Працягваецца вандроўны сезон, і «Будзьма!» заўжды дапаможа з маршрутам як вандроўнікам-пачаткоўцам, так і самым спрактыкаваным валацугам. Сёння скіруемся ў Берасцейскую вобласць, у Іванаўскі раён, да надзвычай каларытнага мястэчка Моталь, якое нават сярод усіх палескіх мясцінаў вельмі адметнае ды мае свае ўнікальныя звычаі і традыцыі. Распавядаем, дзе ў Моталі пераначаваць, дзе паесці і галоўнае — што там паглядзець.
Фота: planetabelarus.by
Што паглядзець:
«Нашы карані» — мотальскі археалагічны музей (пл. Леніна, 39)
Фота budzma.org
Вядома, што ўжо ў эпоху мезаліту на берагах Ясельды існавала жыццё: археолагі знайшлі шматлікія стаянкі каля ракі і ля мясцовых азёраў Мотальскага ды Заазерскага. Пра гэты перыяд гісторыі і не толькі можна даведацца, зазірнуўшы ў мотальскі археалагічны музей. Стварэнне музея прафінансавалі мясцовыя прадпрымальнікі, выглядае ён дастаткова сучасна, і экспазіцыя цікавая, таму раім замовіць экскурсію. Тут можна ўбачыць рэшткі сапраўднага біўня маманта, старажытнае капішча, стаянку першабытнага чалавека.
Фота museum.by
Падказваем лайфхак: абавязкова папрасіце мясцовага экскурсавода размаўляць «па-свойму», па-мотальску — атрымаеце неверагоднае задавальненне і дозу моўнай практыкі: словы знаёмыя, але маўленне, націскі, акцэнты — усё тутэйшае.
Фота budzma.org
Першая ўзгадка пра Моталь датуецца 1422 годам, а магдэбургскае права мястэчка атрымала ў 1555 годзе, раней за Пінск, Магілёў і шматлікія іншыя буйнейшыя гарады. Пачатак гаспадарчага росквіту Моталя звязаны з іменем каралевы Боны Сфорцы, якая першая пачала рэфарматарскую дзейнасць на Палессі. Каралева мела ў Моталі цэлы палац, прывезла з тэрыторыі сучаснай Нямеччыны і Італіі спецыялістаў у разнастайных галінах гаспадаркі, нашчадкаў якіх, цалкам верагодна, можна сустрэць на вуліцах Моталя і сёння. Магчыма, распаўсюджаныя мотальскія прозвішчы Палто, Кульбеда, Шыкалай бяруць свае карані з тых даўніх часоў.
Фота: tomin.by Драўляная скульптура Каралевы Боны, усталяваная ў Моталі ў 2021 годзе
Чытаць яшчэ: Хітрая ўладарка, смелая рэфарматарка, злая свякроў. Каралева Бона Сфорца
Музей народнай творчасці (пл. Леніна, 26Б)
Фота cdn.belarus.travel
Абавязкова варта наведаць і музей народнай творчасці, таксама папрасіць экскурсавода пра экскурсію «па-мотальску». Тут шмат аўтэнтычных экспанатаў, якія прадстаўляюць процьму заняткаў маталянаў: ад гаспадарчых да творчых. Восем заляў музея дэманструюць наведнікам рэгіянальныя асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай культуры Заходняга Палесся.
Фота budzma.org
У музеі можна даведацца пра тое, што тут вельмі даўно пачалі вырабляць якасны скураны абутак, таксама пра вядомыя ў Еўропе падчас жалезнай заслоны мотальскія кажухі ды пра таленавітага мясцовага фатографа, які змайстраваў свой першы здымач з лінзаў ад акуляраў, а негатывы друкаваў на шкле. Сёння ў музеі захоўваецца да 2000 ягоных негатываў, на якіх можна пабачыць жыццё і побыт маталянаў першай паловы ХХ стагоддзя.
Фота Чэслаў Неман, верагодна, у мотальскім кажуху
У склад музея народнай творчасці ўваходзіць і мясцовы вятрак з экспазіцыяй «Млынарства ў акрузе» і сялянская хата з адноўленым інтэр’ерам 50-х — 60-х гг. ХХ стагоддзя, дзе турыстам прапануюць прыняць удзел у мотальскіх абрадах, прадэгуставаць мясцовую кухню.
Фота wikipedia.org
Прадпрымальніцкі талент месцічаў можна патлумачыць шматсотгадовым суседствам з мясцовымі яўрэямі, якія складалі да Другой сусветнай вайны больш за траціну насельніцтва. У міжваенны час тут актыўна развівалася гарбарская, харчовая прамысловасці, былі збудаваныя тры вінакурні, дзве піваварні, функцыянавала процьма корчмаў, якія трымалі яўрэі. На цэнтральным пляцы размяшчалася ажно тры сінагогі.
Фота budzma.org
Але пра знішчаную па Другой сусветнай вайне яўрэйскую абшчыну маталяне памятаюць і шануюць памяць пра яе. Моталь — адно з нешматлікіх мястэчак у Беларусі, дзе ў 2004 годзе аднавілі старыя яўрэйскія могілкі на сродкі нашчадкаў мясцовых яўрэяў. А на ўездзе ў Моталь усталяваны знак, дзе назва мястэчка напісаная ажно на чатырох мовах, якія яшчэ 100 гадоў таму тут мусіў разумець кожны месціч: па-беларуску, па-польску, на ідыш і па-руску.
Фота: vmotol.by
Фота: planetabelarus.by
У 1874 годзе ў Моталі нарадзіўся першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман. Калі збочыць з вуліцы Баннай, можна пабачыць захаваную палову хаты, дзе ён бавіў дзяцінства. Сёння тут месціцца невялікі музей з фотаздымкамі і прадметамі побыту. Сям’я першага прэзідэнта яўрэйскай дзяржавы жыла ў Моталі да 1894 года, потым іх дом неаднаразова змяняў уладальнікаў. Пасля Другой сусветнай вайны ў ім месціліся савецкія ўстановы, а напрыканцы 1970-х стары дом перанеслі з цэнтральнай вуліцы ўглыб вёскі, і пасля рэстаўрацыі ў ім зноў пасяліліся людзі.
Фота: planetabelarus.by
Фота: vmotol.by
Тут жа, на беразе Ясельды, нарадзіліся адмыслоўцы, якія адкрылі ўсяму свету чыкагскі блюз. Два мотальскія браты, Леанард і Піліп Чэс, пераехалі на заробкі ў Чыкага і заняліся адкрыццём пітных установаў, фішкай якіх была жывая музыка. У першым начным клубе, які належаў кемлівым братам, і выступалі блюзмены з амерыканскага поўдня, творы якіх маталяне выдавалі на ўласным музычным лэйбле Chess Records.
Месцічы захавалі ўнікальную здольнасць захоўваць сваё нягледзячы на тое, які час, якая ўлада пануе ў краі. Магчыма, гэта рыса, запазычаная ў суседзяў яўрэйскага паходжання, а можа, усе сувязі ўжо настолькі перапляліся цягам доўгіх стагоддзяў, што сталі своеасаблівым генетычным кодам. Павагі да свайго, гонару і здольнасці бараніць сваё маталянам не займаць. Варта прыехаць і адчуць гэта.
Дзе паесці
Падсілкавацца ў Моталі знойдзецца дзе, тут квітнее мясцовая вытворчасць і складае паўнавартасную канкурэнцыю сеткам гіпермаркетаў. Варта абавязкова пакаштаваць мотальскага хлеба ў мясцовай пякарні, вяленай рыбы — дзе яе знайсці, падкажуць месцічы. Раім задаваць ім як мага больш пытанняў хаця б дзеля таго, каб пачуць тутэйшую мову.
Фота: vmotol.by
У Моталі працуе ажно тры ўстановы грамадскага харчавання. Кафэ «Моталь» — сталовая з дэмакратычнымі цэнамі і хатняй ежай, «Чабарок» таксама так сябе пазіцыянуе. Ёсць піцэрыя «Рандэву».
Варта яшчэ згадаць пра тое, што напачатку жніўня тут адбываецца фестываль «Мотальскія прысмакі» — цудоўная магчымасць пакаштаваць усіх мясцовых гастранамічных радасцяў і пазнаёміцца з традыцыямі. Дарэчы, мотальскія каўбасы — мясцовы брэнд, якому амаль 100 год. У 1933 годзе, калі Моталь уваходзіў яшчэ ў склад Польшчы, мясцовы каўбаснік Сцяпан Мінюк атрымаў дыплом на права адкрыцця першага каўбаснага цэха і ліцэнзію на вытворчасць мясных дэлікатэсаў. Цэх дзейнічае да гэтага часу.
Фота: planetabelarus.by
Дзе заночыць
Адпачыць і пераначаваць госці могуць у мясцовых аграсядзібах, тут іх 4: «Лявоніха», «Ясельда», «Мотальская Венецыя», «Домік на ўскраіне», або ў гасцініцы «Фэст» ад гаспадаркі «Агра-Моталь» на 15 месцаў.
Фота: planetabelarus.by Аграсядзіба «Мотальская Венецыя»
Вандруйце разам з «Будзьма!»
ПЖ, budzma.org