Міністр культуры Маркевіч парадаваў беларусаў шэрагам анонсаў: электронны пантэон герояў, Дзень партызана і падпольшчыка 9 верасня, брутальна-гігантычны комплекс «Беларусь адзіная» на Кастрычніцкай плошчы. Навошта ўсё гэта?
«Калі ты хочаш нешта аднавіць, гэта як мінімум значыць, што ты гэтым нечым не з’яўляешся», — такая думка праляцела недзе год таму датычна жадання Расіі аднавіць СССР. Бо на СССР зараз куды больш падобны Кітай, а сама Расія — на нестабільную лацінаамерыканскую краіну, якую «вялікі брат» спарадычна падтрымлівае.
Вельмі падобна і ў нас. Жаданне выцягнуць з труны і паставіць на ногі макет БССР 2.0 выглядае камічна. І чым больш чыноўнікі сіляцца «капіпасціць» эстэтыку БССР з партызанамі і падпольшчыкамі, тым больш хісткай падаецца канструкцыя.
«Дзень партызана і падпольшчыка», быў анансаваны на 9 верасня, дату стварэння Беларускага штабу партызанскага руху ў Маскве ў 1942-м, але пасля выляцеў з абоймы: маўляў, 9 мая і 3 ліпеня дастаткова.
Чаму не падтрымалі ідэю міністра? Магчыма таму, што ў самой краіне словы «падполле» і «партызаны» пахнуць ужо не «празніком, со слезамі на глазах», але хлоркай з Акрэсціна, газам з міліцэйскіх балончыкаў, палаючымі шапікамі «Табакерка».
Кожная чарговая вайна, рэвалюцыя, любы канфлікт чыста эмацыйна, у свядомасці грамадзянаў, перакрэслівае папярэдні. Роўна як у Савецкім Саюзе так званая ВАВ выціснула на другі ці трэці план і Грамадзянскую, і Польска-савецкую, і «Вызвольны паход 1939-га» і тым больш ганебную Фінскую.
У 1960-х партызанская тэма ў БССР была суперактуальнай. Тыя партызаны не толькі былі жывыя, але само слова «вайна» не патрабавала ўдакладненняў. Ніхто не пытаў: якая менавіта вайна? Ну як, якая — во гэтая. Апошняя. Адзіная, якую памяталі. Роўна як і зараз, у 2023-м: «партызан» і «падпольшчык» — гэта не пра Заслонава і Дзеда Талаша. Гэта пра тых хлопцаў і дзяўчат, якім даюць па 12 ці 20 гадоў.
У адрозненне ад Прытыцкага, Машэрава ці Мазурава, сучаснае кіраўніцтва Беларусі ніколі ў падполлі, «у лесе», у засценках ці на нелегальным становішчы не было. Шлях гэтых людзей — кабінетны. Яны чыста экзістэнцыйна, па чалавечых якасцях не разумеюць, пра што гэта. Вялікая частка іх апанентаў — выдатна разумеюць, бо жывуць ва ўсім гэтым тут і зараз. Магчыма, у некага «на версе» і ўзнікла пытанне: каму міністр Маркевіч вырашыў падарыць прафесійнае свята?..
Комплекс «Беларусь адзіная» не менш цікавы. Цэнтральная фігура жанчыны «злізаная» з помніка савецкаму салдату з дзяўчынкай на руках у Трэптаў-парку ў Берліне. Вось гэта ўжо нармальная БССР-аўская практыка: як карціны Міхаіла Савіцкага, які не саромеўся браць кампазіцыйныя элементы з палотнаў калегаў па цэху, абвешваючы герояў кулямётнымі стужкамі.
Відавочна, манумент мае магічна-ідэалагічную нагрузку. У часе, калі грамадства максімальна падзеленае ды геаграфічна расцярушанае, паставіць помнік «адзінству» — гэта сімпатычная магія. Загадаць жаданне, напісаць на паперцы і спаліць, каб збылося. Праграмаванне рэчаіснасці.
Кастрычніцкая плошча заўжды нагадвала помнік філасофіі дзэн-будызму, бо на ёй нічога не было. Канцэнтраваная адсутнасць, зэро. Нават пратэсты да 2020-га там выглядалі ніякавата: колькі людзей не збярэш, усё адно цяжка запоўніць гэты шэры кавалак тэрыторыі з экранам бліжэй да ўваходу ў метро. І гэта суперсімвалічна. Само жаданне запоўніць ідэйную пустку хоць нечым.
Але ў Бога ёсць пачуццё гумару, таму скульптура па цэнтры нагадвае Ніну Багінскую, якая неаднойчы хадзіла па гэтай самай плошчы з бел-чырвона-белым сцягам. Магчыма, скульптар Касцючэнка ці сам міністр Маркевіч — таксама падпольшчыкі і падымуць кілішак за саміх сябе 9 верасня.
Электронная база «Пантэон нацыянальных герояў» на тле папярэдніх пражэктаў выглядае блёкла. Паводле Маркевіча, база «павінна служыць для распрацоўкі сюжэтаў твораў маствацтва»... Няшчасныя творцы, маўляў, хацелі нарабіць бюстаў Цанавы і напісаць пра яго раманы, але — не ведалі скуль узяць інфармацыю. А зараз — праца закіпіць!
Стары прыём: запіхванне савецкага нафталіна ў магічную «электронную» абгортку. Чыноўнік, не разумеючы, як працуе інтэрнэт і колькі тут усяго ёсць, прапануе геніяльную ідэю — дадаць да чаго-кольвек прыдатак «электронны» або «ІТ», каб яно запрацавала. А яно — не працуе.
Затое, у адрозненне ад працы з матэрыялам, той жа скульптурай, сюды можна запіхнуць любы бюджэт. Бо яно ж электроннае — нябачнае. Не тоннамі металу вымяраецца. А як яго вымераць, хто ведае?.. Галоўнае — зацвердзіць і распісаць выканаўцаў.
***
Назіраючы ўсё гэта, нельга не пагадзіцца з Аляксандрам Шпакоўскім: эпоха Лукашэнкі сканчаецца. Усе гэтыя сівыя міністры ў шкляных пінжаках, чые прозвішчы мы нават не запомнім, надалей імітуюць бурлівую працу, спрабуюць адкусіць яшчэ кавалачак дзяржбюджэту. Але калі ў апошніх промнях сонца гэтай эпохі ў цэнтры Мінска ўсё ж з’явіцца «помнік Ніне Багінскай» — я за.
Алесь Кіркевіч, budzma.org