Гэткім лозунгам быў адзначаны ІІІ Фестываль навучальных гурткоў, які стаўся апошняй падзеяй ў межах IV Тыдня нефармальнай адукацыі і асветы “БЕЛАРУСЬ СУЧАСНАЯ”. У перыяд з 6 па 14 снежня 2008 г. у Мінску, Гомелі і Гародні адбыліся адукацыйных мерапрыемствы, прэзентацыі, дыскусіі, аб’яднаныя адной мэтай – прыцягнуць больш увагі да ролі нефармальнай адукацыі ў развіцці чалавечага, грамадскага, нацыянальнага і міжкультурнага патэнцыялу краіны і яе грамадзян.
У межах IV Тыдня нефармальнай адукацыі і асветы “Беларусь сучасная” ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Йаханэса Рау прайшло паседжанне навуковай кавярні “Адукацыя дарослых”. У сустрэчы ўзялі ўдзел больш за 30 прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, прыватных адукацыйных цэнтраў і дзяржаўных установаў павышэння кваліфікацыі. Тэма сустрэчы – адукацыя дарослых як прадмет адукацыйнай палітыкі – разглядалася ў двух аспектах: Месца і роля дадатковай адукацыі дарослых ў праекце Кодэкса аб адукацыі і Еўрапейскія тэндэнцыі і рэкамендацыі, выкладзеныя падчас падрыхтоўчай агульнаеўрапейскай канферэнцыі CONFINTEA VI, якая адбылася ў Будапешце 3-5 снежня 2008 г. У межах першага пытання фактычна распачалася грамадская экспертыза законапраекта, які хвалюе значную колькасць спецыялістаў і грамадзян. Таму паседжанне навуковай кавярні – першы крок на шляху дзейнасці экспертнай групы, якая зоймецца распрацоўкай канцэптуальных прапановаў па развіццю сбалансаванай і адпавядаючай сучасным патрэбам сістэмы адукацыі дарослых.
Падчас Тыдня адбыліся адукацыйныя семінары і дыскусіі для самых розных мэтавых груп: трэнінг па камунікацыі “Стэрэатыпы ў сучаснай Беларусі” ў Гродна, фотавыстава “Беларусь сучасная вачыма нямецкіх валантэраў” у Гомеле і фотавыстава “Жнівень 2008. Людзі ў зоне канфлікту” у Мінску, сустрэча-прэзентацыя адукацыйнай праграмы па правах чалавека “Права на кожны дзень” у Мінску, круглы стол “Суб’екты нефармальнай адукацыі пра свой вопыт, паспяховыя практыкі, праблемы і перспектывы развіцця сферы нефармальнай адукацыі ў Гомеле”, прэзентацыя “Новыя медыі – новыя магчымасці” у Гродна.
Падведзены вынікі фотаконкурсу “Пра адукацыю – нефармальна” ў Мінску. Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы, а прыз сімпатый гледачоў атрымала работа Вольгі Пчолкінай “Jump”. Кампанія “Будзьма” таксама адзначыла шэраг фотаработ Вольгі Пчолкінай, а таксама здымак Насьці Кузьміч “У чаканні майстар-класа” .
Завяршальнай кропкай сталася правядзенне ІІІ Фестываля навучальных гурткоў. Фестываль стаўся традыцыйнай пляцоўкай для сустрэчы людзей, якія працуюць з формай навучальнага гуртка для дарослых. Прадстаўнікі адукацыйных арганізацый прадставілі свой вопыт правядзення навучальных гурткоў у форме прэзентацый і майстар-класаў па наступных тэматах: «Мая кар’ера», «Павер у сваю казку», «Як быць пісьменным спажыўцом?», «Калядная фларыстыка», «Экалогія жыцця», «Прырода і творчасць», «Беларускія паясы», «Выцінанка», «Гульнёвыя тэхналогіі пры правядзенні навучальнага гуртка», «Жаночае лідэрства». Непасрэдна ўдзельнікі майстар-класаў сваім галасаваннем выбралі лепшы майстар-клас Фестываля – пераможцам стаў Ігар Лапеха з майстар-класам «Мастацкія стылі беларускай архітэктуры». Тэме «Як павялічыць колькасць навучальных гурткоў у Беларусі?» быў прысвечаны круглы стол. Як адзначыла каардынатар праектаў па жаночаму лідэрству Алёна Вялічка: “Гурткі павінны працаваць з актуальнымі праблемамі, якія ёсць сёння. Напрыклад, праблемы жанчын, якія гадуюць дзяцей самастойна. Навучальны гурток як метад нефармальнай адукацыі дарослых грунтуецца на дэмакратыі і дае ўдзельнікам магчымасць у нефармальных абставінах абмеркаваць разнастайныя пытанні, дасягнуць разумення пэўнай праблемы або тэмы, а таксама стымуляваць асабісты рост і развіццё кожнага, знаходзіць усё больш прыхільнікаў сярод нефармальных адукатараў і пазітыўныя водгукі ўдзельнікаў”.
Арганізатары і ўдзельнікі Тыдня нефармальнай адукацыі маюць намер і надалей праводзіць мерапрыемствы такога характару, якія прапануюць шырокаму колу насельніцтва магчымасць даведацца пра прапановы і перспектывы адукацыі дарослых у Беларусі.