Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка часова прыпынілі працу над электрычнай праграмай, каб удваіх запісаць шыкоўны акустычны альбом.
Navi ў такім фармаце і пачынаўся – хлопчык з гітараю ды дзяўчынка з клявішамі, па ўсім бачна, закаханыя адно ў аднаго, пяшчотнымі галасамі пяюць пра каханьне, абдымкі ды шчасьце. Пасьля досыць супярэчлівага ў стылістычным пляне дэбютніка “Лови” яны набралі сталых музыкаў ды ўзялі кірунак на рок-гучаньне, але нечакана ізноў зьвярнуліся да фармату акустыкі на дваіх. Кажуць, што проста няплянавана торкнула – запісаць мінімалістычны альбом, цалкам па-беларуску. Карцела ім чамусьці выдаць рэліз менавіта ў гэтым годзе. Пасьпелі.
Адзіны мінус альбому “Сонцам сагрэтыя” ў тым, што ён закароткі. У астатнім усіх нас можна павіншаваць з тым, што ёсьць такая каманда. Яны бездакорна гучаць дуэтам, багата і аб’ёмна, хоць выкарыстоўваюць адно толькі галасы, акустычную гітару ды зрэдчас піяніна. У іх пазытыўная харызма і бездакорнае адчуваньне мэлёдыі, выдатныя галасы і абсалютнае валоданьне мовай, ад таго іх тэксты выглядаюць жывымі і натуральнымі, а не напружна прыдуманымі з слоўнікам у руках. Калі хто ведае Navi зь песень “Адбымі мяне” і “Не засынай”, таму вельмі проста патлумачыць асаблівасьць гэтага альбому – тут усе нумары такога ж высокага выканальніцкага ды эмацыйнага ўзроўню.
Ня ўсё выйшла тут з таго, што задумалі музыкі. У адным з трэкаў мусіў сьпяваць Вова Казлоў з Re1ikt, але з запісам ня склалася. Зрэшты, няма неабходнасьці кагосьці запрашаць падсьпяваць, бо Ксенія мае неверагодна шырокія вакальныя магчымасьці, якія наўрад ці дэманструе ў межах Navi нават на 50%. Зь песень, якія ўражваюць у пляне вакальным, на першым месцы стаіць мусіць “Выдумай”. Ну, а самая прыемная нечаканка з альбому – “Стэфка”, беларускі рок-гіт часоў перабудовы, зроблены з замілаванасьцю, любоўю і трымценьнем. Арцём і Ксенія ня раз засьведчылі ўжо, што здольныя прыўнесьці сваё і не папсаваць ды ўпрыгожыць якую заўгодна песьню (у іх ёсьць выдатны нявыдадзены нумар “Сівы конь”, напрыклад). Ну і самае галоўнае – яны могуць пісаць проста ад шчырага сэрца, без прагіну і кан’юнктуры, такія песьні, якія будуць гучаць з кожнага праса і пры гэтым не раздражняць і не дакучаць.
“Сонцам сагрэтыя” – безумоўна, адна з самых яскравых працаў у беларускай музыцы-2014.
Сяргей Будкін