўляная забудова канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, будынак колішняй сінагогі, а таксама помнікі на месцах масавых расстрэлаў.

20.jpg
Фота: budzma.org

21.jpg
Фота: planetabelarus.by

Замест знішчанага яўрэйскага насельніцтва Пагоста-Загародскага пасля Другой сусветнай вайны чвэрць насельніцтва тут складалі паваенныя сіроты, для якіх у 1944 годзе быў створаны дзіцячы інтэрнат. Вядома, што апекаваўся дзіцячым домам народны мастак СССР Заір Ісаакавіч Азгур. Ён падараваў Пагосту дзве аўтарскія скульптуры, адну з якіх сёння можна пабачыць на цэнтральнай плошчы насупраць царквы.

22.jpg
Фота: @tam_erm

Дзе заначаваць

На ноч прапануем спыніцца непасрэдна на беразе возера Пагост у Ezera Park Hotel — тут ёсць і свой пляж, і сасновы лес, і ўсе прылады для прыгатавання ежы на прыродзе. Размясціцца тут прапануюць у двухпавярховых катэджах, па 2 нумары на паверсе.

23.jpg
Фота: booking.com

Прыбіральня-душ асобна, кухня агульная для двух нумароў. Цэны пачынаюцца ад 60 BYN за нумар, браніраваць лепей папярэдне. На тэрыторыі ёсць спартовая пляцоўка, батут, дзіцячая пляцоўка — карацей, сумаваць не давядзецца.

24.jpg
Фота: budzma.org

Што прывезці

І ў Лагішыне, і ў Пагост-Загародскім працуюць дзве хлебапякарні. Лагішынская пякарня вырабляе каля чытырох тон хлеба за содні, Пагост-Загародская — больш за дзве тоны. Усяго для жыхароў Піншчыны выпякаецца 47 найменняў смакоццяў. Ёсць з чаго выбраць! Раім прыхапіць у дарогу духмянай выпечкі, напрыклад, у велікодны час нечакана прыемна будзе сустрэць у невялічкай мясцовай краме ў Пагосце-Загародскім святочныя булкі мясцовай вытворчасці.

25.jpg
Фота: pinsknews.by

Вандруйце разам з «Будзьма!»

П. Ж., budzma.org